
иcтoчник: www.tribunapracy.by
Магчымасць правесці сённяшні працоўны дзень з дэпутатамі, пазнаёміцца з іх паўсядзённымі клопатамі і турботамі і павучыцца апошнія вырашаць у актывістаў Маладзёжнага парламента раёна з´явілася дзякуючы праекту ´Дэпутацкі партфель´ - асноўнай падзеі дня самакіравання, якім быў аб´яўлены другі дзень 1-га рэгіянальнага форуму ´Мясцовае самакіраванне ў Магілёўскай вобласці: Ініцыятыва. Адзінства. Дзеянне. Вынік´.
Мэта праекта - замацаванне на Бабруйшчыне працоўных кадраў, стварэнне патэнцыялу кіруючага складу праз азнаямленне лідараў маладзёжнага руху, кім і з´яўляюцца члены створанага пры райсавеце дэпутатаў Маладзёжнага парламента, з абавязкамі народных абраннікаў, спосабамі іх узаемадзеяння з вяскоўцамі на карысць і апошніх, і Прыбярэзінскага краю ў цэлым.
Як і прадугледжвалася праектам, сённяшні працоўны дзень члены маладзёжнага парламента правялі са старшынямі сельсаветаў. Дэпутацкімі партфелямі з моладдзю ´падзяліліся´ старшыні Бортнікаўскага, Брожскага, Вішнёўскага, Кавалёўскага, Цялушскага і Слабадкоўскага сельвыканкамаў.
Чым дакладна займаліся і якія ўражанні атрымалі, - маладыя людзі падзяліліся з нашым карэспандэнтам.
Яўген Болбас, загадчык метадычнага аддзела раённага Цэнтра культуры:
- Сумесна з в. а. старшыні Вішнёўскага сельвыканкама Сяргеем Буслом мы правялі сустрэчу з насельніцтвам, прыём грамадзян, дзе былі закрануты пытанні будаўніцтва, добраўпарадкавання пад´ездаў. На асобныя пытанні грамадзяне там жа атрымалі тлумачэнні, іншыя будуць вывучацца. Таксама мы правялі маніторынг цэн у вішнёўскай краме, наведалі мясцовую бібліятэку-клуб, абмеркавалі запатрабаванасць установы ў вяскоўцаў, паўдзельнічалі ў добраўпарадкаванні тэрыторыі, у прыватнасці, падправілі агароджу на могілках пасля ветралому. Уражанні - дэпутацкая работа нялёгкая, шматгранная, але, бясспрэчна, - патрэбная, бо ад яе залежыць дабрабыт людзей.
Анастасія Шылава, намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце ААТ ´Неўскі-Агра´:
- Я з в. а. старшыні Кавалёўскага сельвыканкама Генадзем Шырокім правяла прыём грамадзян. Выслухоўвалі праблемы і прапановы сяльчан, шукалі рашэнне праблемам. Паспрабаваць сябе ў ролі старшыні сельвыканкама мне было цікава нават таму, што даведалася пра пытанні, якія хвалююць жыхароў нашай мясцовасці. Ды і спазнаваць іншыя накірункі дзейнасці, атрымліваць новы вопыт, вучыцца - заўжды цікава.
Вольга Караткевіч, галоўны спецыяліст аддзела па адукацыі Бабруйскага райвыканкама:
- Сёння я спрабавала сябе ў ролі дэпутата, працуючы са старшынёй Цялушскага сельвыканкама Мікалаем Сакуном. Паўдзельнічала ў Савеце ГПАП пры сельвыканкаме, даведалася, чым займаецца савет, якія пытанні вырашае. Таксама мы правялі прыём грамадзян, вырашалі хвалюючыя мясцовае насельніцтва пытанні. Было цікава, захапляльна, пазнаваўча - спадабалася. Дакранулася да сутнасці дэпутацкай работы, клопатаў старшыні сельсавета. Ці была б разгубленая, калі б саму абралі дэпутатам? Думаю, не. Мы маладыя, крэатыўныя - з усім справімся.
У Бортнікаўскім сельвыканкаме прыём грамадзян і маніторынг цэн сумесна з в. а. старшыні сельвыканкама Веранікай Падаляк правяла старшыня Маладзёжнага парламента Анастасія Гацко :
У Брожы члены Маладзёжнага парламента Аляксей Хамічонак і Сяргей Салановіч правялі прыём грамадзян, сустрэчу з насельніцтвам, а таксама прынялі ўдзел у пасяджэнні Савета грамадскіх пунктаў аховы правапарадку :



У Вішнёўцы член Маладзёжнага парламента Яўген Болбас і в. а. старшыні сельвыканкама Сергей Бусел сустрэліся з насельніцтвам, правялі прыём грамадзян, маніторынг цэн, пазнаёміліся з паступленнем кніжных навінак у сельскую бібліятэку-клуб, а таксама папрацавалі на добраўпарадкаванні тэрыторыі сельвыканкама:



Анастасія Шылава, член Маладзёжнага парламента, і Генадзь Шырокі, в. а. старшыні Кавалёўскага сельвыканкама, сустрэліся з жыхарамі сельсавета:
Вольга Караткевіч, член Маладзёжнага парламенту, і Мікалай Сакун, старшыня Цялушскага сельвыканкама, правялі пасяджэнне Савета грамадскіх пунктаў аховы правапарадку :
Алена Сідарэнка, член Маладзёжнага парламента, і Анатоль Шэлег, старшыня Слабадкоўскага сельвыканкама, прынялі ўдзел ў круглым стале ´Разам мы сіла, разам мы ўлада!´:
Вынікі маладзёжнага праекта ´Дэпутацкі партфель´ у гэты ж дзень былі абмеркаваны на анлайн-нарадзе з удзелам прадстаўнікоў Магілёўскага абласнога, гарадскога, раённых Саветаў дэпутатаў, ідэалагічнага актыву вобласці, прадстаўнікоў Маладзёжных парламентаў розных узроўняў. Як было адзначана на нарадзе, дзень самакіравання сапраўды быў добрай задумкай: даў магчымасць маладым людзям паспрабаваць сябе ў ролі дэпутата - чалавека, абранага ў органы ўлады грамадзянамі і які прадстаўляе іх інтарэсы, абараняе іх правы. Цікаўнасць, з якой маладыя парламентарыі падыйшлі да новых для сябе абавязкаў, дае падставу разлічваць, што дэпутацкія паўнамоцтвы, упраўленчую работу, якая патрабуе свежых, крэатыўных ідэй, у будучым будзе каму перадаць і даручыць. Моладзь жа ў такім узаемадзеянні ўбачыла давер да сябе, сваіх магчымасцяў і выказала гатоўнасць садзейнічаць дэпутатам - прыносіць карысць жыхарам Прыдняпроўскага краю.