Цуды зімовых канікул.

иcтoчник: www.tribunapracy.by

25 снежня ў вучняў пачнуцца зімовыя канікулы. Сёлета яны больш працяглыя, чым у папярэднія гады - будуць доўжыцца да 9 студзеня ўключна. Традыцыйна школы на гэтую пару прымуць дзяцей у аздараўленчых лагерах з дзённым знаходжаннем. У раёне апошнія будуць дзейнічаць у Гарбацэвіцкай і Каменскай сярэдніх школах, Цялушскім, Ленінскім і Хімоўскім вучэбна-педагагічных комплексах. Сёлета ў іх плануюць адпачыць, набрацца станоўчых уражанняў 85 школьнікаў.

Перадканікулярныя дні, як паведаміла метадыст вучэбна-метадычнага кабінета раёна Вікторыя Шунько, абяцаюць быць насычанымі шматлікімі мерапрыемствамі самых розных накірункаў. У цэнтры, вядома ж, святочныя - навагоднія і калядныя. Ранішнікі, тэатралізаваныя відовішчы, конкурсна-гульнёвыя праграмы пройдуць ва ўсіх без выключэння ўстановах адукацыі: школах, вучэбна-педагагічных комплексах, дзіцячых садках, у радзе сельскіх устаноў культуры, у прыватнасці Каменскім СК, Міхалёўскім СДК. Павіншаваць дзяцей са святам прыйдуць не толькі Дзед Мароз і яго казачныя сябры, але і старшыні мясцовых сельвыканкамаў, кіраўнікі арганізацый і прадпрыемстваў на тэрыторыі сельсаветаў.

Выхаванцы дзіцячага прытулку Бабруйскага раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра з вялікім натхненнем чакаюць 24 снежня - у гэты дзень тут мае адбыцца навагодняе свята. 28 снежня ў Палацы мастацтваў г. Бабруйска будзе наладжана навагодняе дабрачыннае свята для дзяцей-інвалідаў і дзяцей-сірот, а таксама дзяцей, якія засталіся без бацькоўскай апекі (у Бабруйскім раёне іх 81 чалавек).

Дэлегацыя раёна з 13-ці вучняў прыме ўдзел у абласным навагоднім дабрачынным свяце для дзяцей з удзелам кіраўніцтва Магілёўшчыны - мерапрыемства пройдзе 29 снежня ў Палацы культуры вобласці. У гэты ж дзень зазіхацяць агеньчыкі і на лясной прыгажуні ў дзіцячым доме сямейнага тыпу сям´і Рак у пасёлку Глуша, куды павіншаваць дзяцей і дарослых з навагоднімі святамі завітаюць прадстаўнікі Бабруйскага раённага Савета дэпутатаў і райвыканкама. А 6 студзеня трох найбольш актыўных і паспяховых у вучобе, творчасці, спорце навучэнцаў раённых школ чакаюць у Палацы Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, дзе пройдзе рэспубліканскае навагодняе свята.

Алена КАРПЕНКА.