Дэкрэт аб міры - першы дакумент савецкай улады.

иcтoчник: www.tribunapracy.by

Надыйшла чарговая дата Кастрычніцкай рэвалюцыі - афіцыйнага свята ў Рэспубліцы Беларусь. Гэта не толькі нагода для ўрачыстых мерапрыемстваў у знак пашаны да падзей, у выніку якіх былі вызвалены мільёны рабочых і сялян былой Расійскай імперыі (у тым ліку і беларусаў) ад векавога прыгнёту і эксплуатацыі, але і нагода ўспомніць падрабязнасці тых далёкіх дзён.

Хочацца засяродзіць увагу на адным з першых дакументаў, выдадзеных новай уладай Саветаў. Размова аб знакамітым Дэкрэце аб міры. Ён быў прыняты на ІІ Усерасійскім з´ездзе Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў у Петраградзе 8 лістапада 1917 года, праз некалькі гадзін пасля ўзяцця Зімняга палаца, нізлажэння буржуазнага Часовага ўрада. На месцах яшчэ не паспела ўсталявацца ўлада бальшавікоў, яшчэ ўвогуле па краіне не сфарміраваліся ў поўнай меры яе структуры, а Дэкрэт аб міры ўжо з´явіўся на свет. Чаму ён быў прыняты так тэрмінова і ў чым заключалася яго вострая неабходнасць?..

Перш-наперш новую дзяржаву немагчыма было будаваць на фоне Першай сусветнай вайны, у якую народы Расіі былі ўцягнуты царскім урадам. Яна прынесла бессэнсоўныя і велізарныя страты і гора. Голад, бежанцы, разбурэнне гарадоў і вёсак на заходніх тэрыторыях краіны, фінансавы крах, заняпад сельскай гаспадаркі і прамысловасці - вось што нарабіў удзел народа ў барацьбе за інтарэсы цара. Мікалай ІІ, а потым Часовы ўрад не маглі адмовіцца ад палітыкі імперыялізму, не хацелі спыняць баявых дзеянняў з Германіяй і дамагацца міру - часткова таму, што былі звязаны саюзніцкімі абавязацельствамі з краінамі Антанты. І не можа не выклікаць абурэнне і гнеў бесчалавечнасць, з якой дваранства і буржуазія адносіліся да свайго народа. Толькі за два з паловай гады вайны царскі ўрад мабілізаваў на фронт 14 млн. 375 тыс. чалавек, што складала 47,4% усіх працаздольных мужчын дзяржавы. Загінула і трапіла ў палон 5,5 млн. чалавек, яшчэ 5,7 тыс. атрымалі раненні, многія з іх на ўсё жыццё засталіся калекамі.

У адной з бальшавіцкіх пракламацый ваеннага часу адзначалася: ´Жить стало невозможно. Нечего есть. Не во что одеться. Нечем топить. На фронте кровь, увечье, смерть. Набор за набором. Поезд за поездом, точно гурты скота отправляются наши дети и братья на человеческую бойню. Нельзя молчать!´.

Яшчэ ў 1915 годзе партыя бальшавікоў узялася за падрыхтоўку праграмы міру, якая б садзейнічала выхаду краіны з Першай сусветнай. Але такая праграма не магла быць рэалізавана пры існуючай уладзе. У.І. Ленін зазначаў: ´Наша программа должна состоять из разъяснений того, что империалистские державы и империалистская буржуазия не могут дать демократического мира. Его надо искать и добиваться... в социалистической революции пролетариата. Ни одно коренное демократическое требование неосуществимо сколько-нибудь широко и прочно в передовых империалистических государствах иначе как через революционные битвы под знаменем социализма´.

