
иcтoчник: www.tribunapracy.by
Акцыі яшчэ двух адкрытых акцыянерных таварыстваў, якія знаходзяцца ва ўласнасці Бабруйскага раёна: ААТ ´Неўскі-Агра´ і ААТ ´Міхалёўская Ніва´, перададзены ў давернае кіраванне ТАА ´БНБК-Агра´ - дамову аб гэтым падпісалі сёння Бабруйскі раённы выканаўчы камітэт у асобе старшыні райвыканкама Аляксандра Сухадольскага і Таварыства з абмежаванай адказнасцю ´БНБК-Агра´ ў асобе дырэктара Надзеі Каткавец.


Па ўмовах дамовы, з сённяшняга дня і на працягу трох год ААТ ´Неўскі-Агра´ і ААТ ´Міхалёўская Ніва´, гэтак жа, як і адкрытыя акцыянерныя таварыствы ´Саўгас Кісялевічы´ і ´Агракамбінат Бабруйскі´ (дамова была падпісана раней), а таксама сельгасарганізацыі Глусчыны і Асіповіцкага раёна будуць удзельнічаць у забеспячэнні зернем кукурузы і збажыны Беларускую нацыянальную біятэхналагічную карпарацыю, а разам і рэалізаваць мерапрыемствы па павышэнні эфектыўнасці сваёй дзейнасці.
- Час, што прайшоў ад папярэдняй дамовы, паказаў, што станоўчае для раёна ёсць: у жывёлагадоўлі - прыкметны рост вытворчасці, не толькі захаваны, але створаны новыя працоўныя месцы, вырас заробак у працаўнікоў, - адзначыў кіраўнік раёна.
Надзея Каткавец, дзякуючы райвыканкам за садзеянне, заўважыла, што абавязацельствы, якія бралі на сябе бакі, выконваюцца, і запэўніла ў такім жа падыходзе ў далейшым.
Да слова сказаць, ТАА ´БНБК-Агра´ ўваходзіць у склад ЗАТ ´Беларуская нацыянальная біятэхналагічная карпарацыя´. Апошняе, у адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, рэалізуе маштабны экспартаарыентаваны і імпартазамяшчальны інвестыцыйны праект ´Арганізацыя высокатэхналагічнай аграпрамысловай вытворчасці поўнага цыкла на 2016-2032 гады´. У задачах ´БНБК-Агра´ - забяспечваць высокатэхналагічную вытворчасць уласным зернем, а разам і фінансава аздараўляць неплацежаздольныя сельгаспрадпрыемствы, укараняючы там прынцыпы тэхналагічнага падыходу да вытворчасці прадукцыі. Тым болей што перад АПК краіны па-ранейшаму стаіць задача нарошчваць вытворчасць сельгаспрадукцыі, якая, з аднаго боку, дазволіць мінімізаваць імпарт, забяспечваючы ўнутраныя патрэбы краіны, з другога - будзе экспартавацца за мяжу па канкурэнтаздольнай цане.
Алена КАРПЕНКА. Фота Юрыя ЮРКЕВІЧА.