
иcтoчник: www.tribunapracy.by
Агульны сход членаў сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва ´Гігант´ прайшоў сёння ў сельскім Доме культуры аг. Міхалёва. Удзел у мерапрыемстве прынялі першы намеснік старшыні Бабруйскага райвыканкама Аляксей Жураўлёў, старшыня раённага аб´яднання прафсаюзаў Віталь Сідзюк, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Надзея Дудаль.
На сходзе падвялі вынікі работы кааператыва за 2021 год - з дакладамі па гэтым пытанні выступілі старшыня СВК Васіль Жук і галоўныя спецыялісты гаспадаркі, агучылі планы на бліжэйшую перспектыву.
Мінулы год для ´Гіганта´, як было адзначана, склаўся дастаткова паспяхова - прынёс сельгаспрадпрыемству 4,7 млн. рублёў чыстага прыбытку. У 2021-м значна павялічыўся заробак працаўнікоў СВК, кааператыў прырос больш як на 50 работнікаў - сёлета тут налічваецца 280 чалавек.
Віншуючы калектыў з плённай працай, Аляксей Жураўлёў заўважыў, што гаспадарка і людзі, якія тут працуюць, - гордасць раёна, пажадаў ´гігантаўцам´ не заспакойвацца на дасягнутым, пашыраць вытворчасць.
Лепшым з лепшых работнікаў ´Гіганта´ былі ўручаны ўзнагароды і грашовыя прэміі, у тым ліку ад пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі СВК. Адзначыла перадавых работнікаў гаспадаркі і старшыня райкама галіновага прафсаюза. Падарунак - цудоўную канцэртную праграму, зрабілі хлебаробам і работнікі культуры раёна.






Алена КАРПЕНКА. Фота аўтара.