У ААТ ´Міхалёўская Ніва´ завяршылі ўборку азімага ячменю.

иcтoчник: www.tribunapracy.by

Ураджай парадаваў - у сярэднім з круга ўзялі па 68 цэнтнераў!

- У нас гэта трэцяя спроба сяўбы азімага ячменю, і наша настойлівасць сябе апраўдала, - з усмешкай і адначасова гонарам заўважае дырэктар Алена Васільеўна Пацыенка. - Першы год ураджаю не дасягнулі, можна сказаць, ніякага, праўда, пасеялі тады толькі для цікавасці, пробы гектараў 7-8. Але духам не ўпалі. На восень пасеялі ізноў і атрымалі ўжо 43 цэнтнеры з гектара. Спадабалася, што рана атрымалі зерне - маглі падкарміць скаціну, і рана атрымалі салому - у нас летам заўжды яе недаставала на подсціл. Павесялелі, вядома ж. Вырашылі на наступны год плошчу пад расліну павялічыць, і ўжо сёлета да ўборкі ў нас мелася 105 гектараў. Ураджайнасць атрымалі добрую - 68 ц/га, намалацілі 714 тон зерня. Што пасадзейнічала ўраджайнасці? Лічу, многія фактары. І тое, што правільна падабралі, улічыўшы папярэднікі, палі, і што ўнеслі восенню ўгнаенні ў глебу, набылі якаснае насенне ды і надвор´е паспрыяла.

На будучы год, па словах дырэктара, плошчу пасеваў пад азімы ячмень у гаспадарцы плануюць падвоіць, таму зерне пасля дасушкі і ачысткі накіроўваецца на захаванне для выкарыстання ў якасці насення. Дасушка сёлета, як кажа Алена Пацыенка, актуальная: пачыналі ўборку пры вільготнасці зерня 16 працэнтаў, завяршаць даводзіцца (прайшлі дажджы) пры 20-ці. У цэлым збожжавы клінок азімых і ярыны складае ў гаспадарцы 2376 гектараў плюс 400 гектараў рапсу. Гэтая расліна наступная ў чарзе на абмалочванне. Але на падыходзе ўжо і пшаніца. Таму ўборачная пара ў ААТ ´Міхалёўская Ніва´ абяцае быць сапраўды гарачай.

У ААТ ´Міхалёўская Ніва´ завяршылі ўборку азімага ячменю.

Валянцін Тарасевіч і Андрэй Грабянюк

У ААТ ´Міхалёўская Ніва´ завяршылі ўборку азімага ячменю.

Сяргей і Мікалай Шынкарэнкі

Праўда, гэтая акалічнасць не ўяўляецца тут надзвычайнай: тэхніка маецца, людзі пастаўленую задачу ведаюць і настроены на яе вырашэнне. Галоўны аграном Сяргей Мікалаевіч Мартынчык, якога ў апошні ўборачны (ячменю) дзень засталі там жа на жніве, з гордасцю дэманструе новенькую зернеўборачную машыну, якой кіруе неаднаразовы перадавік Валянцін Рыгоравіч Тарасевіч (у памочніках Андрэй Георгіевіч Грабянюк), пералічвае адказныя экіпажы чатырох іншых зернеўборачных камбайнаў. Гэта Міхаіл Аляксандравіч Лаўрыновіч і Максім Мікалаевіч Слаўнікаў, Міхаіл Іванавіч Ганчароў і Эдуард Аляксандравіч Вежнавец, Анатоль Анатольевіч Кукабака і Мікіта Ігаравіч Юшкевіч, а таксама браты Сяргей і Мікалай Шынкарэнкі. Па меры неабходнасці экіпажаў будзе прыбаўляцца - у запасе яшчэ столькі ж зернеўборачных машын. Тое самае і з тэхнікай для перавозкі ўраджаю. Ячмень перавозілі выключна МАЗамі (Рыгор Аляксеевіч Дударэнка, Леанід Пятровіч Шынкарэнка, Леанід Уладзіміравіч Шкрадзюк), але пры патрэбе далучацца і трактары.

Галоўнае цяпер, як кажуць у гаспадарцы, - за надвор´ем. Таму пажадаем, каб яно было спрыяльным і каб надзеі, нялёгкая хлебаробская праца і немалыя матэрыяльныя выдаткі абярнуліся для калектыва важкім караваем.

У цэлым па раёне, па дадзеных Бабруйскага райсельгасхарчу на ўчарашнюю раніцу, азімага ячменю ўбрана 95% плошчаў, намалочана 2411 тон зерня пры сярэдняй ураджайнасці 47 ц/га. У лідарах па ўраджайнасці - ААТ ´Міхалёўская Ніва´ (68 ц/га), другі па велічыні паказчык у ААТ ´Неўскі-Агра´ (55 ц/га).

Алена КАРПЕНКА. Фота Юрыя ЮРКЕВІЧА.