Вераснёўская пара насычана справамі

иcтoчник: www.tribunapracy.by

Вераснёўская пара, як і штогод, насычана справамі на полі: адначасова з апошнімі ўборачнымі работамі вядзецца сяўба азімых раслін, працягваецца нарыхтоўка травянога корму для жывёлы.

Па дадзеных упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Бабруйскага райвыканкама, азімай збажыной на ўчарашні дзень было засеяна 6 859 гектараў або 67% ад запланаваных плошчаў, і гэтая работа працягваецца.

Набліжаецца да заканчэння ўборка кукурузы на сілас. Убрана 4 280 га ці 78% ад патрэбы пры сярэдняй ураджайнасці 210 ц/га. Пры гэтым найвышэйшая ўраджайнасць зялёнай масы дасягнута ў СВК ´Гігант´ - 349 ц/га, другі па велічыні паказчык у ААТ ´Міхалёўская Ніва´ - 291 ц/га. Нязначна ўступае філіял ´Варатынь´ ААТ ´БЗТДіА´ з паказчыкам 281 ц/га, у ААТ ´Неўскі-Агра´ - 251 ц/га.

Кукурузнага сіласу нарыхтавана без малога 65 тысяч тон ці 65% ад патрэбы. У цэлым жа травянога корму маецца 24,5 ц к. адз. на ўмоўную галаву жывёлы, што прыкметна пераўзыходзіць мінулагодні паказчык (19,7 ц к. адз.) на гэты дзень. Болей астатніх на ўмоўную галаву жывёлы нарыхтавана ў ААТ ´Саўгас Кісялевічы´ - 50 ц к. адз., і ў філіяле ´Харчавік-Агра´ ААТ ´Чырвоны харчавік АграСэрвіс´ - 34.

Працягваецца ўборка бульбы. Выкапана 204 гектары, што складае 32% плошчаў. Накапана 6 046 тон клубняў пры сярэдняй ураджайнасці 296 ц/га. Лідар па ўраджайнасці бульбы - СВК ´Гігант´, дзе ў сярэднім з круга ўзялі па 316 цэнтнераў клубняў.

Там, дзе сеялі цукровыя буракі - а гэта традыцыйна ААТ ´Міхалёўская Ніва´ і ААТ ´Неўскі-Агра´ - заняты зборам ураджаю. Салодкія караняплоды выкапаны на плошчы 201 гектар (29% ад патрэбы), накапана 6 330 тон пры сярэдняй ураджайнасці 315 ц/га.

Алена КАРПЕНКА. Фота Юрыя ЮРКЕВІЧА.