Праца - яе жыццё.

иcтoчник: www.tribunapracy.by

Пра Алену Піліпенка, дыспетчара ААТ ´Неўскі-Агра´ - гераіню чарговага аповеду аб людзях працы Бабруйшчыны, можна расказваць адначасова і шмат: у жыцці кожнага чалавека чаго толькі не здараецца, і коратка. Бо гады працы гэтая жанчына, не скажаш што пенсійнага ўзросту, аддала выключна сельскай гаспадарцы і працягвае служыць галіне. Менавіта служыць. Бо на працы яна без выходных і мала калі ў адпачынку. І так, як кажа, на працягу жыцця. Часцей брала грашовую кампенсацыю за водпуск і працягвала працаваць. Не наракаючы, не крыўдуючы на такі расклад, бо любіла і любіць сваю справу і адчувае вялікую за яе адказнасць.

Мая субяседніца лічыць сябе за тутэйшую: землі Варатыні, Доўгага Кліна, адкуль яна родам, і кавалёўскія, куды вось ужо два гады штодня прыязджае на работу, мяжуюць, жыхары аднаго аграгарадка працаўладкаваны ў другім і наадварот.

Пасля заканчэння Варатынскай школы дзяўчына з Доўгага Кліна вывучылася на бухгалтара ў Бабруйскім сельскагаспадарчым тэхнікуме (цяпер аграрна-эканамічны каледж) і прыехала працаваць у родную гаспадарку. Апошняе здавалася для Алены найлепшым варыянтам: надта цягнула на малую радзіму ды і хацелася набытымі ведамі памнажаць дабрабыт менавіта сваёй гаспадаркі, свайго куточка.

Тагачасны кіраўнік калгаса ´Варатынь´ Тумашэўскі сустрэў маладога спецыяліста ветліва. Працуючы па спецыяльнасці, пачынаючы бухгалтар выпісвала пуцявыя лісткі работнікам, налічвала заробную плату вадзіцелям. Пазней стала ў ´Варатыні´ за дыспетчара. На працягу не аднаго дзясятка год працавала ў гэтай пасадзе і пры Аляксандры Атрохаве, якога лічыла кіраўніком мудрым, дальнабачным, зацікаўленым у тым, каб гаспадарка развівалася, а людзі замацоўваліся на варатынскай зямлі. Гаспадарка шмат будавала добраўпарадкаванага жылля. Адзін з дамоў быў вылучаны і Алене Віктараўне.

У час, калі мая субяседніца пакінула працаваць у філіяле ´Варатынь´, яна ўжо была на заслужаным адпачынку. Як і многія на пенсіі, наважвалася адчуць асалоду ад таго, што не трэба нікуды спяшацца, збіралася больш часу надаць уласнай гаспадарцы, якая ад недахопу ўвагі звялася да дробнай птушкі. А некалі ж маці дваіх дзяцей (сын - механізатар гэтай жа гаспадаркі, дачка жыве ў Мінску, ёсць унучка) трымала на падворку і карову, і парсюкоў не па адным... Але калі ў дзень сыходу з ´Варатыні´ Аляксандр Атрохаў прапанаваў пасаду дыспетчара ў ААТ ´Неўскі-Агра´, якое ўзначаліў, не задумваючыся пагадзілася.

- Відаць, не прыйшла мне пара стаць сапраўднай пенсіянеркай, - усміхаецца Алена Віктараўна. - Тут жа ўключылася ў работу. І вось ужо два гады як дыспетчарствую ў гэтай гаспадарцы. Работу сваю вельмі люблю. І гэта не проста словы. Знаходзячыся на працы, адчуваю сваю патрэбу, значнасць. Нават на выходныя дні не застаюся дома. Перажываю - гарачая пара, раптам што дзе здарыцца, каму-небудзь з механізатараў спатрэбіцца тэрміновая дапамога - з тэхнікай рознае ж бывае - а я не на мехдвары, не валодаю поўнай інфармацыяй, хто на якім участку працуе, якія работы выконвае, каб як найхутчэй дапамагчы. Не, не магу я так. Для сябе, можа, і горш, але прывыкла ўсё рабіць на сумленне, з адказнасцю да даручанага. Таму заўжды на рабоце. Так мне камфортней і спакайней.

У абавязках Алены Віктараўны выпісванне пуцявых лісткоў вадзіцелям і трактарыстам, улік працоўнага часу работнікаў, прыём заявак: на паліва, запчасткі, іншае. На ёй і расклад - каго, калі і куды адвезці ці забраць, вырашэнне пытанняў з дапамогай, калі хто зламаўся... Работы шмат. І зразумець, ацаніць яе аб´ём можа толькі той, хто сам пабыў за дыспетчара.

- Штодзённая планёрка, дзе кожнаму ´наразаецца´ заданне - гэта адно. Але ж на працягу дня шмат што можа мяняцца ад розных акалічнасцяў. І каб не атрымалася неразбярыхі, на тое ёсць дыспетчар, які рэгулюе і напраўляе ход работ. Гэта і ёсць мой асноўны занятак, - удакладняе субяседніца.

З запалам, непадробнай зацікаўленасцю гаворачы пра працоўныя абавязкі, Алена Віктараўна раптам сумелася: ´А, ведаеце, і расказаць пра сябе няма чаго. Толькі праца. За жыццё пабывала адзін раз у Маскве і адзін у Польшчы. З экскурсіямі, якія некалі ладзіў калгас. Але калі тое ўжо было... ´.

Між тым, на пытанне, ці памяняла б што ў жыцці, калі б такая магчымасць чалавеку давалася, упэўнена адказала: ´Не! Вёску і сельскую гаспадарку я люблю, гэта маё, мне блізкае і роднае´.

І тут хочацца звярнуць увагу на адпаведнасць месцу старшыні пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі ААТ ´Неўскі-Агра´, галоўнага эканаміста Марыны Парохненка, з пасылу якой і адбылася нашая з Аленай Піліпенка размова. Як і мае быць прафсаюзнаму лідару - зацікаўленаму ў падтрымцы членаў пярвічкі, матэрыяльнай і маральнай, яна годна ацаніла ўнёсак гераіні аповеду ў работу сельскагаспадарчай галіны і, галоўнае, знайшла спосаб за гэта аддзячыць.

Нам жа застаецца пажадаць, каб у жыцці Алены Віктараўны быў яшчэ не адзін год працы ў блізкай яе складу і характару пасадзе і каб яна абавязкова пабывала ў яшчэ не адной цікавай паездцы-экскурсіі - набралася новых уражанняў, распавяла нам пра гэта.

Алена КАРПЕНКА.

Фота Юрыя ЮРКЕВІЧА.