Таксама бальшавікі разумелі: справа міру - гэта не толькі справа ўрадаў ваюючых краін, але і іх народаў. У прынятым і апублікаваным у лістападзе 1917 года Дэкрэце новая ўлада Расіі звяртаецца да рабочых трох вялікіх дзяржаў-удзельніц вайны - Англіі, Францыі і Германіі. Яна напамінае ім аб вялікім гістарычным укладзе ў справу стварэння і развіцця пралетарскіх арганізацый у Еўропе, аб стойкай барацьбе еўрапейскага пралетарыяту за правы працоўных. Адзначалася, што гэтыя прыклады пралетарскай гераічнасці будуць служыць парукай за тое, што рабочыя гэтых краін зразумеюць ускладзеную на іх гісторыяй задачу вызвалення чалавецтва ад жахаў вайны і яе наступстваў, і сваёй энергічнай дзейнасцю дапамогуць Расіі паспяхова давесці да канца справу міру.

Дэкрэт аб´яўляў вайну самым вялікім злачынствам супраць чалавецтва. У ім прапаноўваўся мір паміж ваюючымі народамі без анэксіі тэрыторый і без кантрыбуцый, са свабодным самавызначэннем прыгнечаных нацый наконт таго, у склад якой дзяржавы ім увайсці пасля спынення баявых дзеянняў. Сапраўды, то быў маніфест дэмакратычнага міру ў самым шырокім сэнсе.

Вялікае значэнне прынятага дакумента, яго шырокая публікацыя ў Расіі вымусілі абнародаваць яго і ў Еўропе. Але кіраўніцтвы капіталістычных краін імкнуліся прынізіць яго неабходнасць. Цэлых два тыдні ніводная дзяржава не адгукнулася на прызыў Расіі. Засталіся без адказу і ноты Народнага камісарыята замежных спраў. Новай уладзе давялося весці барацьбу на абодвух франтах. Акрамя ігнаравання мірнай прапановы саюзнымі краінамі і Германіяй, у Расіі на месцах таксама былі праціўнікі Дэкрэта. Адмовіліся выконваць распараджэнні бальшавіцкага ўрада такія важныя і неабходныя ў той момант структуры, як былое Міністэрства замежных спраў і дыпламатычная служба. На фронце галоўнакамандуючы генерал Духонін не выконваў загадаў па спыненні баёў. Патрабавалася хутчэйшая замена ўсіх гэтых кадраў. Выступілі супраць Дэкрэта і прадстаўнікі розных партый, застаўшыхся ад часоў царызма, контррэвалюцыянеры, афіцэры былой царскай арміі, і нават у Цэнтральным камітэце бальшавікоў не было адзінства... Але ўсё ж перамогу атрымала менавіта ленінская ідэя. Гэта Ленін пісаў тэкст Дэкрэта.

Дазнаўшыся аб мірных прапановах Расіі, захваляваўся рабочы клас Еўропы, які ўбачыў у іх увасабленне сваіх доўгіх надзей. Прэм´ер-міністр Англіі Д. Ллойд Джордж сведчыў: пазіцыя рабочага ўрада Расіі выклікала сур´ёзнае бражэнне сярод рабочых на англійскіх фабрыках і заводах. І такое адбывалася не толькі ў Англіі. Урады еўрапейскіх краін пазіралі, як пад праўдай і шчырасцю тэкста Дэкрэта рушацца фальшывыя лозунгі аб справядлівасці Першай сусветнай вайны, якімі яны падманвалі свае народы, каб апраўдаць захопніцкую палітыку. Перамены ў настроі грамадзян Еўропы непакоілі мясцовае кіраўніцтва, але поўнасцю ігнараваць іх меркаванні, як гэта адбывалася раней, яно ўжо не магло.

Нарэшце пачаліся афіцыйныя мірныя перамовы Расіі і Германіі, і ў канцы лістапада 1917 года працэс выхаду пакуль толькі Расіі з непатрэбнай і такой трагічнай вайны пайшоў. Як праходзілі перамовы з аўстра-германскай кааліцыяй, якім няпростым быў шлях для краін - усё гэта тэмы ўжо асобных артыкулаў, але галоўнае, аб чым аб´яўлялася ў Дэкрэце, было дасягнута. Вайна з Германіяй скончылася для Расіі падпісаннем Брэсцкага міру 3 сакавіка 1918 года. Дзяржавы Антанты яшчэ працягвалі вайну з Германіяй і падпісалі з ёй Версальскі мірны дагавор толькі ў 1919 годзе.

Вольга Русаковіч, даследчыца, г. Мінск.