
иcтoчник: www.tribunapracy.by
Дзень жывёлавода - гэта яшчэ адна магчымасць жывёлагадоўчых калектываў сабрацца ў прысутнасці кіраўніцтва, абагуліць напрацаванае за папярэдні перыяд, падзякаваць людзям за працу, адзначыць перадавікоў, засяродзіць увагу на праблемных баках вытворчасці і разам пашукаць спосабы іх вырашэння.
У СВК ´Гігант´ Дзень жывёлавода прайшоў 12 кастрычніка. У калектывах падвялі вынікі работы за верасень, выпрацавалі меры па павышэнні вытворчасці працы, адзначылі людзей, чые працоўныя намаганні прынеслі найбольшы плён. У прыватнасці, на малочна-таварнай ферме №1 перадавіком прызнана жывёлавод Наталля Валянцінаўна Фёдарава, чые валавыя прывагі на вырошчванні маладняку буйной рагатай жывёлы за папярэдні месяц склалі 55,80 ц, сярэднесутачныя прывагі па двух групах - 1128 г пры 100-працэнтнай захаванасці маладняку. На малочна-таварным комплексе адзначана лабарант па аналізе малака Таццяна Васільеўна Кушнярова. Нагода - добрасумленныя адносіны да працоўных абавязкаў. За гэта ж да перадавікоў па выніках верасня прылічаны і начны жывёлавод МТФ №2 Мікалай Мікалаевіч Хархаль. У кагорце тых, чый унёсак у галіну прызнаны найбольш значным, і жывёлавод МТФ №3 Вольга Уладзіміраўна Арцёмава. Дасягнутыя ёю за мінулы месяц валавыя прывагі на вырошчванні маладняку БРЖ склалі 54,20 ц, сярэднесутачныя прывагі - 825 г пры поўнай захаванасці маладняку.
У філіяле ´Варатынь´ ААТ ´БЗТДіА´ разам з вытворчымі пытаннямі падчас Дня жывёлавода абмеркавалі і асабліва актуальную на гэтую пару тэму пажарнай бяспекі. Інспектар сектара прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Бабруйскага гаррайаддзела па надзвычайных сітуацыях Яўген Тоўсцік нагадаў нескладаныя правілы выкарыстання печы - не перакальваць яе, пазбавіцца ад расколінаў, не дазваляць тапіць печы дзецям, не выкарыстоўваць вадкасці, якія лёгка запальваюцца, паклапаціцца пра перадтопачны ліст. У завяршэнне параіў выключаць электрапрыборы на час, калі ёсць неабходнасць пакінуць дом і памятаць пра бяспеку дзяцей.
Алена КАРПЕНКА.