Філіял ´Харчавік-Агра´ ААТ ´Чырвоны харчавік АграСэрвіс´: На дасягнутым не збіраюцца спыняцца.

иcтoчник: www.tribunapracy.by

Болей за 6400 кілаграмаў малака на карову (другі па велічыні паказчык у раёне) надаілі жывёлаводы філіяла ´Харчавік-Агра´ ААТ ´Чырвоны харчавік АграСэрвіс´ па выніках 2021 года. Тэмп росту ў параўнанні да папярэдняга года склаў 102,3%. Праца калектыву, людзей, якія дасягнулі такога ўдою, заслугоўвае шчырай павагі і сама па сабе, і тым болей, што ажыццяўляюць яны працэс даення ва ўмовах не сучасных малочна-таварных комплексаў з патэнцыялам і значна большым, а на фермах з прывязным утрыманнем жывёлы.

Філіял ´Харчавік-Агра´ ААТ ´Чырвоны харчавік АграСэрвіс´: На дасягнутым не збіраюцца спыняцца.

- Надаілі нядрэнна, але недастаткова, - катэгарычны ў сваёй ацэнцы кіраўнік ´Харчавіка-Агра´ Міхаіл Мікалаевіч Стрыжэўскі. - Лічу, што хоць у нашых умовах гэта даволі высокая планка, патэнцыял для росту ёсць, і мы збіраемся яго выкарыстаць. Як? Павялічваць штодзённы вынік. Тут рэзерв бачу найперш у кармленні. Той корм, што сёння рыхтуем, вядома ж, добрай якасці, але і з ім яшчэ можна працаваць.

Міхаіл Стрыжэўскі - чалавек, які словы на вецер не пускае. Жыве вытворчасцю, у пытаннях гаспадарання аднолькава патрабавальны да працаўнікоў і сябе, таму, мяркуем, што ўдасканаленне рацыёнаў кармлення - толькі адзіны са спосабаў, якім тут збіраюцца пераўзысці мінулагоднія дасягненні.

Забяспечанасць жывёлы кормам - архіважная для гаспадаркі задача, і ставяцца да яе выканання адпаведна. ´Больш за ўсё баюся для жывёлы голаду. Гэта страшна нават уявіць! Таму пытанне стварэння кармавой базы са спецыялістамі абмяркоўваем дэталёва, і сёння з упэўненасцю магу сказаць, што кормам мы цалкам забяспечаны да наступнага ўраджаю. Акрамя тых аб´ёмаў, што нарыхтавалі ў сезон, маем запас папярэдняга года. З пачатку новага года вырашылі пытанне забяспечанасці жывёлы бялком, рапсавым жмыхам - заключылі дамоўленасць на яго пастаўку з Бабруйскім заводам раслінных алеяў і спадзяемся, што працэс гэты будзе бесперабойным. Ёсць уласны фураж, ёсць кукурузнае зерне, травяны корм добрай якасці - так што кармавая база трывалая´, - заўважыў дырэктар.

Каб быць заспакоенымі ў гэтым пытанні і надалей, у філіяле ´Харчавік-Агра´ ўжо цяпер дбаюць пра веснавую пасяўную, рыхтуюць не толькі ўгнаенні, насенне, тэхніку, але і людзей - большасць механізатараў гэтай парой у чарговым адпачынку. калі выйдуць, такая ж магчымасць будзе створана для другой часткі.

Што да насення ярыны, то і збажыной, і травамі гаспадарка забяспечана, прыдбаць збіраюцца толькі эліту ячменю ў аб´ёме 5 тон ды невялікую колькасць мнагалетняй травы. Дамоўленасць на гэта з элітгасам - СВК ´Гігант´, па словах кіраўніка, маецца.

Са структурай пасяўных плошчаў у гаспадарцы таксама вызначыліся. Сур´ёзна павялічылі азімы клінок - пасеялі, плюс да ўсяго, 200 гектараў ячменю элітным гатункам ´Буслік´. Годам раней сеялі яго 25 гектараў, ураджайнасць атрымалі 35 цэнтнераў з аднаго. ´Можа, і не надта высокая, але дакладна вышэйшая за тую, якую б дала яравая культура´, - разважае Міхаіл Стрыжэўскі і спадзяецца, што разлік зрабілі правільны. У яравым клінку, як ён паведаміў, змены таксама будуць.

- Даводзіцца вучыцца абыходзіць капрызы прыроды. Нават па мінулым годзе бачна, што, як бы там ні было, ураджайнасць кукурузнага зерня вышэйшая за каласавых. Таму з галоўным аграномам Валянцінай Якаўлеўнай Масолавай прыйшлі да высновы - не спадзявацца на мнагалетнія травы: вось ужо колькі год яны асаблівага ўраджаю не даюць, а падстрахавацца - заняцца адналетнікамі і кукурузай, - кажа дырэктар.

