Цуд здараецца там, дзе ў яго вераць.

иcтoчник: www.tribunapracy.by

Гэта для дарослых навагодне-калядныя святы асацыююцца часцей за ўсё з салатай Аліўе і шампанскім. Для дзяцей жа, перапоўненых чароўнымі чаканнямі, - у першую чаргу з Дзедам Марозам і падарункамі пад бліскучай елкай. Многія з тых, каму сёння за 40-50, памятаюць, як у маленстве познім вечарам употайкі пазіралі на фортку, у якую павінен уляцець Дзед Мароз. Гэта заўсёды праходзіла незаўважна, бо ты засынаў, а, прачнуўшыся, бег да лясной прыгажуні за доўгачаканым пакецікам цукерак. І калі там было яшчэ некалькі духмяных мандарынаў, не гаворачы пра новую ляльку ці машынку, большага шчасця і жадаць нельга было.

У нашыя дні святочныя прэзенты сталі больш статуснымі: сучасныя хлопчыкі з дзяўчынкамі просяць казачнага героя пра прыстаўку, планшэт ці айфон, паездку ў казачную рэзідэнцыю галоўнага героя года. І ўсё ж важна, што як і некалі, яны працягваюць верыць у існаванне барадатага з мехам за плячыма і чароўным кіём у руках. А мы, дарослыя, імкнучыся арганізаваць дзіцяці лепшы ў жыцці Новы год, іншым разам, самі таго не жадаючы, раней часу адымаем іх веру ў цуд.

На памяць прыходзіць выпадак больш як 20-гадовай даўніны, калі напярэдадні Новага года мы запрасілі ў якасці Дзеда Мароза свайго сябра. Той, як і прынята, прыйшоў у прызначаную гадзіну ў адпаведным абмундзіраванні. Пяцігадовая дачка, хвалюючыся, прадэкламавала ля елкі верш, прыняла з рук Дзеда перавязаную скрыню з раней намі падрыхтаваным падарункам і ўселася на канапу разглядаць яго. Госця ж мы запрасілі да стала.

Праз некаторы час Дзеду Марозу стала горача: ён зняў шапку, адчапіў бараду, стаў развязваць халат. І тут малая праз слёзы вымавіла: ´Дык гэта ж дзядзька Юра... ´. Мы разгубіліся, перазірнуліся і зразумелі, што назад ужо нічога не вернеш.

Каб сяброўства з казкай працягвалася, не пашкодзіць падкідваць дочкам-сыночкам розныя аргументы на карысць існавання Дзеда Мароза: то ён забудзецца ў маразілцы рукавіцу, то пакіне прыадчыненыя дзеры ці малюнак у верандзе на вакне. Стварыць для дзіцяці, ды і для сябе, адчуванне казкі можна паспрабаваўшы вырабіць навагодняе дрэва з сурвэтак, кніжак, прышчэпак, макаронаў, фанеры, гафрыраванай бумагі, яловых шышак. І гэта елка будзе даражэй за ўсе астатнія. Сабраць самыя незвычайныя традыцыі святкавання Новага года і Калядаў ў розных краінах, развесіць карту над сталом і разам адправіцца ў віртуальную вандроўку.

Праведзенае сярод знаёмых бацькоў апытанне сведчыць: дзеці пачынаюць сумнявацца ў існаванні Дзеда Мароза ва ўзросце сямі-васьмі гадоў. Як правіла, тады пачынаюць з´яўляцца пытанні накшталт таго, чаму ў зімовага чараўніка бываюць розная знешнасць і голас, ды як гэта ён за адну ноч паспявае разнесці падарункі ўсім дзецям на свеце. І калі сын ці дачка аднойчы напрамую запытае, ці існуе той Дзед на самой справе, відаць, не трэба здавацца адразу і адказваць, што ён-такі бывае толькі ў казках. Гэта, мабыць, той выпадак, калі размова не ідзе пра падман. Мы, дарослыя, некалі пачалі гэтую гісторыю, таму і павінны граматна яе завяршыць. Пастарацца, каб дзеці не знаходзілі прыхаваныя дома падарункі ці адпаведны касцюм. Каб не было падазронасці, што яго пісьмо не дайшло да Белавежскай пушчы. Каб яны ў нейкі момант раптам не папракнулі: ´Што ж вы мяне ўсе гэтыя гады падманвалі?..´.

А калі праўда і адкрыецца, усё роўна працягваць трымаць веру ў чараўніцтва і пахваліць яго за тое, што сам разгадаў такую загадку. Ды і ўвогуле гэты стары з мехам, поўным падарункаў, - вобраз шчодрасці, дабрыні і клопату пра іншых. Аставіць дзецям маленькую надзею, месца для веры ў цуд, у вобраз, які вучыць кожнага з нас, што прыемна не толькі атрымліваць, але і аддаваць, што важней за ўсё - знаходзіцца побач з роднымі, дзяліць свята з тымі, хто любіць цябе і без каго ты таксама жыць не можаш.

Ды што там дзеці. З тым, што цуд здараецца там, дзе ў яго вераць, згаджаюцца і дарослыя, толькі стараюцца гэта не агучваць. І таму ёсць шмат прыкладаў. Узяць хаця б веру хворага чалавека ў барацьбе з нядугам, якая выратоўвае і падаўжае жыццё...

Да завяршэння калядных святаў, якія працягваюцца ад Раства да Хрышчэння Гасподня, 19 студзеня - у многіх дамах будуць ззяць навагоднія агеньчыкі, а пад елкамі з´яўляцца падарункі.

У гэтыя чароўныя вечары дзяўчаты гадаюць на таго, хто ім наканаваны лёсам. Ды і проста кожны - і малы, і дарослы - мае магчымасць загадаць жаданне. Хтосьці загадвае высокааплочваемую работу, хтосьці - шыкоўную іншамарку, хтосьці - новую кватэру. Давайце, як у дзяцінстве, напішам жаданні на папяровым лістку і разам папросім, каб у сем´ях панавала дабро, разуменне, каханне, каб не варагавалі, а сябравалі насельнікі асобна ўзятай вёскі, горада, краіны, каб усе мы радзей дыстанцыяваліся, а часцей абдымаліся, каб Бог нарэшце зняў з зямлі ´карону´...

Іна БАГДАНОВІЧ.