Уладзімір Прыкота - лепшы жывёлавод-пастух раёна.

иcтoчник: www.tribunapracy.by

Каб упэўніцца, што сельскі ўклад жыцця, - тое, што табе па душы, трэба паспрабаваць і гарадскога. Менавіта так сталася з маім субяседнікам, жывёлаводам малочна-таварнай фермы №1 філіяла ´Варатынь´ ААТ ´БЗТДіА´ - пераможцам раённага спаборніцтва па выніках работы за 2021 год з прысваеннем звання ´Лепшы па прафесіі´ Уладзімірам Віктаравічам Прыкотай. Але пра гэта крыху пасля.

Пачну ж з таго, што нарадзіўся ´Лепшы жывёлавод-пастух´ раёна на Брагіншчыне Гомельскай вобласці. Яго сям´я - адна з сотняў і тысяч іншых, якім давялося прайсці праз вялікае выпрабаванне: растанне з малой радзімай і пошук новай у выніку катастрофы на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі ўвесну 1986 года. Для менавіта іх сям´і пошук аказаўся, па словах Уладзіміра Віктаравіча - на той час васьмігадовага падлетка, няпростым: ´давялося паездзіць´. Адразу - ва Украіну, дзе жыла матуліна сястра. Пасля - назад у Беларусь, два гады жылі ў Брагіне. І толькі затым, пасля бацькавага гасцявання на Бабруйшчыне, дзе ўжо асвоіліся іх родзічы, - пераехалі ў Коўрын Варатынскага сельсавета, дзе і дагэтуль жывуць старэйшыя Прыкоты. Маці тады ўладкавалася заатэхнікам, бацька - механізатарам. Дзеці сталі навучацца ў мясцовай школе.

Жыццё ў Варатыні прыйшлося па душы, таму пасля заканчэння сярэдняй навучальнай установы Уладзімір, доўга не раздумваючы, вырашыў застацца на другой малой радзіме і працаваць. Пайшоў па бацькавай дарозе - вывучыўся на трактарыста ў Бабруйску. А там прыйшоў час ісці ў войска: стан здароўя дазваляў, жаданне было. Іншая справа, куды пашлюць - блізка ці далёка ад дому. З гэтым таксама ўсё склалася найлепшым чынам: абавязак Айчыне аддаваў у Бабруйскім штабе. Пасля службы ў войску зноў прыйшоў у родную гаспадарку - спачатку механізатарам, пасля перайшоў у жывёлагадоўлю: пяць год адпрацаваў на ферме в. Доўгі Клін і вось ужо пяць - на МТФ №1 ´Варатынь´. Усяго ж у сельскай гаспадарцы Уладзімір Віктаравіч не адзін дзясятак год.

Праўда, як кажа, была і магчымасць паспытаць гарадскога жыцця - два гады пражылі ў Бабруйску. Але і яго, і жонку вабілі вясковыя прасторы, нетаропкасць сельскага ўкладу жыцця ды і трэба было вызначацца з жыллём. У выніку сям´я вярнулася ў вёску, і пра тое сваё рашэнне Прыкоты ні разу не пашкадавалі. Тым болей, што вырашылася і жыллёвае пытанне - сельгасарганізацыя вылучыла сям´і сучасны добраўпарадкаваны дом у Варатыні. Жонка Алеся тутэйшая, з Коўрына. Працавала ў філіяле спачатку цялятніцай, цяпер - аператарам машыннага даення на той жа, што і муж, малочна-таварнай ферме.

У тым, што справу сваю Уладзімір Віктаравіч ведае, абавязкі выконвае добрасумленна, пацвярджаюць уручаныя яму працоўныя ўзнагароды. Але ж не дзеля іх працуе мой суразмоўца - у сям´і падрастаюць тры дачушкі. Старэйшая, 16-гадовая Ксенія, ужо спрабуе асвойваць самастойнае жыццё - вучыцца на тэхніка-

тэхнолага ў бабруйскім каледжы, 14-гадовая Крысціна і 12-гадовая Кіра - школьніцы. ´Адной вопраткі ды абутку колькі трэба, не кажучы ўжо пра іншыя выдаткі!´ - з усмешкай і адначасова з гордасцю заўважае бацька. Але ж, як кажа, у гаспадарцы не шкадуюць грошай за сумленныя адносіны да абавязкаў - і ён, і жонка не наракаюць на заробак, болей таго, лічаць яго дастойным. І кожны на сваім месцы стараюцца працаваць з поўнай выкладкай і самааддачай - каб і сабе зарабіць болей грошай, і не падвесці дружны калектыў у гэтым здаровым і натуральным для любога чалавека жаданні.

Асабіста Уладзімір Віктаравіч на ферме ўжо ў 5 гадзін. Ездзіць жывёлавод на працу на ўласным аўто. Апошняе зручна яшчэ і таму, што наведваецца на ферму ён тройчы на дзень - менавіта столькі разоў, у адпаведнасці з тэхрэгламентам, дойны статак, які абслугоўвае, павінен атрымліваць свежы корм. Працоўны дзень у героя аповеду завяршаецца прыкладна а 21-гадзіне. Ёсць выхадны, у які за рагулямі глядзіць падменны жывёлавод.

Часу на хатнія клопаты ва Уладзіміра Віктаравіча няшмат, але ж на вёсцы без гэтага аніяк: гаспадарка патрабуе рук. Каб быць забяспечанымі ўласным харчам, сям´я даглядае агарод, вырошчвае свіней. Гэтым часам заняты будаўніцтвам новага хлеўчука, каб на хатнюю жыўнасць і яшчэ прырасці.

Вольны час? Яго ў лепшага жывёлавода бадай што няма. А калі раптам выпадае - трэба і сям´ю ў горад звазіць, і бацькам дапамагчы, і ўжо зусім раскоша - пасядзець на вадаёме з вудай.

Алена КАРПЕНКА.

Фота Юрыя ЮРКЕВІЧА.