
иcтoчник: www.tribunapracy.by
Занальная сустрэча вайскоўцаў са старшакласнікамі адбылася сёння. Яна прайшла на базе вайсковай часці 96869 (147 зенітны ракетны полк). Удзел у патрыятычным спаборніцтве прынялі 5 каманд з ліку вучняў 9-11-х класаў устаноў адукацыі г. Бабруйска, Бабруйскага, Глускага, Кіраўскага і Клічаўскага раёнаў.
Мерапрыемства пачалося з урачыстага пастраення на страявым плацу, падняцця Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь і выканання гімна краіны, што дадало значнасці і без таго знакаваму моманту: не кожны дзень юнакі маюць магчымасць пабываць на тэрыторыі аб´екта, дзе асвойваюцца навінкі вайсковай тэхнікі, забяспечваецца бяспека краіны, дзе і сябе адчуваеш далучаным да адказнай місіі.
Надзвычай захапляльным стала паказальнае выступленне кінолагаў Бабруйскага аддзела Дэпартамента аховы Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь. Не меней цікавым - інтэрактыўная экскурсія па аб´ектах ваеннага гарадка: музеі вайсковай часці, вучэбным корпусе зенітнага ракетнага палка, казарме, выставе ваеннай тэхнікі.
Цэнтральнае месца было адзведзена ваенна-спартыўнай квэст-гульні, дзе будучыя абаронцы Айчыны маглі праявіць свае здольнасці ў конкурсе па страявой падрыхтоўцы, у зборцы-разборцы аўтамата АК-74 на хуткасць, кіданні вучэбных гранат, у пераадоленні элементаў паласы перашкод, у інтэлектуальным квізе ´Адбылося гэта ў дні Вялікай Айчыннай вайны´.
Уражанняў школьнікі набраліся шмат, чым і падзяліліся:
Ілля Вілкс, Цялушская СШ:
- Мне тут цікава. Нам не толькі ў падрабязнасцях расказалі, але і паказалі быт тых, хто служыць у войску. Цікава было паслухаць пра тэхніку, пра яе магчымасці. Я раней тут быў, але сёння асабліва звярнуў увагу на казармы, на тое, як усё прыстасавана для камфортнага жыцця. Спадабаўся інтэрактыў ды і ўвогуле сама гульня. Ці пайду сам служыць у войска? Наўрад ці: збіраюся пасля школы паступіць у Акадэмію МУС і службу буду несці там.
Яўген Ступень, Цялушская СШ, камандзір каманды Бабруйскага раёна:
- Болей іншага спадабалася разбіраць і збіраць аўтамат. Гэта для мяне не новае: ужо неаднойчы бываў на экскурсіях у воінскіх часцях. Спадабалася таксама, як кінолагі дэманстравалі сваю работу... Уласна я да службы ў войску стаўлюся станоўча і гатовы паспрабаваць сябе ў гэтым. Цяпер служаць многія мае сябры. Адным падабаецца, другім - не надта. Але сам я да службы маральна гатовы, мне гэта цікава.
Аляксей Ігнаценка, Туголіцкая СШ:
- Мне найбольш спадабалася кіданне гранат. Таксама вельмі цікава было пераадольваць паласу перашкод. Чай спадабаўся, які давалі бясплатна (усміхаецца) - сапраўдны салдацкі і такі смачны, салодкі. Разборка і зборка аўтамата, вядома ж. Як стаўлюся да службы ў войску? Нармальна. Але сам хацеў бы адразу ж пайсці на кантракт, такое магчыма, я даведваўся. Лічу гэта зручным: атрымліваеш заробак, маеш магчымасць наведацца да родных...
А вось меркаванне адносна вартасці сустрэч на тэрыторыі часці старэйшага пакалення:
Намеснік камандзіра 147-га зенітнага ракетнага палка па ідэалагічнай рабоце падпалкоўнік Андрэй Краснагір:
- Лічу, што такія мерапрыемствы неабходна праводзіць, каб рабяты пазнаёміліся з побытам вайскоўцаў, паглядзелі ваенную тэхніку. Плюс гэта гульня, у форме якой яны паспрабуюць многія элементы: кіданне спартыўных гранат, паласу перашкод, разборку-зборку аўтамата, у інтэрактыўнай гульні паўдзельнічаюць... Гэта дае магчымасць юнакам пазнаць армію знутры, каб у далейшым не баяцца тэрміновай ваеннай службы і галоўнае - каб зацікавіліся паступленнем у вышэйшыя ваенныя навучальныя ўстановы.
Кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні Брожскай СШ Аляксандр Адзінец:
- Такія мерапрыемствы хлопцам патрэбныя. На ўроках мы хоць і ўдзяляем увагу страявой, агнявой фізічнай падрыхтоўцы, але сабраць і разабраць той жа аўтамат яны могуць паспрабаваць толькі ў воінскай часці - у школе мы гэта вывучаем на падставе нагляднасці ў вучэбніках. З-за таго, што юнакі не ўпершыню наведваюць воінскую часць, некаторыя, як вы бачылі, спраўляюцца з задачай даволі паспяхова. Так што ўзаемадзеянне з зенітным ракетным палком у нас цеснае і плённае.
Завяршылася сустрэча, як і пачалася, урачыстым пастраеннем, падчас якога былі падведзены вынікі ўдзелу каманд у ваенна-спартыўных спаборніцтвах. Прыемна адзначыць, што каманда Бабруйскага раёна - 20 вучняў Цялушскай, Туголіцкай і Брожскай школ - стала прызёрам ваенна-спартыўнай квэст-гульні, заняла ганаровае 3-е месца. Урачыстасці моманту ўзнагароджання дадаў святочны канцэрт ваеннага аркестра палка.
Варта адзначыць, што сустрэча вайскоўцаў са школьнікамі адбылася ў адпаведнасці з выкананнем плана мерапрыемстваў, прысвечаных Году гістарычнай памяці, у мэтах павелічэння эфектыўнасці грамадзянскага і ваенна-патрыятычнага выхавання падрастаючага пакалення. Арганізатары спаборніцтваў - упраўленне па адукацыі, спорце і турызме Магілёўскага аблвыканкама сумесна з вайсковай часцю 96869 пры садзеянні ўпраўлення па адукацыі Бабруйскага гарвыканкама і адзелаў па адукацыі Бабруйскага, Кіраўскага, Глускага і Клічаўскага райвыканкамаў.






Алена КАРПЕНКА. Фота Юрыя ЮРКЕВІЧА.