Раён уключыўся ў масавую касавіцу.

иcтoчник: www.tribunapracy.by

Да масавай касьбы траў першага ўкосу і нарыхтоўкі сенажу і сена прыступілі ва ўсіх без выключэння раённых сельгасарганізацыях. Каб удосталь забяспечыць жывёлу травяным кормам, раёну патрабуецца нарыхтаваць 77 000 тон сенажу і 8 300 тон сена (пра сілас пакуль гаворка не ідзе). Аб´ёмы немалыя і, зразумела, што, каб з імі справіцца: нарыхтаваць корму не толькі дастаткова, але і якаснага, трэба мець адпаведна пастаўленай задачы тэхніку.

У раёне, як паведаміў намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Аляксандр Каўранін, для мэт корманарыхтоўкі маецца ўсё неабходнае.

- У нас заданне - скасіць 10 260 гектараў сенакосаў. Для гэтага будзе задзейнічана 28 касілак, у тым ліку 8 шыроказахопных (9 і болей метраў, вытворчасцю 40 га ў дзень). Ёсць і новыя: 2 касілкі сёлета набылі ААТ ´Міхалёўская Ніва´ і адну шыроказахопную - філіял ´Варатынь´ ААТ ´БЗТДіА´. На касавіцы будзе задзейнічана 16 трактарных грабель, у тым ліку новыя (набыў за ўласныя сродкі СВК ´Гігант´ (9-метровыя), а таксама ´Міхалёўская Ніва´ і ´Саўгас Кісялевічы´ (6-метровыя). Гэтага дастаткова, каб і скасіць, і згрэбці неабходныя аб´ёмы травы за два тыдні, як патрабуе тэхналогія. Для здрабнення сянажнай масы магчымасці таксама ёсць. Плануем задзейнічаць 24 кормаўборачныя камбайны, у асноўным КВК-800, якіх 6 адзінак (у ´Міхалёўскай Ніве´ - новы), столькі ж - замежнай вытворчасці, астатнія - айчынныя КГ-6. Гэта значыць, парк камбайнаў пры наяўнасці паліва, адсутнасці паломак спаўна дазваляе правесці работы па корманарыхтоўцы ў аптымальныя тэрміны. Перавозку зялёнай масы будуць ажыццяўляць як аўтамабілі, так і трактары, у тым ліку новыя раскідвальнікі МТУ, якія здольны пераабсталявацца пад гэтую функцыю. Не выкліча праблем і трамбоўка зялёнай масы ў траншэях. Тут будуць працаваць як энерганасычаныя трактары, так і ´Кіраўцы´ ў асобных сельгасарганізацыях. Набылі ўсё неабходнае і для нарыхтоўкі сенажу па прагрэсіўнай тэхналогіі - у стрэч-плёнку. Для гэтага ў раёне маецца чатыры прэсы, у тым ліку новы, барысаўскага завода ´Металіст´, які да гэтага сезону набыў філіял ´Варатынь´. Так што ў цэлым раён уключыўся ў корманарыхтоўчую кампанію падрыхтаваным, - адзначыў Аляксандр Каўранін.

Што да кадраў механізатараў, якія суправаджаюць корманарыхтоўку, то іх у раёне, як было адзначана, таксама дастаткова. Сітуацыя можа некалькі ўскладніцца, калі да корманарыхтоўкі далучыцца жніво. Але, як паказвае практыка мінулых год, і гэтаму пытанню рашэнне заўжды знаходзіцца.

Сярод іншых палявых работ, што праводзяць у раёне на гэтую пару - хімпраполка кукурузы, цукровых буракоў, яравых збожжавых раслін, падкормка кукурузы і яравой збажыны, а таксама фунгіцыдная апрацоўка азімых яравых і рапсу.

Алена КАРПЕНКА.