Алена Блізнюк: ´Ніколі не пашкадавала, што прысвяціла сябе медыцыне´.

иcтoчник: www.tribunapracy.by

У час размовы з Аленай Мікалаеўнай Блізнюк, урачом-экспертам Бабруйскай гарадской паліклінікі №2, лаўлю сябе на думцы, што субяседніца нагадвае школьных настаўнікаў, якімі я асабліва захаплялася - прафесійна кампетэнтная, з шырокім кругаглядам, сціплая, ураўнаважаная, у меру строгая, духоўна багатая.

У сваіх меркаваннях не памылілася, бо прыкладна тымі ж словамі ахарактарызавала Алену Мікалаеўну кіраўніцтва БГП №2 - урач граматны, кампетэнтны, адказны, гатовы падставіць плячо калегам у рашэнні прафесійных пытанняў і разам з тым чулы, сумленны, спагадлівы чалавек. Неацэнныя якасці, згадзіцеся, у любой сферы дзейнасці, а ў педагогіцы і медыцыне асабліва, бо працаваць даводзіцца не толькі з чалавекам як фізічнай асобай, але і з яго душой.

Зусім не здзівіла, што сваю прафесію Алена Мікалаеўна ´вынасіла´ з дзяцінства - яшчэ адна адметнасць і еднасць сапраўдных педагогаў і медыкаў, бо выпадковыя людзі тут хутчэй нашкодзяць, чым прынясуць карысць. Адзінае, што стаяў выбар паміж медыцынай і ветэрынарыяй. Песціць сабачак і катоў, паіць і карміць іх было натуральным для маёй субяседніцы. У арсенале цацак і гульняў галоўнае месца займаў дзіцячы набор для лячэння.

Гады вучобы ў бабруйскай школе №14, якую дзяўчына скончыла з залатым медалём, дзіцячую мару толькі ўкаранілі. У пачатку 90-х Алена стала студэнткай, паступіўшы ў Гродзенскі дзяржаўны медінстытут. Практыку падчас інтэрнатуры па спецыяльнасці ´тэрапія´ праходзіла ў родным горадзе, у Бабруйск была размеркавана і пасля заканчэння вучобы.

З удзячнасцю згадвае гераіня аповеду першае працоўнае месца - Бабруйскую гарадскую паліклініку №4 і галоўнага ўрача Лілію Кашкараву, якая стала для маладога спецыяліста прыкладам прафесіяналізму, служэння абранай справе і па рэкамендацыі якой ёй, тады цэхаваму тэрапеўту (пацыентамі былі работнікі фабрыкі Халтурына) усяго з двухгадовым стажам даручылі адказную пасаду намесніка галоўнага ўрача па медыцынскай экспертызе і рэабілітацыі. ´Напэўна, нешта разглядзела ўва мне вопытны кіраўнік´, - з усмешкай заўважае субяседніца.

Як бы там ні было, а з лёгкай рукі старэйшай калегі Алена Мікалаеўна ў гэтай пасадзе больш за 20 год. Пасля паліклінікі №4 некаторы час працавала ў 7-й і вось ужо амаль 10 год - у раённай, як дагэтуль называюць БГП №2. Праўда, некалькі год таму назву пасады змянілі, і цяпер Алена Блізнюк - урач-эксперт. Яна ж - старшыня ўрачэбнай кансультацыйнай камісіі і медыцынскай вадзіцельскай камісіі.

