Участковы інспектар міліцыі адказаў на пытанні вяскоўцаў

иcтoчник: bobruisk-rik.gov.by

Прыём грамадзян Цялушскага сельсавета правёў у сераду старшы ўчастковы інспектар Бабруйскага РАУС Аляксандр Шавялёў - мерапрыемства прайшло ў пабудове сельвыканкама.

Такая форма ўзаемадзеяння міліцыі і сельскіх жыхароў стала традыцыйнай. Яна наладжана ў мэтах папярэджання злачыннасці на падведамаснай тэрыторыі, зняцця хвалюючых грамадзян пытанняў. Непасрэдна Аляксандр Шавялёў гатоў адказаць на пытанні сяльчан адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі, у якую ўваходзіць 11 населеных пунктаў, штосерады з 10 да 13 гадзін.

- Наведвальнікаў на прыёмы прыходзіць не сказаць каб многа, - расказвае ўчастковы інспектар, - у міліцыі з вяскоўцамі і без таго цеснае ўзаемадзеянне. Сёння, у прыватнасці, жыхар Ступянёў прыйшоў за парадай, як правільна паступіць, каб і самаму не застацца ў накладзе, і не мець пазыкаў перад падатковай інспекцыяй. Ужо два гады як па рашэнні суда на яго транспартны сродак накладзены арышт, адпаведна вясковец не мае права ім карыстацца і не карыстаецца, хоць той на ім лічыцца. У грамадзяніна ўзнікла пытанне - ці трэба плаціць транспартны падатак за аўто і як правільна ў дадзенай сітуацыі паступіць. Чалавеку патлумачана, што ў яго сітуацыі варта звярнуцца ў суд за дакументам, які б засведчыў, што на транспартны сродак накладзены арышт. Пасля гэтага дакумент, які пацвярджае рашэнне суда, прадаставіць у падатковую інспекцыю.

Пытанні сваёй кампетэнцыі Аляксандр Мікалаевіч здымае, як кажа, і падчас штодзённых размоў з грамадзянамі, наведваючы тых па месцы жыхарства. Разам з іншым не стамляецца тлумачыць людзям, асабліва састарэлым, як паводзіць сябе ў сітуацыі, калі тэлефануюць машэннікі і прапаноўваюць перадаць грошы - гэтая тэма цяпер надзвычай актуальная, як не стаць мішэнню злодзеяў, як не справакаваць пажаранебяспечную сітуацыю. Пад пастаянным кантролем міліцыі грамадзяне, якія злоўжываюць спіртнымі напоямі, вядуць асацыяльны лад жыцця, раней асуджаныя. ´Радуе, што з кожным годам такіх грамадзян, у тым ліку абавязаных па Дэкрэту № 18, на ўчастку становіцца меней. Прыемна назіраць за тымі, хто, пабываўшы ў лячэбна-працоўным прафілакторыі, знайшоў у сабе сілы перамагчы цягу да спіртнога - працуе, паставіў сабе за мэту палепшыць якасць жыцця і ўпарта да яе ідзе´, - падзяліўся разважаннямі Аляксандр Шавялёў.