
иcтoчник: www.tribunapracy.by
Напружаны тэмп работ, які спрадвеку задаваўся дзядамі і прадзедамі падчас касавіцы і які ўзведалі на сабе многія з нашых чытачоў, - мы спаўна адчулі, пабываўшы на сенакосах ААТ ´Саўгас Кісялевічы´ ў мінулую пятніцу. Едучы да месца дыслакацыі механізаванага атрада, дзе ад раніцы вяліся валкаванне і падборка са здрабненнем правяленай травы, аднаго за другім сустрэлі напоўненыя зялёнай масай аўтамабілі. Яшчэ адна адзінка тэхнікі-перавозчыка бегала побач з кормаўборачным камбайнам, чацвёртая - стаяла напагатове ў чаканні чаргі.
- Наша задача - не перасушыць траву, захаваць яе сакавітасць і закласці сянаж высокіх харчовых якасцяў, - кажа дырэктар ´Саўгаса Кісялевічы´ Валерый Аляксандравіч Сяргейчык. - Траву, што зараз падымаем і здрабняем, скасілі ўчора ўвечары. А тая, што зараз косім на суседнім полі, пры сённяшнім надвор´і да ўборкі будзе гатова літаральна праз гадзіну.

Аляксандр Зорын

Бажэна Максімовіч

Рыгор Зорын

Марына Капорына

Алег Дзікі

Фёдар Кантаеў
Ніна Бычкова
На сенакосах у межах пасёлка Юбілейны, дзе мы пабывалі 10 чэрвеня, касьба вялася другі дзень, у цэлым жа корманарыхтоўку пачалі тыдзень таму. Пры спрыяльным надвор´і першы ўкос мнагалетняй травы, якой тут 1200 га, і нарыхтоўку з яе 5000 т сенажу і 700 т сена збіраюцца завяршыць да Купалля: часу традыцыйнага заканчэння нарыхтоўкі сена з траў першага ўкосу. І гэта пры тым, як заўважае кіраўнік, што сёлетняя трава, як і іншыя расліны, з-за зацяжных халадоў па вясне выспяванне затрымала. У мінулым годзе на гэтую пару корму ў гаспадарцы было нарыхтавана прыкметна болей.
Праўда, апошняе не прычына для адчаю: травастой у ´Кісялевічах´ высокі і густы, таму запланаваныя з першага ўкосу аб´ёмы корму, як з упэўненасцю адзначыла галоўны аграном Марына Леанідаўна Капорына, у гаспадарцы будуць нарыхтаваны. Запэўніванне, трэба сказаць, небеспадстаўнае: сенакосы паўсюдна бабова-злакавыя, з канюшынай і люцэрнай, да таго ж мнагалетнікі дзеля добрага росту своечасова, у адпаведнасці з тэхналогіяй, падкармілі.
Задачу - своечасова ўправіцца з корманарыхтоўкай, у саўгасе ёсць каму ажыццяўляць. Добрыя памочнікі кіраўніку і галоўнаму аграному - вопытныя, загартаваныя ў працы механізатары і вадзіцелі. Непасрэдна на касьбе заняты Аляксандр Рыгоравіч Зорын. Валкаваннем травы займаецца Фёдар Аліханавіч Кантаеў. Падборку і здрабненне ажыццяўляе Аляксандр Аляксандравіч Курловіч. На перавозцы зялёнай масы занятыя Алег Мікалаевіч Дзікі, Руслан Генадзьевіч Рудзянок, Аляксандр Дзмітрыевіч Каталосаў і Андрэй Дзмітрыевіч Надтачэй. Трамбоўкай сянажнай масы ў траншэі займаецца на трактары Амкадор Рыгор Анатольевіч Зорын. Тэхніка ў корманарыхтоўцы ўдзельнічае таксама і новая. Тыя ж граблі ГСР-11 для ´Саўгаса Кісялевічы´ прыдбала ААТ ´БНБК-Агра´, у чыім даверным кіраванні знаходзіцца гаспадарка. На сродкі галаўнога прадпрыемства набыты таксама культыватар і акучнік для апрацоўкі міжраддзяў кукурузы КОН-5,6.
З улікам таго што кукуруза - асноўны інтарэс Беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыі, у чый склад уваходзіць ААТ ´БНБК-Агра´, а значыць, і ААТ ´Саўгас Кісялевічы´, у гаспадарцы болей чым удвая павялічылі, у параўнанні з папярэднім годам, пасяўныя плошчы расліны - 1360 га супраць 600 га. З удзелам у праекце дзяржаўнага значэння тут звязваюць надзею на паскоранае развіццё, што відавочна ўжо і цяпер. Не маючы недахопу ў сродках аховы, кукуруза добра развіваецца, даючы спадзяванне на высокі ўраджай па восені.
- Самае галоўнае цяпер - каб пасевы былі чыстымі, без пустазелля, - кажа дырэктар, - дзеля гэтага правялі хімпраполку, ажыццяўляем падкормку раслін.
Навідавоку станоўчыя змены і ў жывёлагадоўлі. Дасягнуўшы павелічэння прывагаў буйной рагатай жывёлы ў мінулым годзе, сёлета, пры адсутнасці дэфіцыту ў камбікармах, іх яшчэ павялічылі. А якасны травяны корм, які ў гэтыя дні так арганізавана нарыхтоўваюць, найлепшым чынам разнастаіць рацыёны цялятак і рагуль.
Алена КАРПЕНКА.
Фота Юрыя ЮРКЕВІЧА.