
иcтoчник: www.tribunapracy.by
З гэтым пытаннем мы звярнуліся да начальніка аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі Бабруйскага райвыканкама Ірыны Пракопчык.
Як падкрэсліла Ірына Геннадзьеўна, работа па падрыхтоўцы аб´ектаў да асенне-зімовага перыяду арганізавана на падставе комплексу мерапрыемстваў па падрыхтоўцы арганізацый Магілёўскай вобласці. Пачынаючы з мая па верасень раз на месяц праводзіліся пасяджэнні камісіі па каардынацыі правядзення падрыхтоўчых, прафілактычных і рамонтных работ, стварэнні запасаў паліва, абмяркоўваліся пытанні па падрыхтоўцы арганізацый, заслухоўваліся даклады кіраўнікоў на гэтую тэму. А пачынаючы са жніўня кантроль падрыхтоўкі да асенне-зімовага перыяду ажыццяўляўся штодня.
Недахопы ліквідаваліся
Усяго ў раёне патрабавалася зарэгістраваць 62 пашпарты гатоўнасці спажыўцоў цеплавой энергіі і 42 - цеплакрыніц. Усе яны на 1 верасня зарэгістраваны. Падчас падпісання пашпартоў гатоўнасці сельгасарганізацыямі асаблівая ўвага надавалася жывёлагадоўчым аб´ектам: спраўнасці электраправодкі, гатоўнасці ацяпляльных сістэм вытворчых і адміністрацыйных памяшканняў, крыніц цеплазабеспячэння, наяўнасці адказных за электрагаспадарку.
Варта адзначыць, што падчас падрыхтоўчых работ Бабруйскім міжраённым аддзяленнем філіяла Дзяржаўнага энергетычнага і газавага нагляду па Магілёўскай вобласці праводзіліся абследаванні прадпрыемстваў і арганізацый па пытаннях падрыхтоўкі да зімы - па тэхнічным стане, цеплавыкарыстанні, па выкананні правілаў тэхнікі бяспекі пры эксплуатацыі ўстановак, якія выкарыстоўваюць цяпло, і цеплавых сетак. Выяўленыя падчас праверак недахопы ў далейшым ліквідаваліся.
У выпадку надзвычайных сітуацый
На тэрыторыі раёна забяспечана работа адзінага тэлефоннага нумару 115 (прыём заявак ажыццяўляецца праз дыспечарскую службу УКВП ЖКГ ´Бабруйскжылкамгас´ г. Бабруйска з наступнай перадачай ва УКП ´Жылкамгас´), наладжана работа па прыняцці заявак ад грамадзян праз сотавыя аператары Life, А1 і MTC.
Для ліквідацыі надзвычайных сітуацый створаны дастатковы рэзервовы фонд з бензіну, дызельнага паліва, дранкі і асбестацэментных лістоў. Усё гэта захоўваецца ў ДРБУ-171 і УКП ´Жылкамгас´. На выпадак аварыйных сітуацый з парушэннем энергазабеспячэння на аб´ектах жыллёва-камунальнай гаспадаркі і іншых суб´ектах раёна маецца на балансе Жылкамгасу 5 аўтаномных крыніц энергазабеспячэння і дызель-генератар для кацельнай в. Слабодка. Рэзервовыя крыніцы энергазабеспячэння ёсць на балансе Каменскага псіханеўралагічнага дома-інтэрната і Бабруйскіх электрычных сетак. Пры гэтым у Жылкамгасе пастаянна функцыянуе аварыйная брыгада з неабходным запасам матэрыялаў і абсталявання, абменным фондам.
Нарыхтоўка паліва
Значным фактарам падрыхтоўкі да зімы з´яўляецца, вядома ж, нарыхтоўка паліва. Аддзел па адукацыі райвыканкама забяспечаны брыкетамі і дровамі цалкам. Аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і справах моладзі гэтая работа працягваецца, заключана дамова на пастаўку і таго, і іншага віду паліва да 1 кастрычніка. УКП ´Жылкамгас´ драўнянага паліва нарыхтавана 156% ад задання на 1 кастрычніка. Усе кацельныя прадпрыемстваў маюць накрыццё для яго захавання.
Ёсць, аднак, і праблемны бок - УКП ´Жылкамгас´ мае пратэрмінаваную запазычанасць перад пастаўшчыкамі драўнянага паліва, у прыватнасці - Бабруйскім і Глускім лясгасамі, якая ўзнікла ў асноўным з прычыны запазычанасці за прадастаўленыя камунальныя паслугі, у тым ліку насельніцтва (апошняя па стане на 1 жніўня склала 74,6 тыс. руб.).
Што датычыцца забяспечанасці палівам насельніцтва, то на 1 верасня праз Бабруйскі гаррайпалзбыт грамадзянам, пры патрэбе на год 1029 м. куб. дроў, фактычна рэалізавана 1304 м. куб. або 127%, паліўных брыкетаў - 1198 тон пры патрэбе 3108. На сёння ў чарзе на дровы ў гаррайпалзбыце 7 чалавек, на брыкет - 33. У месячны тэрмін ад часу заключэння дамовы пададзеныя заяўкі будуць задаволены. Прычым, на бягучы год у раённым бюджэце прадугледжаны асігнаванні на пакрыццё розніцы ў цэнах на цвёрдыя віды паліва, якія рэалізуюцца насельніцтву раёна, і часткі гандлёвай надбаўкі на суму звыш 403 тысячы рублёў. На пачатак верасня з раённага бюджэту гаррайпалзбыту накіравана болей за 205 тысяч або 51% ад гадавога прызначэння. Выдаткаванне розніцы з бюджэту вядзецца за фактычна адпушчанае паліва, згодна з разлікамі. Бабруйскім лясгасам таксама аказваецца насельніцтву паслуга па забеспячэнні іх драўняным палівам праз усе лясніцтвы.
Кацельна-цеплавая гаспадарка
Немалая работа праведзена па падрыхтоўцы кацельна-цеплавой гаспадаркі Жылкамгаса. З найбольш значнага - мадэрнізацыя цэнтральнай кацельнай на мясцовых відах паліва ў пас. Глуша, якая ў цэлым абыдзецца ў больш за 800 тысяч рублёў. Работы плануецца завяршыць да сярэдзіны кастрычніка.
Падрыхтоўка жыллёвага фонду, планавыя рамонты
Як і штогод, шмат увагі ўдзелена падрыхтоўцы жыллёвага фонду да ацяпляльнага сезону. У прыватнасці, забяспечана штоквартальнае правядзенне праверак стану дымавых і вентыляцыйных каналаў у жылых памяшканнях газіфікаваных шматкватэрных жылых дамоў. Выкананы капітальны рамонт 3 дамоў: у пасёлку Туголіца, вёсках Слабодка і Дойнічава, на суму 636,8 тысяч рублёў.
Ва ўстановах сацкультбыту праведзена паверка і рамонт кантрольна-вымяральных прыбораў, планавыя рамонты цеплаізаляцыі трубаправодаў і цеплавых вузлоў, іншае. Ва ўсіх вучэбных ўстановах маецца гарачае водазабеспячэнне і цэнтральнае ацяпленне. Праведзены рамонты накрыцця Каменскай і Брожскай сярэдніх школ, замена ваконных блокаў у Міхалёўскай, Каменскай і Цялушскай школах.
Запісала Алена КАРПЕНКА.