Лёгкага шляху не шукала.

иcтoчник: www.tribunapracy.by

Мы працягваем цыкл аповедаў пра людзей, якія дасягнулі высокіх вытворчых паказчыкаў і прызнаны па выніках 2021 года пераможцамі раённых спаборніцтваў.

Ілона Аляксандраўна Намочанка, з нядаўняга - начальнік фінансава-эканамічнага аддзела СВК ´Гігант´ - не першая сярод кагорты пераможцаў і, без сумнення, выбітная. Не толькі мадэльнай знешнасцю, але прагай да ведаў, упартасцю ў іх авалоданні, настойлівасцю ў дасягненні пастаўленых задач і адначасова... сціпласцю, характэрнымі для творчых натур душэўнай тонкасцю і мяккасцю. Яна і сама сябе прылічвае да такіх. Проста, як кажа, не рэалізавалася ў гэтым накірунку. Выбрала іншы - больш складаны, звязаны з лічбамі, прагнозамі, справаздачамі, і, як аказалася, яе шлях.

У пошуке прафесіі

Нарадзілася наша гераіня ў Бабруйску. Ні маці, ні бацька, якога дзяўчынка страціла ў маленстве, не былі звязаны з вытворчасцю і тым болей -сельскагаспадарчай. Аддаленае дачыненне да будучай прафесіі мела, як з усмешкай заўважае, хіба толькі бабуля. Працуючы дыетсястрой у школе, яна раз ад разу давала і маленькай Ілоне паклацаць на ўнушальных памераў калькулятары, ад чаго тая заўжды прыходзіла ў захапленне. Мару стаць мадэльерам (так-так, яна ў выпускніцы бабруйскай школы з мастацкім ухілам №28 сапраўды была) ушчэнт разбіла размова з матуляй, аўтарытэт якой быў непахісным, і яе довады набыць ´нармальную прафесію, з якой не прападзеш´.

Пошук установы вышэйшай адукацыі (апошняе для таленавітай выпускніцы было важным) прыйшлося абмежаваць: фінансы сям´і не дазвалялі вучыцца на платным аддзяленні, умовай было і пражыванне на час вучобы ў інтэрнаце. Вырашыць тое і другое магло б навучанне ў Бабруйску - філіяле БДЭУ, які на той час дзейнічаў, але прагнай да ведаў Ілоне хацелася пашырыць кругагляд, зведаць новага, паспрабаваць самастойнасці. Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт у Мінску, куды абітурыентка адна паехала падаваць дакументы, дакладнасці з паступленнем на прымальных для сям´і ўмовах не абяцаў, таму дзяўчына вырашыла не рызыкаваць і пераехала ў Горкі. Там, вытрымаўшы немалы конкурс, стала студэнткай Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі, прэстыжнага эканамічнага факультэта. Хоць на той момант, як кажа, не мела пра будучую прафесію ніякага ўяўлення.

Як апынулася ў ´Гіганце´?

Праз усё тую ж прагу да ведаў.

- Спецыяльнасці мы навучаліся на прыкладзе паказчыкаў, справаздач ды іншай дакументацыі сельскагаспадарчых арганізацый вобласці. Таму пра ´Гігант´ пачула ўжо тады. Праўда, нас папярэджвалі, што вучыцца лепей на гаспадарках, дзе фінансавыя паказчыкі не такія прывабныя, бо ´Гігантаў´ не так шмат у краіне і наўрад ці давядзецца ў такім прадпрыемстве працаваць. Гэта ў некаторай ступені заінтрыгавала, і калі прыйшоў час практыкавацца, вырашыла папрасіцца менавіта ў ´Гігант´. Сама стэлефанавалася з кіраўніком. Ён не адмовіў, сказаў толькі, каб асабіста наведалася для заключэння дамовы. Праўда, падпісаў паперу на хаду, бо некуды надта спяшаўся, - з усмешкай згадвае першае знаёмства з будучым кіраўніком субяседніца.

Сюды ж выпускніца акадэміі прыехала і на пераддыпломную практыку, з увагай пераймала вопыт галоўнага на тую пару эканаміста Вольгі Анатольеўны Кулік. Разглядзеўшы ў цікаўнай, настойлівай у авалодванні ведамі і адказнай практыкантцы задаткі добрага спецыяліста, Міхаіл Пятровіч Левакоў не адмовіў у месцы і пасля заканчэння вышэйшай установы. Праўда, папрацаваць другім эканамістам, як планавалася, Ілоне Аляксандраўне так і не давялося. Болей таго, прыйшлося заступіць на працоўнае месца без канікул, на месяц раней звычайнага: літаральна з першых дзён выконваць абавязкі далёка не другога эканаміста, бо іншага на той момант у гаспадарцы не было. ´Адразу налічэнне заробку, уборачная з яе расцэнкамі... Як у ваду кінулі - так дзяцей часцяком вучаць плаваць - і прыйшлося барахтацца, барахтацца і выплываць´, - расказвае яна.

