Філіял ´Варатынь´: поспех там, дзе да яго імкнуцца.

иcтoчник: bobruisk-rik.gov.by

Плённым на працоўныя поспехі стаў 2021 год для філіяла ´Варатынь´ ААТ ´Бабруйскі завод трактарных дэталяў і агрэгатаў´ (памочнік дырэктара ААТ ´БЗТДіА´ па сельскай гаспадарцы Марына Мікалаеўна Аўрамчык). На рахунку сельгаспрадпрыемства перамогі ў намінацыях ´За эфектыўнае выкарыстанне сельгасугоддзяў´, ´За павелічэнне вытворчасці рапсу´, ´За павелічэнне вытворчасці малака´ - на адну рагулю ў мінулым годзе тут надаілі 7 619 кг (найвышэйшы паказчык у раёне), не толькі выканалі, але і перавыканалі ўзятае сабе за арыенцір заданне.

Апошняе стала падставай для прызнання пераможцамі жывёлагадоўчыя калектывы гаспадаркі: МТФ ´Варатынь´ (загадчык Фёдар Васільевіч Козыраў) - сярод калектываў малочна-таварных ферм раёна; ферма ´Аўсімавічы´ (загадчык Еўдакімаў Анатоль Іванавіч) - сярод калектываў ферм па адкорме буйной рагатай жывёлы; звяно МТК ´Варатынь´ - сярод звенняў аператараў машыннага даення на малочна-таварных фермах, аснашчаных даільнымі заламі.

Менавіта ў ´Варатыні´ ´Лепшы аператар па дарошчванні маладняку буйной рагатай жывёлы´ і ´Лепшы аператар машыннага даення па раздойванні першацёлак´. Гэтых пачэсных званняў па выніках года ўдастоены Раіса Мікалаеўна Пракопчык з МТФ ´Доўгі Клін´ і Вольга Аляксандраўна Осіпава з МТФ ´Коўрын´. Найвышэйшую ацэнку сярод работнікаў сваёй прафесіі атрымаў Уладзімір Віктаравіч Прыкота - ´Лепшы скотнік-пастух´. Ганаровага звання ´Лепшы ветэрынарны ўрач´ удастоены галоўны спецыяліст сельгасарганізацыі Аляксандр Пятровіч Штыблер.

Характарызуючы мінулы год, Марына Мікалаеўна Аўрамчык заўважыла, што ён прынёс гаспадарцы шмат станоўчага:

- За высокія поспехі ў рабоце - 1-е месца ў вобласці па вытворчасці малака па выніках 2020 года - наш філіял ´Варатынь´ ААТ ´БЗТДіА´ ў 2021-м быў занесены на Дошку гонару Магілёўскай вобласці. Асабіста я за высокія дасягненні ў працы ўдастоена Ганаровай граматы Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання. У адыйшоўшым годзе мы прыдбалі новую тэхніку - за ўласныя сродкі, з дапамогай галаўнога прадпрыемства, набылі кормаўборачны камбайн замежнай вытворчасці і імпартную зерневую сеялку. Пабудавалі на МТК ´Варатынь´ тэнтавае збудаванне для вырошчвання маладняку буйной рагатай жывёлы да трохмесячнага ўзросту. Зарыбілі наша возера, запусцілі ў яго 5,5 тон малькоў. Не планавалі, але ўжо вылавілі адну тону рыбы. Рэалізавалі яе праз фірменную краму ААТ ´БЗТДіА´, а таксама работнікам нашага філіяла ў кошт заробку. Гэтак жа абыйшліся з мёдам, якога, маючы ўласную пасеку, сабралі адну тону. Парадаваў ураджай азімага ячменю (43 ц/га), які сеялі ўпершыню - зерне рэалізавалі гаспадаркам Магілёўшчыны ў якасці насеннага матэрыялу. Атрымалі добры ўраджай рапсу. І, вядома ж, надзвычай парадавала, што выканалі і перавыканалі план удою малака на адну карову. Мы вельмі стараліся - і ў нас атрымалася, за што калектыву вялікі дзякуй.

Не менш амбіцыйныя планы ў філіяла ´Варатынь´ на сёлетні год. Дзеля іх рэалізацыі працуюць над паляпшэннем кармавой базы для жывёлагадоўлі. З восені пасеялі адну тысячу гектараў збожжавых на зерне, што на 100 га больш за папярэдні сезон. Яшчэ на 100 гектараў запланавалі павялічыць яравы клінок збажыны. Да таго ж, у гэтым годзе гаспадарцы дадаткова вылучаецца зямля для сельгасвытворчасці, 370 гектараў у напрамку пас. Туголіца. Аддаленасць значная. Таму разлічваюць сфарміраваць асобны атрад для работы там. Для пачатку збіраюцца зрабіць ацэнку стану новых зямель, аналіз складу глебы. Ранняй вясной скасіць траву, якая там выспее, распрацаваць зямлю пад вытворчасць травянога корму - сенажу ў палімерную ўпакоўку. Пазней уздобіць глебу мінераламі, каб ужо пад восень мець магчымасць засеяць плошчы збажыной на зерне.

Планаў і задумак па нарошчванні аб´ёмаў вытворчасці ў сельгасарганізацыі, як кажуць, грамаддзё. Але ж тут упэўнены - поспех там, дзе да яго імкнуцца.