У ´Гіганце´ рыхтуюцца да вясны.

иcтoчник: www.tribunapracy.by

Другая палова студзеня да гэтага абавязвае: і тым, што бліжэй да веснавых месяцаў, і яскравым сонечным зіхаценнем.

У сельскагаспадарчым вытворчым кааператыве, па словах галоўнага агранома Уладзіміра Залужнага, гэтай парой займаюцца вывазкай на палі арганічных угнаенняў і назапашваннем мінеральных. Ужо набылі 150 тон вадкіх - карбамідна-аміячнай сумясі (КАС), аформілі заяўкі на іншыя: азотныя, фосфарныя, калійныя. Пакуль вырашаецца пытанне спосабаў іх набыцця. У выпадку, калі дзяржаўная падтрымка не будзе прапанавана, у СВК задзейнічаюць рэзервовы фонд, які, як тут разлічваюць, атрымаецца сфарміраваць у тым ліку ад продажу бульбы.

- Упэўнены, што без мінеральных угнаенняў мы не застанемся. Плануем уносіць іх у глебу ў адпаведнасці з тэхналагічнымі патрабаваннямі да вырошчвання той ці іншай расліны, каб мець магчымасць разлічваць на максімальна высокія ўраджаі, - кажа спецыяліст. Першымі традыцыйна спатрэбяцца азотныя мінеральныя ўгнаенні для падкормкі азімых рапсу і збажыны, мнагалетняй травы.

Сёлета, па словах агранома Залужнага, зімовае надвор´е запознілася. Для азімых пасеваў гэта не ёсць добра: пры высокіх тэмпературах на працягу некалькіх дзён маглі ўзнавіцца вегетацыйныя працэсы. Але ж у гаспадарцы спадзяюцца, што ўсё будзе добра.

Падрыхтоўкай пасяўнога матэрыялу ў ´Гіганце´ зоймуцца з пацяпленнем. Спяшацца, як тут адзначаюць, няма падставы: вытворчыя магчымасці СВК дазваляюць ачысціць насенне ў кароткі тэрмін. Тым болей што ў мэтах рацыянальнага падыходу да выкарыстання матэрыяльных рэсурсаў ачыстку і пратручванне сумяшчаюць.

Структуру пасяўных плошчаў у вытворчым кааператыве мяняць не плануюць. ´Тая, што ёсць, нас цалкам задавальняе, адпавядае задачам - забяспечыць жывёлагадоўлю травяным кормам і фуражом, гаспадарку - таварнай працукцыяй´, - адзначыў Уладзімір Аляксандравіч.

Алена КАРПЕНКА. Фота носіць ілюстрацыйны характар.