Будні галоўнага ветурача.

иcтoчник: www.tribunapracy.by

Сустракаючыся з жыхарамі Бабруйшчыны, працаўнікамі раённых арганізацый, не перастаеш здзіўляцца, як шмат людзей: іншых нацыянальнасцяў, рэгіёнаў Беларусі - у розныя часы і ў розным узросце - знайшлі тут другую радзіму і цяпер памнажаюць дабрабыт зямлі, якая дала прытулак, пускаюць на ёй карані. У ліку такіх і герой аповеду - Аляксандр Пятровіч Штыблер, галоўны ветэрынарны ўрач філіяла ´Варатынь´ ААТ ´Бабруйскі завод ТДіА´.

Упершыню з Аляксандрам сутыкнулася гадоў некалькі таму, калі ён толькі перайшоў у ´Варатынь´ з ААТ ´Неўскі-Агра´. Цяпер Аляксандр Штыблер - упэўнены ў сабе спецыяліст, які з гатоўнасцю дзеліцца прафесійнай кампетэнцыяй з калегамі. А ў мінулым годзе - прызнаны пераможцам раённага спаборніцтва ў намінацыі ´Лепшы па прафесіі´.

У цяперашняй пасадзе Аляксандр Пятровіч два з паловай сельскагаспадарчых сезоны. Усяго ж у ´Варатыні´ - тры гады. Да гэтага - амаль восем - аддаў ´Неўскаму-Агра´.

У працяг тэмы гасціннасці бабруйскай зямлі заўважу, што нарадзіўся мой субяседнік у Казахстане. Адтуль родам яго бацька, маці - з Белгарадскай вобласці Расіі. Калі ў краіне, дзе жылі, пачаліся складанасці, сям´я Штыблераў у канцы 90-х па прыкладзе суседзяў пераехала ў Беларусь, у вёску Бярозаўка Слаўгарадскага раёна Магілёўшчыны, дзе Аляксандр пайшоў у 5 клас. Пасля заканчэння школы паступіў у Клімавіцкі дзяржаўны аграрны каледж - вывучыўся на ветэрынара. Стажыраваўся, працуючы па размеркаванні, у адным з сельгаспрадпрыемстваў Глускага раёна, там сустрэў і сваю ´другую палавінку´.

Затым у біяграфіі Аляксандра была служба ў войску, дзе застаўся служыць па кантракце. Але пасля першага тэрміну, як кажа, прыняў рашэнне службу не працягваць: трэба было вырашаць жыллёвае пытанне, ды вярнуцца да набытай мірнай спецыяльнасці. Так прыйшоў у ААТ ´Неўскі-Агра´. У Кавалях маладая сям´я атрымала жыллё - добраўпарадкаваны дом, які з часам выкупілі ва ўласнасць.

Цяперашняе месца работы Аляксандра Пятровіча цалкам задавальняе.

- У Варатыні добрыя, працавітыя людзі, - кажа субяседнік. - І тое, што за сваю работу могуць атрымаць добрыя грошы, толькі павялічвае іх ступень адказнасці за абавязкі. Ад гэтага прасцей і ветэрынарнай службе. Тым болей што на зааветспецыялістаў гаспадарка штогод прырастае: у мінулым годзе два ветэрынарных урача прыйшлі, сёлета - два і заатэхнік-селекцыянер, таму ёсць з кім працаваць, выбудоўваць сістэму работы, аналізаваць яе, абмяркоўваць і знаходзіць рашэнне праблемам, калі ўзнікаюць.

Асабіста ў Аляксандра працоўны дзень ненармаваны - пачынае яго а палове на восьмую, заканчвае ´па магчымасці´: у выпадку паталагічнага ацёлу каровы ці іншай надзвычайнай сітуацыі, якая здараецца, ён на ферме і ў начы. Жонка Алена, якая цяпер у дэкрэтным адпачынку з двухгадовым малодшым сынам (ёсць старэйшы 6-ці год і 12-гадовая дачушка), гэта становішча прымае: жывучы на вёсцы і тым болей з ветэрынарам, разумее спецыфіку і адметнасці работы ў сельскай гаспадарцы.

Немалая ў Штыблераў і хатняя гаспадарка. У ёй куры, парсюкі, 25 сотак агарода. ´Хочацца, каб сям´я харчавалася натуральнымі прадуктамі, сёння важна клапаціцца пра сваё здароўе´, - кажа гаспадар.

Штодзень Аляксандр Пятровіч агледжвае ўсе шэсць вытворчых аб´ектаў філіяла: 4 - малочна-таварныя фермы і дзве - па дарошчванні маладняку і па адкорме буйной рагатай жывёлы. Таксама ў яго абавязках лячэнне гінекалагічных захворванняў у цялят і кароў на фермах ´Варатынь´, ´Доўгі Клін´ і ´Коўрын´. Расказваючы пра клопаты сённяшняга дня, заўважае, што з радасцю дачакаліся пашы: жывёла на выпасе аздараўляецца практычна на 80-90%.

З гатоўнасцю расказвае галоўны ветурач і пра ´халодны´ спосаб утрымання цялятак, якому ў ´Варатыні´ аддалі перавагу, прыйшоўшы да гэтага праз уласны вопыт. Праўда, як заўважае, і патрабаванні да яго адпаведныя - тэмпература таго ж самага малака ці вады для выпайкі абавязкова павінны адпавядаць тэхналагічнай. ´Цяляці ды і ўвогуле жывёла баіцца толькі скразняку, а ў пластмасавых хатках яго няма, для гэтага прадугледжаны шторкі´, - расказвае і паказвае доктар. Засяроджвае ўвагу субяседнік таксама і на выпайцы цялят малозівам. Важна, як ён кажа, каб аператары па вырошчванні маладняку, начныя вартаўнікі своечасова выпаілі ім нованароджанае цялятка. Гэта неабходная і надта патрэбная працэдура: змяншае прыкладна на 90%

удзел ветэрынарнага ўрача ў вырошчванні жывёлы - зніжае сабекошт прадукцыі. ´Мы паглыблена падыйшлі да гэтага, навучылі, заахвоцілі людзей - выніковая выпайка работнікам дададаткова аплачваецца. Абавязковы і кантроль. На трэція суткі тэстуем цяляці на ўтрыманне імунаглабулінаў, таму парушыць парадак, каб каму і хацелася, не атрымаецца. Дзякуючы кіраўніцтву філіяла гаспадарка забяспечана пад патрэбу неабходнымі лекамі, маецца нават іх запас, што немалаважна ў ветэрынарыі´, - кажа спецыяліст.

Ёсць у галоўнага ветэрынарнага ўрача і хобі - вырошчванне кралёў, якіх выкарыстоўвае сям´я зноў жа на ўласныя патрэбы, частуюць родных на святы. Звычайна святы мнагалюдныя, тым болей што непадалёк з некаторага часу жывуць бацькі Аляксандра Пятровіча. Маці працуе выхавацелькай у мясцовым дзіцячым садку, бацька слесарам на коўрынскай ферме.

... Знайшоўшы на Бабруйшчыне камфортныя ўмовы для пражывання, Аляксандр Пятровіч, як і яго родныя, аддзячваюць за гэта стваральнай працай.

Алена КАРПЕНКА. Фота аўтара.