Сёлета спаўняецца дзесяць год, як Ілона Намочанка ў ´Гіганце´. За гэты час, як кажа, усё было - і слёзы, і начныя трывогі, і намер месца работы пакінуць. Але падштурхоўвала ўсё тая ж прыроджаная адказнасць - як пакінуць недаробленае, на каго перакласці... І зноў садзілася за лічбы, начамі шукала адказ, чаму не сыходзяцца, і - вучылася, вучылася, вучылася.

- Спачатку крыўдавала на залішнюю, як тады здавалася, прыдзірлівасць кіраўніка. Цяпер жа ўдзячная Міхаілу Пятровічу за добрую школу, якую прайшла праз яго патрабавальнасць, любоў да дасканаласці, аналізу, абгрунтавання кожнай лічбы. І ўжо вучу (усміхаецца) іншых, маладых спецыялістаў, гэткаму падыходу. Хоць ведаць усё, асабліва ў нашай прафесіі, немагчыма: таму і самой даводзіцца звяртацца за падказкай, у тым ліку да спецыялістаў райсельгасхарчу райвыканкама, інспекцыі па працы, на электронную прававую пляцоўку. Праўда, у асноўным імкнуся адштурхоўвацца ад дакументаў і пастаноў - Працоўны кодэкс праз гэта праштудзіравала ўздоўж і ўпоперак. А вось не рэагаваць востра на заўвагі, не прапускаць кожную праз сэрца, так і не навучылася, - уздыхае яна.

Будні галоўнага эканаміста

Абавязкі ў галоўнага эканаміста, тым болей у сельгасарганізацыі, дзе не толькі традыцыйныя раслінаводства і жывёлагадоўля, а элітгаспадарка, насенневодства, свінагадоўля, бульбасховішча, камбікормавы завод, цэх па вытворчасці алеяў, імпарты, экспарты - надзвычай шырокія. Найперш гэта нармаванне - працы кожнага работніка, працоўнага часу, выдаткавання паліва... Аналітыка, цэнаўтварэнне, расцэнкі аплаты працы, матэрыяльнага стымулявання, распрацоўка прэміравання, разлік аказання паслуг - усе цэны ідуць ад эканамістаў. Набылі новую тэхніку - эканамісты разлічваюць ёй нормы выпрацоўкі. Зноў жа, рэжым працоўнага часу работнікаў, перапрацоўка - з прыходам Васіля Пятровіча Жука, як кажа, да гэтага надзвычай сур´ёзны падыход.

- Стараемся па-максімуме ўсё прадугледзець, улічыць. Аналітыка абавязкова - штораніцы падаем кіраўніку аналіз: колькі надоена малака, прададзена, якую атрымалі выручку, якая сярэдняя цана рэалізацыі, наколькі яна павялічылася ў параўнанні з леташнім годам, колькі асемянілі жывёлы, атрымалі маладняку і г. д. У нас на працэнтаў 80 аплата працы здзельная, гэта значыць, пастаянна нешта абнаўляецца пры налічэнні заробку. Вядома ж, у сувязі з гэтым у работнікаў здараюцца пытанні, і вельмі засмучае, калі да кансэнсусу прыходзім далёкім шляхам, калі даводзіцца чуць - а такое здараецца - што ´вы, эканамісты, нічога не робіце´. Зноў жа бізнес-план, аналіз гадавой справаздачы. СВК ´Гігант´ - гаспадарка шматпрофільная. З´явіўся, скажам, камбікормавы завод - і ў эканамістаў новае кола абавязкаў. Мы робім аналіз гаспадарчай дзейнасці ў агульным, а таксама па кожнай ферме, па кожным структурным падраздзяленні, па энергазберажэнні, па нармаванні паліўна-энергетычных рэсурсаў... Так што працуем, працуем, працуем. І той, хто лічыць, што ў эканамістаў толькі і справы, што сядзець за кавай, паверце, глыбока памыляецца, - кажа ў падвядзенне размовы субяседніца. І дзякуе кіраўніку Васілю Пятровічу, які не толькі іх, эканамістаў, прафесію належным чынам ацэньвае, але ставіцца гэтак жа да кожнай, нацэлены на тое, каб сумленная праца чалавека была і дастойна матэрыяльна ацэнена.

Сям´я і мары

Муж Ілоны Аляксандраўны, з якім яны разам навучаліся ў вузе, таксама некаторы час працаваў у ´Гіганце´, цяпер працуе на адным з прадпрыемстваў Бабруйска. Тут сям´я пабудавала жыллё, скарыстаўшыся дзяржаўным крэдытам. Сваю леташнюю мару - паехаць адпачыць, набрацца незабыўных уражанняў у якой-небудзь далёкай краіне, лепшы эканаміст раёна пакуль не ажыццявіла: то кавідныя абмежаванні перашкаджалі, то няпростая санкцыйная сітуацыя, складанасці ў суседняй краіне. Так што шчыра жадаем ёй зрабіць гэта сёлета. Пабываць, калі не за мяжой, то ў шматлікіх прывабных куточках нашай Беларусі. Бо добрая праца, як вядома, патрабуе і добрага адпачынку, незнарок жа кажуць - не хлебам адзіным жыве чалавек.

Алена КАРПЕНКА.

Фота Юрыя ЮРКЕВІЧА.