Абавязкі ва ўрача-эксперта шырокія. Тая ж урачэбная кансультацыйная камісія праводзіцца штодня, акрамя серады, хоць у выключных выпадках і гэты дзень задзейнічаецца. Сярод асноўных функцый камісіі - кантроль за часовай непрацаздольнасцю грамадзян. ´Гэта калі ў чалавека працяглы лісток непрацаздольнасці і ў вызначаныя тэрміны ажыццяўляецца кантроль за яго абаснаванасцю: паўнатой абследавання, лячэння, рэабілітацыі пацыента´, - тлумачыць доктар. Яшчэ адзін накірунак - адбор пацыентаў з прыкметамі інваліднасці. На запытанне, ці не становіцца ў раёне болей людзей-інвалідаў у працаздольным узросце (усё ж такі мы перажылі кавід), Алена Мікалаеўна адказвае адмоўна: ´У апошнія гады сітуацыя наадварот стабілізавалася ў гэтым плане´. Яшчэ адным накірункам работы з´яўляецца выдача заключэнняў УКК па розных пытаннях, у прыватнасці, перавод цяжарнай жанчыны на іншую, больш лёгкую працу, перавод на іншую работу з выключэннем супрацьпаказаных фактараў, выдача заключэнняў непрацуючым грамадзянам, якія маюць праблемы са здароўем, забеспячэнне інвалідаў тэхнічнымі сродкамі сацыяльнай рэабілітацыі, выдача заключэнняў на прадастаўленне адраснай дапамогі на падгузнікі. Гэта тыя пытанні, з якімі, па словах Алены Блізнюк, жыхары раёна звяртаюцца ва УКК найбольш часта. Расказала доктар і пра тое, што шлях пацыента ад нямогласці да ўстанаўлення інваліднасці - не ў адзін дзень, як лічаць іншыя. А своеасаблівым сувязным паміж грамадзянінам і камісіяй з´яўляецца ўчастковы ўрач. Ён абследуе пацыента для ўстанаўлення дыягназу, пасля чаго праводзяцца лячэнне і рэабілітацыя. Пры неабходнасці, з улікам наяўных у грамадзяніна праблем, прызначаюцца кансультацыі ўрачоў-спецыялістаў. Пасля іх агляду і дыягностыкі праводзіцца дадатковае лячэнне. Калі і яно станоўчага выніку не дало і ў чалавека захоўваюцца парушэнні, абмежаванне жыццядзейнасці, урач накіроўвае пацыента на УКК для афармлення накіравання на медыка-рэабілітацыйную экспертную камісію (МРЭК). Пры гэтым Алена Мікалаеўна нагадвае, што інваліднасць - не прыгавор. Ёсць інваліды 1-й і 2-й груп, якія працуюць і сацыяльна актыўныя. Усё залежыць ад таго, якія мэты чалавек перад сабой ставіць.

Трэба адзначыць, што аналізаваць - не толькі прафесійны абавязак Алены Блізнюк, але і склад яе натуры. Падзялілася Алена Мікалаеўна і тым, што засмучае яе як чалавека. Гэта падыход некаторых грамадзян да састарэлых родзічаў. ´Пажылыя людзі, як і малыя дзеці, патрабуюць павышанай увагі. І гэтак жа, як дзеці, яны адчуваюць утульнасць, калі догляд ажыццяўляюць родныя. Практыка перакладваць гэтую функцыю на чужых людзей, адгаворваючыся занятасцю ці незгаворлівасцю старых, для мяне абсалютна непрымальная´, - кажа субяседніца.

Хоць медыцына прыкавала цесна, дома Алена Мікалаеўна дазваляе сабе не быць урачом. Там яна - жонка і маці двух дарослых сыноў. Маладыя людзі атрымалі вышэйшую адукацыю.

Адзін з сыноў звязаў прафесійнае жыццё з колішняй матулінай марай - асвоіў ветэрынарыю, другі пайшоў па бацькавай дарозе - праграміст.

Як любіць бавіць час урач-эксперт? Ніколі не здагадаецеся! У вольную хвіліну Алена Мікалаеўна... садзіцца за фартэпіяна. Захапляючыся музыкай, яна, як і бацькі, выдатна спявае і любіць рабіць гэта пад уласны акампанемент. А яшчэ з задавальненнем займаецца раслінамі - кактусы не толькі па ўсёй кватэры, але і ў працоўным кабінеце доктара. У зімовыя дні - звычка з маленства - не стамляецца напаўняць кормам птушыныя кармушкі. Здараюцца і падарожжы - па Беларусі, блізкім і далёкім замежжы. Незабыўнае ўражанне, як кажа доктар, пакінула Грузія - песенным шматгалоссем гэтай краіны Алена Мікалаеўна даўно захапляецца.

... Вяртаючыся да медыцыны, пытаюся ў доктара пра надзённае - складанасці ў рабоце і тое, ці лічыць дастатковым свой заробак? Адказ чамусьці не

здзівіў. ´У плане грошай ніколі не адчувала сябе недаацэненай. Яшчэ будучы цэхавым урачом, з разуменнем ставілася да таго, што ўчастковаму плацяць болей: працуе ён у меней камфортных умовах. Што да складанасцяў у рабоце, то асабліва я іх не адчуваю. Калі любіш справу, якой займаешся, калі любіш людзей, з якімі працуеш, - складанасцяў не будзе. А медыцына - гэта маё жыццё. Ніколі не пашкадавала, што прысвяціла сябе менавіта гэтай галіне´.

Алена КАРПЕНКА. Фота аўтара.