Вынікі вытворча-эканамічнай дзейнасці: наперадзе СВК ´Гігант´.

иcтoчник: www.tribunapracy.by

У намінацыі ´За лепшыя вынікі вытворча-эканамічнай дзейнасці´ ў 2021 годзе абсалютным пераможцам сярод сельгасарганізацый Бабруйскага раёна прызнаны сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў ´Гігант´ пад кіраўніцтвам Васіля Пятровіча Жука.

Арыентуючыся на павелічэнне вытворчасці, павышэнне эфектыўнасці гаспадарання, задзейнічаўшы на гэтыя мэты шырокі спектр мерапрыемстваў, сельгаспрадпрыемству ўдалося дасягнуць высокага тэмпу росту валавой прадукцыі - у суадносных цэнах 2021 года 130,1%, што на 5,6 працэнтных пункта вышэй задання. Тэмп росту вытворчасці малака па выніках года склаў 168,2%, вырошчвання буйной рагатай жывёлы - 113,8%.

Выручка ад рэалізацыі прадукцыі па выніках дзейнасці ў 2021 годзе склала без малога 22 000 тыс. рублёў, амаль удвая (тэмп росту - 192,4%) пераўзыйшоўшы мінулагодні паказчык. Значна вырас, у параўнанні да папярэдняга года, чысты прыбытак гаспадаркі. З 4% да 23,1% вырасла рэнтабельнасць продажу.

Пацверджаннем больш эфектыўнага, у параўнанні з папярэднім годам, гаспадарання стаў той факт, што павялічылася больш як у паўтара разы (тэмп росту - 158,6%) выручка ад рэалізацыі на аднаго працаўніка.

Значныя поспехі дасягнуты ў раслінаводстве. Атрыманы багаты ўраджай бульбы. Збожжавых (разам з кукурузай) і зернебабовых на зерне (у вазе пасля дапрацоўкі) намалочана звыш 9 361 тысячы тон пры сярэдняй ураджайнасці 50,5 ц/га. Пры гэтым ураджайнасць азімых збожжавых склала 62,3 ц/га, азімага рапсу - 36,5 ц/га. Незнарок сярод намінацый, па выніках якіх гаспадарка прызнана лідарам, і такія як ´За павелічэнне вытворчасці зерня´, ´За павелічэнне вытворчасці мяса´.

Лагічна, што шмат пераможцаў і ў намінацыі ´Лепшы па прафесіі´. У каторы раз пацвердзіў высокі прафесіяналізм галоўны аграном ´Гіганта´ Уладзімір Аляксандравіч Залужны (´Лепшы аграном´). Майстрамі сваёй справы прызнаны галоўны эканаміст Ілона Аляксандраўна Намочанка (´Лепшы эканаміст´), жывёлаводы Наталля Рыгораўна Бокач (´Лепшы аператар па адкорме буйной рагатай жывёлы´) і Таццяна Мікалаеўна Дайнэка (´Лепшы аператар па адкорме свіней´), механізатар Андрэй Уладзіміравіч Колтун (´Лепшы малады механізатар´) і аператар машыннага даення Яна Анатольеўна Хурсан (´Лепшая маладая даярка´).

Зрэшты, асновай поспеху, галоўнай рухаючай сілай прагрэсу гаспадаркі кіраўнік Васіль Пятровіч лічыць менавіта людзей - працаздольны, зладжаны, мэтанакіраваны калектыў ´Гіганта´.

- Людзі шчыра, сумленна, з разуменнем аднесліся да пастаўленых на 2021 год задач і годна з імі справіліся. А чалавечы фактар - вялікая сіла! Плённая работа калектыву пацверджана атрыманым высокім, з улікам адметнасцяў года, ураджаем збажыны, бульбы, кукурузы, іншых раслін, у жывёлагадоўлі - высокім ростам вытворчасці малака, мяса. Спадзяюся, што і павялічаныя на сёлетні год заданні намі будуць выкананы. Дзеля гэтага прадпрымаем усе магчымыя захады, імкнемся задзейнічаць увесь патэнцыял - абагульняем уласны вопыт, вывучаем рэкамендацыі і парады навукоўцаў, набылі не адну адзінку новай сельгастэхнікі, актыўна назапашваем мінеральныя ўгнаенні, увялі ў практыку стымулюючыя выплаты работнікам, - адзначыў Васіль Жук.

Бясконца дбаючы пра хлеб, у СВК ´Гігант´, між тым, з разуменнем ставяцца да жыццёвай мудрасці ´не хлебам адзіным жыве чалавек´. Работнікі сельгаспрадпрыемства актыўна ўдзельнічаюць ва ўсемагчымых раённых мерапрыемствах, конкурсах і спаборніцтвах, дзе таксама становяцца пераможцамі. А таму разам з высокімі працоўнымі адзнакамі занялі па выніках мінулага года 1-е месца сярод устаноў, арганізацый і прадпрыемстваў за актыўны ўдзел у грамадска-палітычным жыцці раёна.