У ´Агракамбінаце Бабруйскі´ сеюць кукурузу.

иcтoчник: www.tribunapracy.by

Актыўна сеюць кукурузу ў ААТ ´Агракамбінат Бабруйскі´ (па стане на сённяшнюю раніцу пасеяна 1 296 га ці 24% ад плану), дзе пад расліну плануецца заняць каля 5 000 га (у мінулым годзе - 1 800 га), у тым ліку тры з паловай тысячы на зерне.

Пад расліну будуць заняты і тыя плошчы, што раней адводзілі пад яравыя збажыну і зернебабовыя. Надвор´е ўнесла карэктывы - да дажджоў тут паспелі пасеяць крыху болей за 60 га, а з надыходам пагодлівых дзён на мінулым тыдні на поле ля Рымаўцоў выйшлі адразу пяць сеялак, там жа вяліся работы па падрыхтоўцы глебы да ўнясення зерня.

У ´Агракамбінаце Бабруйскі´ сеюць кукурузу.

Ігар Сідараў - адзін з тых, хто сее ў гэтыя дні кукурузу

У ´Агракамбінаце Бабруйскі´ сеюць кукурузу.

Раман Савельеў падвозіць насенне кукурузы на поле

- І гэта пакуль не на поўную магутнасць працуем, сёння ў гаспадарку прыбудуць яшчэ чатыры новыя сеялкі, так што ў рабоце будуць задзейнічаны ўсе дзевяць, - кажа першы намеснік дырэктара ААТ Мікалай Гертман.

Ад яго ж даведаліся, што ЗАТ ´БНБК-Агра´, у чым даверным кіраванні з нядаўняга часу знаходзіцца ´Агракамбінат Бабруйскі´, паклапацілася забяспечыць раённае сельгаспрадпрыемства не толькі тэхнікай для сяўбы (з 9 сеялак уласных было тры), але і мінеральнымі ўгнаеннямі пад поўную патрэбу, і якасным насеннем, іншым неабходным.

Як мы раней пісалі, ААТ ´Агракамбінат Бабруйскі´ - адна з трох (яшчэ ААТ ´Стасеўка´ і ААТ ´Саўгас Кісялевічы´) гаспадарак Бабруйшчыны, якія, разам з шасцю сельгасарганізацыямі Глускага раёна, на падставе падпісанага ў сакавіку Пагаднення аб стратэгічным партнёрстве паміж Магілёўскім аблвыканкамам і ЗАТ ´Беларуская нацыянальная біятэхналагічная карпарацыя´ (БНБК) па фінансава-эканамічным аздараўленні сельскагаспадарчых арганізацый Глускага і Бабруйскага раёнаў, будуць займацца вырошчваннем кукурузы на зерне: удзельнічаць у рэалізацыі грандыёзнага праекту ў АПК Беларусі пад назвай ´Арганізацыя высокатэхналагічнай аграпрамысловай вытворчасці поўнага цыклу на 2016-2032 гады´. Мэта праекту - глыбокая перапрацоўка зерня па сучасных метадах біятэхналогіі з атрыманнем незаменных амінакіслот для вытворчасці і вываду на мясцовы і экспартны рынкі высокапрадуктыўных, збалансаваных камбікармоў і прэміксаў.

Як паведамляе mogilevnews.by са спасылкай на БНБК, ужо сёлета на землях 9-ці гаспадарак Бабруйскага і Глускага раёнаў плануецца пасеяць 20 тысяч гектараў кукурузы, у тым ліку 8 тысяч - на Бабруйшчыне. А да 2024 года - давесці плошчу пасеваў да 40 тысяч. У цэлым жа супрацоўніцтва сельгасвытворцаў і БНБК, як лічыцца, здолее выканаць асноўную задачу аграрнай галіны - зменшыць аб´ёмы імпарту і павялічыць экспартныя пастаўкі сельгаспрадукцыі.

Алена КАРПЕНКА. Фота Юрыя ЮРКЕВІЧА.