Гандаль на тэрыторыі раёна вядзецца ў звычайным рэжыме.

иcтoчник: www.tribunapracy.by

Як абстаіць сітуацыя з забяспечанасцю вяскоўцаў таварамі першай неабходнасці - гэтае пытанне мы задалі начальніку аддзела эканомікі Бабруйскага райвыканкама Таццяне Сцепанян у сувязі з тым, што апошнім часам на прасторах інтэрнэту можна сустрэць інфармацыю, быццам бы ў крамах Беларусі могуць прыкметна вырасці ў цане, а то і зусім знікнуць тавары першай неабходнасці.

- Хачу адзначыць, што спецыялісты нашага аддзела, работнікі сельскіх выканкамаў літаральна штодня праводзяць маніторынгі гандлёвых кропак на тэрыторыі раёна на прадмет наяўнасці ў іх тавараў першай неабходнасці, узроўню рознічнай цаны, тэрмінаў годнасці і г. д. Сёння можна з упэўненасцю сказаць, што гандаль на тэрыторыі раёна вядзецца ў звычайным рэжыме, ажыатажу, павышанага попыту на тавары першай неабходнасці няма, усе яны (у тым ліку соль, алей сланечнікавы, мука пшанічная, вышэйшага гатунку беларускай і расійскай вытворчасці) прысутнічаюць на паліцах нашых магазінаў, у аўталаўках, пры неабходнасці своечасова падвозяцца. Гэтак жа, як і не выяўлена выпадкаў неабгрунтаванага завышэння рознічнай цаны на тавары першай неабходнасці. Маніторынг гандлёвых кропак супрацоўнікамі нашага аддзела будзе працягнуты і надалей, - адзначыла Таццяна Сцепанян.

Мы ж заўважым, што 17 сакавіка (паводле прэс-службы Міністэрства антыманапольнага рэгулявання) Камісія па пытаннях дзяржаўнага рэгулявання цэнаўтварэння пры Савеце Міністраў вызначыла асобы парадак фарміравання цаны на алей сланечнікавы, дзіцячае харчаванне (кашы, сухія малочныя сумясі, кансервы фруктовыя, кансервы мясныя - для дзіцячага і дыетычнага харчавання) і муку пшанічную айчынных вытворцаў. Як паведамляецца, адпускная цана вытворцаў фарміруецца з улікам абмежаванняў, устаноўленых згодна з пастановай МАРТ ад 21 снежня 2021 г. №79 ´Аб рэгуляванні цаны на сацыяльна-значныя тавары´. Юрыдычныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі, якія ажыццяўляюць аптовы і (або) рознічны гандаль, маюць права павялічыць цану на памер (у працэнтным выражэнні) змен цаны вытворцы на гэтыя тавары.

Да таго ж, як раней паведамлялася Міністэрствам антыманапольнага рэгулявання, у мэтах забеспячэння ўнутранага рынку і забеспячэння эфектыўнай работы арганізацый цукровай галіны Камісіяй па пытаннях дзяржаўнага рэгулявання цэнаўтварэння пры Савеце Міністраў узгоднена павышэнне цаны на цукар белы крысталічны - цана можа быць павышана на працягу 60 дзён з дня прыняцця рашэння (2 сакавіка 2022 г.), пры гэтым яна не павінна вырасці больш, чым на 6% адносна ўзроўню 31 снежня 2021 года.

Алена КАРПЕНКА.