Сельская гаспадарка: чым добрым запомніўся 2021 год.

иcтoчник: www.tribunapracy.by

Прыемная перадсвяточная мітусня і не зусім прыемная справаздачная - завершаны. Яшчэ нядаўна надыходзячы Новы год увайшоў у звыклае для кожнага сельгасвытворцы русла клопатаў і падзей, што дае магчымасць на адыйшоўшы зірнуць як бы збоку - ацаніць, чым запомніцца, што добрага і плённага прынёс. З гэтым пытаннем мы і звярнуліся да кіраўнікоў і галоўных спецыялістаў аграрнай галіны раёна.

Аляксандр Васільевіч Кісялёў, намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама:

- Год быў добры ўжо таму, што добра, плённа папрацавалі. У той жа малочнай галіне, надаўшы вялікую ўвагу павышэнню эфектыўнасці вытворчасці прадукцыі, дасягнулі нядрэнных вынікаў. Тэмп росту валавой вытворчасці малака, у параўнанні да папярэдняга года, склаў у цэлым па раёне 108,5%. У асобных гаспадарках гэтая лічба нашмат вышэйшая. У двух: філіяле ´Харчавік-Агра´ ААТ ´Чырвоны харчавік АграСэрвіс´ і філіяле ´Варатынь´ ААТ ´БЗТДіА´ за год на карову надаілі звыш 6 000 кілаграмаў малака. Апошнія пераадолелі мяжу ў 7,5 тысяч! Гэта значыць, калектывы працуюць і стараюцца дасягаць найлепшага выніку. Мы ж са свайго боку таксама прыклалі шмат намаганняў. Штомесяца ў 2021 годзе ладзілі для кіраўнікоў і галоўных спецыялістаў рабочыя нарады з выездам у сельгасарганізацыі і наведваннем там аднаго-двух вытворчых аб´ёктаў. Гэта значыць, своечасова здымалі праблемныя пытанні, засяроджвалі ўвагу на актуальных і шукалі спосабы іх вырашэння. Работу ў дадзеным накірунку працягнем і ў новым годзе - план ужо распрацаваны і даведзены да сельгасарганізацый. Прынесла свой плён узмацненне работы груп па аднаўленні статку буйнарагатай жывёлы ды і шэраг іншых мерапрыемстваў, ініцыяваных упраўленнем па сельскай гаспадарцы і харчаванні, накіраваных на нарошчванне аб´ёмаў вытворчасці малака і мяса, паляпшэнне фінансавых магчымасцяў гаспадарак, дабрабыту працаўнікоў.

Аляксандр Іванавіч Мельнік, галоўны аграном ААТ ´Неўскі-Агра´:

- Мяне як агранома парадавала, што, нягледзячы на не зусім спрыяльны год у плане надвор´я, ураджай збожжавых культур, цукровых буракоў ды і бульбы таксама атрымалі нядрэнны. Што людзі папрацавалі, як заўжды, сумленна, з максімальнай выкладкай на тое, каб забяспечыць свой і гаспадаркі дабрабыт. Надзвычай парадавала, што на маёй малой радзіме, у Кавалях, сёлета прайшло раённае свята ´Дажынкі´, у сувязі з чым аграгарадок прыкметна папрыгажэў, стаў больш добраўпарадкаваным, утульным для пражывання вяскоўцаў, у тым ліку моладзі.

Алена Васільеўна Пацыенка, дырэктар ААТ ´Міхалёўская Ніва´:

- У мінулым годзе шмат добрага было. Стараліся працаваць, і гэта ацэнена, пра што сведчаць высокія ўзнагароды, у тым ліку Ганаровая грамата Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь і Ліст удзячнасці Магілёўскага аблвыканкама, уручаныя падчас абласных ´Дажынак´. Калі дакладней - павялічылі, у параўнанні да папярэдняга года, вытворчасць малака і цяпер па гэтым паказчыку плюсуем, павялічылі вытворчасць мяса, прыраслі па пагалоўі буйной рагатай жывёлы. Надзвычай парадавала, што атрымалі новую сельгастэхніку за сродкі бюджэту: высокавытворчы кормаўборачны камбайн КВК-800 і такі ж зернеўборачны КЗС-1218. Да таго ж, у мінулым годзе наша гаспадарка, за кошт далучэння суседняй, значна пашырылася - толькі сельгасугоддзяў стала на тры тысячы гектараў болей. Апошняе абавязвае калектыў працаваць яшчэ лепей, яшчэ больш арганізавана і прадуктыўна. І мы ва ўсю стараемся.

Марына Мікалаеўна Аўрамчык, памочнік дырэктара ААТ ´БЗТДіА´ па сельскай гаспадарцы:

- Мінулы год прынёс многа станоўчага. За высокія поспехі ў рабоце - 1-е месца ў вобласці па вытворчасці малака па выніках 2020 года - філіял ´Варатынь´ ААТ ´БЗТДіА´ у 2021-м быў занесены на Дошку гонару Магілёўскай вобласці. Асабіста я за высокія дасягненні ў працы ўдастоена Ганаровай граматы Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання. У адыйшоўшым годзе набылі за ўласныя сродкі, з дапамогай галаўнога прадпрыемства, кормаўборачны камбайн замежнай вытворчасці і імпартную зерневую сеялку. Пабудавалі на малочна-таварным комплексе ´Варатынь´ тэнтавае збудаванне для вырошчвання маладняку буйной рагатай жывёлы да 3-месячнага ўзросту. Зарыбілі наша возера, запусцілі ў яго 5,5 тон малькоў. Не планавалі, але ўжо вылавілі адну тону рыбы. Рэалізавалі яе праз фірменную краму ААТ ´БЗТДіА´, а таксама работнікам нашага філіяла ў кошт заробку. Гэтак жа абыйшліся і з мёдам, якога, маючы ўласную пасеку, сабралі 1 тону. Парадаваў ураджай азімага ячменю (43 ц/га), які сеялі ўпершыню. Падзякаваць за добры вопыт прыязджаў тагачасны старшыня аблвыканкама Леанід Заяц. З яго лёгкай рукі рэалізавалі зерне гаспадаркам Магілёўшчыны ў якасці насеннага матэрыялу. Вельмі радуе, што выканалі і перавыканалі даведзены на 2021 год план удою малака на адну карову - надаілі на рагулю 7 619 кілаграмаў.

Васіль Пятровіч Жук, старшыня СВК ´Гігант´:

- Што парадавала? Найперш тое, што людзі шчыра, сумленна, з разуменнем аднесліся да пастаўленых на год задач і дастойна з імі справіліся. Чалавечы фактар - вялікая сіла! Плённая работа калектыву пацверджана атрыманым высокім, з улікам адметнасцяў года, ураджаем збажыны, бульбы, кукурузы ды іншых раслін, у жывёлагадоўлі - высокім ростам тэмпаў вытворчасці прадукцыі. Спадзяюся, што і заданні на бягучы год, павялічаныя, нам будуць па плячы. Дзеля гэтага абагульняем уласны вопыт, вывучаем рэкамендацыі і парады навукоўцаў, набылі не адну адзінку новай сельскагаспадарчай тэхнікі, увялі ў практыку стымулюючыя выплаты работнікам.

Алена КАРПЕНКА.