У гэтай сувязі пасевы кукурузы ў гаспадарцы сёлета плануюць давесці да паўтысячы гектараў. Зерне прызвычаіліся плюшчыць, і, як адзначаюць, атрымліваецца карысны корм жывёле. Тым болей калі збожжавае трэба сушыць, дапрацоўваць, то з кукурузным прасцей: з камбайна - у плюшчылку. Далей - у рукаў ці траншэю, дадаць кансерванту, і ўся работа. Праўда, надзвычай важна, каб працэс занатоўкі зерневай масы прайшоў тэхналагічна правільна, без парушэння герметычнасці ўпакоўкі. Корм у такім выпадку атрымліваецца выдатны, і бачна аддача ад яго.

Разам з іншым у ´Харчавіку-Агра´ вядзецца падрыхтоўка тэхнікі да палявых работ.

- Маем тры энерганасычаныя трактары МТЗ-3022. Не новыя, але рухавікі на двух капітальна адрамантавалі яшчэ па восені, таму яны ў рабоце. МТЗ-1221, якіх тры, таксама спраўныя. З астатніх - МТЗ-82, іх час ад часу падрамантоўваем. Так што тут асобых праблем няма, - кажа дырэктар і дадае, што справа, калі гаварыць пра тэхніку, не столькі ў яе ўзросце (наймалодшаму энерганасычанаму трактару 11 год), колькі ў людзях, якія абслугоўваюць машыны, на іх працуюць. У гэтым плане, па словах Міхаіла Мікалаевіча, ´Харчавіку-Агра´ шанцуе. Да прыкладу, усе тры ´трыццаткі´ замацаваны за братамі Юшкевічамі - роднымі Мікалаем і Васілём Уладзіміравічамі і стрыечным Уладзімірам Аляксандравічам, якія за калгаснай тэхнікай глядзяць, як за ўласнай. У Мікалая і Васіля такі падыход - ад бацькі. Працуючы тут жа ў гаспадарцы, Уладзімір Уладзіміравіч не дапускае, каб яго старэнькі 82-гі хоць колькі прастойваў. І іншыя хлопцы-механізатары адказныя. Той жа Васіль Мікалаевіч Давыдзенка кіруе трактарам Амкадор 14 год - тэхніка працуе, як гадзіннік. За такі падыход да абавязкаў Міхаіл Стрыжэўскі не стамляецца дзякаваць людзям - і словам, і справай.

На пытанне, ці не задумваюцца ў ´Харчавіку-Агра´ пра нарошчванне пагалоўя, дырэктар адказвае: ´У межах разумнага´. Тлумачыць тым, што пры нетэхналагічным утрыманні жывёлы, пры ўмове скучанасці пагалоўя, нават пры якасным корме, у выніку можна застацца ў пройгрышы. ´Пагалоўе, што сёння маем, у межах двух тысяч, - гэта якраз наша пагалоўе´, - кажа ён.

За абмеркаваннем пасяўной, якая не за гарамі, Міхаіл Стрыжэўскі заўважае, што сёлетні год для раслінаводства, па яго назіраннях за працэсамі, што адбываюцца ў прыродзе, зноў не будзе лёгкім: снегу хоць дадало, але вільгаць наўрад ці надоўга затрымаецца, асабліва ў іх пясчанай глебе. Запасы грунтовых вод год ад году зніжаюцца, ад чаго раслінам усё цяжэй браць вільгаць з зямлі. Праўда, і навука, як ён кажа, не дрэмле - з´яўляюцца новыя агратэхнічныя прыёмы, культуры, гібрыды. Так што, як бы там ні было, калектыў ´Харчавіка-Агра´ збіраецца і надалей трымаць з прыродай сур´ёзнае спаборніцтва і разлічвае на перамогу. Дзеля гэтага не адмовяць у працы механізатарам - працоўны стаж многіх падыходзіць да завяршэння, і адказнаму ветэрынарнаму ўрачу.

А менавіта ў гэтыя дні ўвага ў гаспадарцы сканцэнтравана на назапашванні мінеральных угнаенняў, якія пасля аплаты неадкладна вывозяцца на сваю тэрыторыю, а таксама на вывазцы на палі арганічных. Апошнім займаюцца пастаянна, так што на фермах залежы арганікі адсутнічаюць.

Размову вяла Алена КАРПЕНКА. Фота з архіву .