У СВК ´Гігант´ вядуць догляд за пасевамі

иcтoчник: bobruisk-rik.gov.by

Каб разлічваць на добры ўраджай, расліну мала пасеяць, упісаўшыся ў аптымальныя тэрміны, прымяніўшы якаснае насенне - трэба яшчэ і якасна даглядзець. Для СВК ´Гігант´ гэта даўно пастулат, хіба толькі ўдасканальваюць тэхналогію ў залежнасці ад поля і ўмоў надвор´я.

На гэтую пару, па словах галоўнага агранома Уладзіміра Залужнага, доглядныя работы вядуцца ў адпаведнасці з планам. Нядрэнна перазімаваўшы, азімыя збажына і рапс з-за працяглай прахалоднай вясны не займелі асабліва хвароб, у той час як каранёвая іх сістэма ад дастатковай вільгаці і прыдатных для кушчэння тэмператур трывала развівалася. А пасля расліны атрымалі яшчэ і належную падтрымку ў выглядзе мінеральных угнаенняў.

- Зрабілі першую падкормку КАСам, пасля чатырнаццаці-дваццаці дзён - другую такую ж, і цяпер азімыя на выгляд, можна сказаць, на ´4´ балы. На сённяшні дзень, - удакладняе Уладзімір Аляксандравіч, - бо не ведаю, якім будзе далейшае надвор´е і як будуць развівацца расліны далей.

У падтрымку сваёй асцярожнасці вопытны спецыяліст прыводзіць меркаванне-заўвагу, якую некалі пачуў ад галандскага фермера і якая яму, як кажа, спадабалася сваёй дакладнасцю - у перыяд росту пасеваў казаць, што ячмень добры (менавіта пра яго вялася размова), як мінімум некарэктна, бо ячмень будзе толькі пасля збору ўраджаю, ачысткі зерня і закладкі насення, а пакуль гэта проста добра развітая зялёная маса.

Што датычыцца непасрэдна ´Гіганта´, то любая культура на гэты час, як кажа галоўны аграном, патрабуе догляду. З набыццём неабходных прэпаратаў не зусім проста, аднак работу з пастаўшчыкамі ў гаспадарцы нястомна вядуць і своечасова, у адпаведнасці з тэхналогіяй выконваюць доглядныя мерапрыемствы.

А вось якія дакладна мерапрыемствы правялі, праводзяць і намечаны на бліжэйшую перспектыву, распавяла малады і адказны, са слоў Уладзіміра Залужнага, аграном па ахове раслін СВК Ганна Малаковіч:

- Гэтым часам мы працуем са сродкамі аховы раслін: апрацоўваем азімы рапс, азімыя і яравыя збожжавыя расліны. Пазбаўляемся ад пустазелля, шкоднікаў і хвароб на іх. Апрацоўваем таксама гарох глебавым прэпаратам. Менавіта ў гэтыя дні прымяняем гербіцыды на гароху - уносім той, які стварае на глебе плёнку, дзякуючы чаму пустазелле, прарастаючы, гіне. Рапс цяпер у фазе цвіцення - у гэтую пару звычайна актывізуюцца шкоднікі. Таму апрацоўваем пасевы супраць іх. Пры гэтым праяўляем клопат пра мясцовых пчалаводаў. Перад тым як апрацаваць пасевы азімага рапсу, заўжды іх папярэджваем, бо хімія дрэнна ўплывае на пчол. Паведамляем пра гэта ў сельсавет, вяскоўцам, якія, як ведаем, займаюцца пчоламі. У далейшых планах апрацоўка кукурузы, яравой збажыны - у нас гэта ячмень, а таксама апрацоўка бульбы. Будзем засцерагаць іх ад хвароб, шкоднікаў і пустазелля.

Заўважым, што Ганна Малаковіч працуе ў ´Гіганце´ трэці год, так што ўжо, як з усмешкай заўважае, не малады спецыяліст. Прыйшла ў гаспадарку пасля заканчэння Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі, аграэкалагічнага факультэта. У трывалай гаспадарцы дзяўчына з гарадскога пасёлка Акцябрскі, што на Гомельшчыне, апынулася таму, што, атрымаўшы высокі бал дыплома, мела магчымасць быць у ліку першых на размеркаванні - выбары будучага месца работы. У ´Гіганце´ ёй усё падабаецца: абавязкі, жыллёвыя ўмовы, калектыў і заўжды гатовыя адгукнуцца і дапамагчы калегі-прафесіяналы. З мінусаў, як кажа, ненармаванасць рабочага графіка: праца ў выходныя не дазваляе часцей бываць у бацькоў, як хацелася б. ´Але ж такая ўжо спецыфіка сельскагаспадарчай вытворчасці,- з разуменнем заўважае малады аграном. - Напружанасць работ тут залежыць ад пары года і надвор´я, таму здараецца і раней пачынаць працоўны дзень, і пазней заканчваць, працаваць у суботу і нядзелю´. Пытанне - чым заняць сябе ў вольны час, перад маладым аграномам не стаіць: маючы вялікі інтарэс да шыцця, дзяўчына з задавальненнем прысвячае сябе гэтай справе. Зрэшты, Ганна - адна з тых, хто быў узнагароджаны на кірмашы ´Вясна-2022´ у пятніцу ў ´Гіганце´.

На фота: запраўка апрысквальніка перад апрацоўкай ячменю.