
иcтoчник: www.tribunapracy.by
У тым, што якаснае насенне садзейнічае добрым ураджаям, у сельскагаспадарчым вытворчым кааператыве ´Гігант´ даўно не сумняваюцца. Займаючы перадавую пазіцыю не толькі ў раёне, але і на Магілёўшчыне па культуры земляробства і ўзроўні агратэхнікі, сельгаспрадпрыемства побач з іншымі профілямі ўпэўнена развівае вытворчасць і рэалізацыю высокаякаснага насення.
Дзякуючы ў тым ліку пастаяннаму сортаўзнаўленню год ад году паляпшае вытворчыя паказчыкі па ўраджайнасці і намалоце зерня каласавых. Сёлетні год у гэтым плане стаў паказальным - сярэдняя ўраджайнасць хлебнай нівы склала 57,2 ц/га. У тым ліку ўраджайнасць пшаніцы - 87,8 ц/га, трыцікале - 68,7 ц/га, ячменю - 32,9 ц/га.
Маючы дзве лініі па ачыстцы зерня, у Вялікіх і Малых Бортніках, праз іх сёлета збіраюцца прапусціць болей за 700 тон зерня - падрыхтаваць, з улікам уласнай патрэбы і на продаж, прыкладна 250 тон насення. Работы па ачыстцы ўжо вядуцца.
Замінку тут дапускаюць толькі ў вялікія маразы: электронныя пункты ўпраўлення, асабліва сэнсарнае абсталяванне ў Вялікіх Бортніках, пры тэмпературы ніжэй за 10 градусаў якасць работы зніжае. Праўда, улічваючы характар зімы, апошняе здараецца рэдка і ненадоўга, а высокія магутнасці ліній дазваляюць ачысціць неабходныя аб´ёмы нават пры мінімальнай падачы зерня на ачыстную сетку, што прадпрымаецца ў мэтах максімальнага адсейвання дробнага зерня і адбору высокай якасці, скарачэння выдаткаў на ачыстку.

Аляксандр Парахневіч і Аляксандр Храпко

Аляксандр Слабодчыкаў

Марыя Хурсан
- Ужо ачысцілі эліту гароху ´Жнівеньскі´, якога ў нас 70 тон - работы вяліся на лініі №1 у Вялікіх Бортніках, - дзеліцца дэталямі начальнік агранамічнай службы Аляксандр Парахневіч. - Цяпер там жа чысцім эліту яравога рапсу ´Верас´. Ужо маем 12,6 тон ачышчанага па першым разе - ад смецця і прымясяў. Другая ачыстка рапсу, якую будзем рабіць, мае на ўвазе адбор яго па каліброўцы, на аднароднасць фракцыі, што адпавядае патрабаванням высокай якасці насення. Пасля першай ачысткі плануем атрымаць прыкладна 43-44 тоны масланасення. Гэтую работу разлічваем завяршыць да сярэдзіны тыдня, каб затым прыступіць да ачысткі эліты гароху гатунку ´Марат´. На выхадзе яго таксама плануем атрымаць тон 70. Патрэба нашай гаспадаркі ў ´Мараце´ на наступны год - прыкладна 40 тон, астатнія 30 зможам рэалізаваць. ´Жнівеньскі´ ў асноўным будзем выкарыстоўваць для ўласных патрэб - высейвання адналетнікаў. Не ў чыстым выглядзе, а ў сумясях: недзе дабавім рапс, недзе проса - каб мець каштоўны спажыўны зялёны корм для дойнага статка.
На лініі №2 у Малых Бортніках у дзень нашага наведвання займаліся ачысткай ячменю ´Фэст´. На кожнай лініі працуюць па два чалавекі: загадчык лініі і адначасова кладаўшчык, які кантралюе працэс і цалкам за яго адказвае, а таксама аператар лініі. У Вялікіх Бортніках гэтыя абавязкі на вопытнай - працуе на аб´екце не адзін год - Кацярыне Віктараўне Вяроўкінай і маладым спецыялісце Аляксандры Дзмітрыевічы Слабодчыкаве, якога, як сам нам паведаміў, задавальняюць і работа, і заробак з умовамі пражывання. Кантроль за работай лініі ў Малых Бортніках ажыццяўляе Марыя Аркадзеўна Хурсан, абавязкі аператара - Аляксандр Іванавіч Храпко.
За размовай пра аб´ёмы насення, якое гаспадарка збіраецца рэалізаваць іншым раённым сельгасарганізацыям, Аляксандр Аляксандравіч заўважае, што вызначыцца на дадзеным этапе няпроста, і гэта не ёсць добра.
- Склалася практыка - і гэта для нас цэлая праблема - што дамовы на насенне арганізацыі не заключаюць своечасова, загадзя, што не дазваляе нам планаваць аб´ёмы і, як вынік, зніжае эфектыўнасць работы. Калі, скажам, мы ведаем, што ёсць дамова на 300 тон, значыць, гэтае зерне ачышчаем, адразу пратручваем і ўпэўнены, што яго забяруць. У адваротным выпадку насенне чысцім і ставім у мяхі. Пры ўзнікненні пакупніка зноўку загружаем на лінію, каб пратруціць, трацячы дадаткова і час, і сродкі. Да таго ж, магчыма траўмаванне некаторай часткі насення, што не лепшым чынам уплывае на яго якасць. Тое ж можна сказаць пра насенне, якое працяглы час стаіць у мяхах пратручаным. Так што для абодвух бакоў найлепшы варыянт- працаваць па своечасова зробленых дамовах.
Заключыць дамову на элітнае насенне з СВК ´Гігант´ добра б ужо цяпер ці адразу пасля навагодніх святаў. Форма аплаты прадугледжвае і разлік фуражом.
Акцэнтуючы ўвагу на рэпрадукцыйным складзе пасяўнога матэрыялу, у агранамічнай службе заўважаюць, што выкарыстоўваюць для ўласных патрэб выключна суперэліту, каб на наступны год мець магчымасць рэалізаваць элітнае насенне. І імкнуцца, каб штогод было сортаабнаўленне.
Як паведаміў начальнік Дзяржаўнай інспекцыі па насенневодстве, каранціне і ахове раслін Сяргей Казяба, усяго ў засекі раёна сёлета засыпалі 1272 тоны вораху зерня. На сёння 504 тоны з іх, ці 39% ад агульнага аб´ёму, ачышчана і атрымана 332 тоны чыстага насення.
Работы па падрыхтоўцы пасяўнога матэрыялу вядуцца практычна ва ўсіх сельгасарганізацыях. У асобных гаспадарках: філіяле ´Варатынь´ ААТ ´БЗТДіА´ і філіяле ´Харчавік-Агра´ ААТ ´Чырвоны харчавік АграСэрвіс´ - практычна завершаны, ачышчана адпаведна 80 і 84% вораху. У СВК ´Гігант´ ужо маюць 100 тон чыстага насення ці 23% ад патрэбы, у тым ліку 70 тон насення гароху і 30 ячменю. У ААТ ´Неўскі-Агра´ завяршылі чысціць грэчку - атрымана 47 тон чыстага насення, і прыступілі да ачысткі гароху.
Алена КАРПЕНКА.
Фота Юрыя ЮРКЕВІЧА.