Каму можна, а каму нельга гандляваць насеннем сельскагаспадарчых раслін.

иcтoчник: bobruisk-rik.gov.by

15 лістапада мінулага года ўступіў у сілу Закон Рэспублікі Беларусь ад 7 мая 2021 года ´Аб селекцыі і насенневодстве сельскагаспадарчых раслін´. Дакумент выклікаў жывы інтарэс сярод тых, хто займаецца вырошчваннем і рэалізацыяй насення і расады, і незнарок: для гэтага накірунку дзейнасці з´явіліся абмежаванні. Якія? Разбіраемся з начальнікам Дзяржаўнай інспекцыі па насенневодстве, каранціне і ахове раслін Сяргеем Казябай.

Каму можна, а каму нельга гандляваць насеннем сельскагаспадарчых раслін.

- Сяргей Анатольевіч, для пачатку - што адносіцца да сельскагаспадарчых раслін?

- Сельскагаспадарчымі раслінамі называюць збожжавыя, зернебабовыя, кармавыя, тэхнічныя, алейныя расліны, бульбу, гародніну, пладовыя, ягадныя, лекавыя, кветкавыя і іншыя расліны, якія выкарыстоўваюць у сельскай гаспадарцы.

- Што адносяць да насеннага матэрыялу?

- Насеннем сельскагаспадарчых раслін, як тлумачыцца ў законе, з´яўляецца ўласна насенне раслін, саджанцы, плады, часткі складаных пладоў, суплоддзі, цыбуліны, клубні, мерыстэмныя матэрыялы (чаранкі) і іншыя генератыўныя і вегетатыўныя часткі сельскагаспадарчых раслін, прызначаныя для размнажэння (узнаўлення) сельскагаспадарчых раслін.

- Ці правільна я зразумела, што, згодна з артыкулам 16 Закона, рэалізацыя насення сельскагаспадарчых раслін фізічнымі асобамі, якія не з´яўляюцца суб´ектамі насенневодства сельскагаспадарчых раслін, забаронена?

- Гэта так. Адно з асноўных змен закона - выключэнне са спісу вытворцаў насення сельскагаспадарчых раслін фізічных асоб, якія не зарэгістраваны індывідуальнымі прадпрымальнікамі і не маюць статусу юрыдычнай асобы.

- Ці не вынікае з гэтага, што фізічным асобам - уладальнікам прыватных падворкаў, якія раней маглі папаўняць сямейны бюджэт за кошт гандлю расадай і саджанцамі на рынку, цяпер гэтым займацца нельга?

- Не зусім так. З´явілася ўмова - каб прадаваць насенне раслін сельскагаспадарчага прызначэння, на іх патрабуецца пасведчанне. У адпаведнасці з Законам пасведчаннем на насенне сельскагаспадарчых раслін з´яўляецца дакумент, які пацвярджае гатунковыя і пасяўныя якасці рэалізуемага насення, у тым ліку ўвезенага ў нашу краіну. Пры неабходнасці яно выдаецца прадаўцом насення падчас рэалізацыі спажыўцу. І сапраўды, прадаваць насенне сельскагаспадарчых раслін тым, хто не з´яўляецца суб´ектам насенневодства сельскагаспадарчых раслін, гэта значыць - фізічным асобам, забаронена. Але тут ёсць адзін момант. Плады, клубні, расада гародніны (да прыкладу, перцаў, капусты, таматаў) і кветкавых раслін, не прызначаныя для наступнага размнажэння (узнаўлення), пад дзеянне Закона не падпадаюць. Таму фізічныя асобы, якія ў тым ліку займаюцца вядзеннем прыватнай падсобнай гаспадаркі, могуць іх рэалізаваць. Праўда, з агаворкай - продаж расады гароднінных і кветкавых раслін на гандлёвых месцах на рынку фізасобамі дапускаецца пры наяўнасці ў іх пасведчання на насенне сельскагаспадарчых раслін, якое пацвердзіць якасць высеянага насення і атрыманай з яго расады, што адпавядае патрабаванням правілаў функцыянавання рынкаў.

- Іншымі словамі - прадаваць расаду на рынку ўладальнік падсобнай гаспадаркі можа толькі з пасведчаннем на насенне, якое высяваў на расаду?

- Так. З гэтым дакументам можна смела прадаваць расаду на рынку, каб у выпадку неабходнасці прад´явіць пакупніку.

- А што з тымі, хто, займаючыся расадай, звычайна выкарыстоўваў для гэтага ўласна сабранае насенне?

- У іх могуць быць праблемы. Таму той, хто вырошчвае расаду для насенных мэт, павінен мець дакументы, якія пацвярджаюць паходжанне насеннага матэрыялу: пасведчанне на насенне, акты апрабацыі на расліны, да таго ж, прыдзецца зарэгістравацца як юрыдычная асоба ці індывідуальны прадпрымальнік.

Калі коратка: насеннем сельскагаспадарчых культур могуць гандляваць толькі юрыдычныя асобы ці ІП, расадай - у тым ліку фізічныя асобы, але для продажу прадукцыі на рынку ім трэба мець пасведчанне на насенне, з якога атрымалі расаду. Рэалізаваць расаду на рынку, якую атрымалі з уласнага насення, нельга.