
иcтoчник: www.tribunapracy.by
Штогод у нашай краіне 23 лютага адзначаюць Дзень абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь - дзень памяці пра мужнасць і гераізм усіх пакаленняў абаронцаў Радзімы, якія адстаялі свабоду і незалежнасць роднай зямлі.
З-за таго, што асноўны склад войска ва ўсе часы - мужчыны, дзень 23 лютага ў народзе называюць мужчынскім святам і віншуюць з ім тат, братоў, мужоў, дзедаў, прадзедаў, родных і знаёмых мужчын. А ў сувязі з тым, што патрыятычнае выхаванне чалавека ў нашай краіне вядзецца ад пачатку яго ўсведамлення сябе як асобы, то пра 23 лютага і службу ў войску дзеці ведаюць сёе-тое ўжо і ў малечым узросце. У гэтым мы ўпэўніліся, паразмаўляўшы з выхаванцамі і вучнямі пачатковых класаў Міхалёўскага ВПК ´дзіцячы сад-СШ´. Вось некаторыя вытрымкі з дыялогаў, - па-дзіцячы наіўныя, шчырыя, выклікаюць шмат эмоцый - ад здзіўлення да ўсмешкі.
Ева Шлапянкова, 3 гады:

- Ці ведаеш пра дзень 23 лютага?
- Так. Гэта свята хлопчыкаў.
- А дзяўчынкі прыгатавалі хлопчыкам падарункі?
- Так. Падарункі тату.
- А як завуць твайго тату?
- Тата Жэня.
- Ці ведаеш, дзе тата працуе?
- Працуе на рабоце.
- А што ён там робіць?
- Робіць работу.
- А мама будзе дарыць тату падарунак на свята?
- Будзе. Сардэчка і торцік.
- А ты што падорыш?
- Я вось (паказвае малюнак). Гэта тата.
Кірыл Хаванскі, 7 год:
- Кірыл, ты ведаеш, якое свята 23 лютага?
- Дзень абаронцаў Айчыны.
- А хто такія абаронцы?
- Ваенныя, салдаты.
- А табе падабаецца глядзець фільмы пра салдатаў?
- Я фільмы не гляджу, толькі мульцікі.
- Але ж ведаеш, што робяць салдаты?
- Яны абараняюць радзіму.
- А як яны абараняюць?
- Не ведаю.
- Што такое Радзіма?
- Краіна, дзе ты нарадзіўся і адкуль ты.
- Ты ведаеш каго-небудзь, хто служыў у арміі?
- Так, Валера - мой сябар.
- А ты сам хацеў бы служыць у арміі?
- Не ведаю.
- Хто ж тады матулю абараняць будзе?
- Тата будзе. Ён у ахове працуе.
Віка Лысенка, 8 год:

- Віка, якое свята сёння?
- 23 лютага, Дзень абаронцаў Айчыны.
- Што такое Айчына?
- Гэта наша Радзіма.
- А хто такія абаронцы?
- Тыя, хто абараняюць нашу радзіму.
- А абаронцы якімі павінны быць?
- Смелымі, мужнымі, моцнымі.
- У тваёй сям´і ёсць тыя, хто служыў у арміі?
- Так. Тата і брат.
- Яны табе што-небудзь расказвалі пра службу?
- Брат Паша расказваў, як яны скакалі з парашутам.
- Ён не баяўся гэтага рабіць?
- Не-е!
- Тату свайго лічыш абаронцам?
- Так. Ён смелы!
- У вашай сям´і віншуюць мужчын з днём 23 лютага?
- Так. Мы віншуем тату - маці гатуе яму любімы яблычны пірог і салату, а я раблю святочную паштоўку.
- Каго-небудзь яшчэ з гэтым днём будзеце віншаваць?
- Так: братоў, дзядуль. Праўда, раней у мяне было два дзеда, цяпер толькі дзед Толя.
- А ў класе хлопчыкаў віншуеце?
- Так. Купляем розныя падаруначкі і дорым.
Рома Бандарчук, 7 год:

- Ці ведаеш пра Дзень абаронцаў Айчыны?
- Ведаю. У гэты дзень віншуюць мужчын.
- Чаму віншуюць?
- Яны радзіму, нас абараняюць.
- Дзе вучацца абараняць радзіму?
- У арміі.
- Ты б хацеў у армію: навучыцца абараняць радзіму?
- Яшчэ не ведаю.
- Ну а салдацкая форма табе падабаецца?
- Падабаецца.
- А мама тату падарунак будзеце рабіць?
- Пакуль яшчэ не ведаю. У мінулым годзе рабіла.
- Абаронцы Айчыны, як табе здаецца, якімі павінны быць?
- Моцныя, мужныя.
- А як такім стаць?
- Трэба рыхтавацца.
- Як рыхтавацца?
- Спортам займацца.
- Ну і яшчэ адкажы - ты ў якой вёсцы жывеш?
- У Міхалёве.
- У вас ёсць помнікі абаронцам Айчыны?
- Ёсць два: ля клуба і новага магазіна, мы туды ходзім.
Алена КАРПЕНКА. Фота Юрыя ЮРКЕВІЧА.