
иcтoчник: www.tribunapracy.by
Сельскагаспадарчая тэхніка, якую плануецца задзейнічаць у веснавых палявых работах, да выхаду ў поле практычна гатова - пра гэта паведамілі ва ўпраўленні па сельскай гаспадарцы і харчаванні Бабруйскага райвыканкама.
- На сённяшні дзень стопрацэнтна забяспечана пастаноўка на лінейку гатоўнасці тэхнікі, якая будзе задзейнічана ў палявых работах, у філіяле ´Харчавік-Агра´ ААТ ´Чырвоны харчавік-АграСэрвіс´, у філіяле ´Варатынь´ ААТ ´БЗТДіА´. СВК ´Гігант´ добра папрацаваў у гэтым плане. Завяршаецца падрыхтоўка ў ААТ ´Міхалёўская Ніва´, ´Неўскі-Агра´, ´Саўгас Кісялевічы´. Некаторая праблема маецца ў ААТ ´Агракамбінат Бабруйскі´, але мы яе актыўна рашаем і, упэўнены, да 25 сакавіка - такая задача пастаўлена Саветам Міністраў - і з гэтым справімся, - адзначыў намеснік начальніка райсельгасхарча Аляксандр Каўранін.
Аляксандр Мікалаевіч таксама паведаміў, што гаспадаркам раёна, якія ўваходзяць у ААТ ´БНБК-Агра´, дапамогу ў веснавых палявых работах будзе аказваць механізаваны атрад, створаны галаўным прадпрыемствам на базе машыннага двара вёскі Слабада. Для гэтых мэт набыта 6 энерганасычаных трактароў. Таксама робіцца стаўка і на іншую глебаапрацоўчую, пасяўную, корманарыхтоўчую тэхніку. Мехатрад ужо цалкам укамплектаваны механізатарскімі кадрамі. З 14 сакавіка сельгасарганізацыі пачнуць праходзіць тэхагляды - справіцца з гэтай работай у раёне разлічваюць за тыдзень-паўтара.
У веснавых работах будзе задзейнічана і новая тэхніка. У філіяле ´Варатынь´, да прыкладу, набылі машыну для ўнясення арганічных угнаенняў, у мінулым годзе нядрэнна абнавіўся сельгастэхнікай СВК ´Гігант´. У цэлым, па словах Аляксандра Каўраніна, тэхнікі ў раёне дастаткова, каб палявыя работы і сяўбу правесці ў агратэхнічныя тэрміны.
Зрэшты, першыя палявыя работы ўжо вось-вось пачнуцца. Пры ўсталяванні тэмпературы не ніжэй за нуль у поле выйдуць самаходныя машыны ´Раса´ - пачнецца падкормка калійнымі мінеральнымі ўгнаеннямі пасеваў азімай збажыны і рапсу.
Алена КАРПЕНКА. Фота носіць ілюстрацыйны характар.