
иcтoчник: www.tribunapracy.by
Актыўна ўключыцца ў пасяўную кампанію, правесці яе ў аптымальныя тэрміны - такая задача пастаўлена перад аграрыямі раёна. Семінар-вучоба па пытаннях веснавой сяўбы з удзелам старшыні Бабруйскага райвыканкама Аляксандра Сухадольскага прайшоў на базе СВК ´Гігант´ сёння.
Кіраўнікам і галоўным спецыялістам сельгасарганізацый яшчэ раз нагадалі асноўныя патрабаванні да якаснага правядзення кампаніі. У дэталях распавялі і прадэманстравалі настройку тэхнікі -плугоў, пасяўных агрэгатаў, машын па ўнясенні мінеральных угнаенняў. Засяродзілі ўвагу на матываванасці працы работнікаў, данясенні да кожнага хлебароба ўмоў працоўнага спаборніцтва. Шмат увагі надалі пытанням стварэння бяспечных умоў працы на пасяўной - ад правядзення інструктажоў да забяспечанасці работнікаў палёў сродкамі індывідуальнай аховы. Не абыйшлі пытанне харчавання працаўнікоў, стварэння ´прафсаюзнай гарачай лініі´.
- У цэлым раён да пасяўной кампаніі гатовы. Тэхніка, машынна-трактарны парк гатовы на 96 працэнтаў. Маю на ўвазе не толькі тую тэхніку, што будзе задзейнічана ў пасяўной, але і звыш гэтай. Насеннем мы забяспечаны (на некаторае заключаны дамоўленасці) якасным, пад поўную патрэбу, з улікам страхавога фонду. Мінеральныя ўгнаенні маем на ўзроўні не ніжэй мінулага года - у межах 60 працэнтаў ад агульнай патрэбы, на першую і другую падкормку - 100 працэнтаў. Механізатарамі гаспадаркі ўкамплектаваны з разлікам па два на кожны энерганасычаны трактар: другі механізатар можа працаваць і ў іншым месцы, але пры патрэбе падменіць асноўнага. Вясна мае быць надзвычай кароткай. З сяўбой ранняй ярыны разлічваем справіцца за два тыдні, каб пасля плаўна перайсці на сяўбу кукурузы і далей - да нарыхтоўкі травянога корму. Так што ўсё мы для пасяўной маем, цяпер самае галоўнае - дысцыпліна: тэхналагічная, тэхнічная, працоўная, - адзначыў Аляксандр Сухадольскі.






Падрабязнасці чытайце ў наступным нумары раённай газеты.
Алена КАРПЕНКА. Фота Юрыя ЮРКЕВІЧА.