Будні міжраённай ветлабараторыі

иcтoчник: www.tribunapracy.by

Бабруйская міжраённая ветэрынарная лабараторыя, акрамя нашага, абслугоўвае чатыры суседнія раёны: Асіповіцкі, Глускі, Кіраўскі і Клічаўскі. Установа, якая месціцца па завулку Пажарным і ў адным з двароў па вуліцы Інтэрнацыянальнай Бабруйска, выконвае надзвычай значную ролю - кантралюе эпідсітуацыю на тэрыторыі паўднёвай часткі Магілёўшчыны. Асноўная дзейнасць лабараторыі - дыягностыка захворванняў хатняй і сельскагаспадарчай жывёлы, кантроль за якасцю корму для яе (і таго, што ў сельгасарганізацыях нарыхтоўваюць, і таго, што грамадзяне для патрэб хатняй гаспадаркі набываюць), правядзенне радыялагічнага даследавання корму і прадукцыі жывёлагадоўлі: мяса, малака, яек. Структура ветлабараторыі - гэта тры сектары: біяхіміі, таксікалогіі і кантролю якасці прадукцыі жывёлагадоўлі; бактэрыялогіі; вірусалогіі і сералогіі, а таксама падраздзяленне радыяцыйнага кантролю. У штаце 11 спецыялістаў - урачоў і лабарантаў.

Будні міжраённай ветлабараторыі

Загадчыца сектара вірусалогіі і сералогіі Наталля Жылан

Размову з загадчыцай сектара вірусалогіі і сералогіі Наталляй Жылан і загадчыцай сектара біяхіміі, таксікалогіі і кантролю якасці Вольгай Федасеевай вядзем з ухілам на наш раён.

- Наталля Міхайлаўна, як на Бабруйшчыне з небяспечнымі для жывёлы хваробамі?

- У Бабруйскім раёне захоўваецца стабільная сітуацыя па асабліва небяспечных хваробах. Мы шмат год не маем бруцылёзу буйной рагатай жывёлы, на які хварэе і чалавек. Мы аздаравілі раён (з 2013 года захоўваецца дабрабыт) па лейкозе. Пастаянна праводзім даследаванні ў адпаведнасці з планам на пацверджанне дабрабыту, маніторынг гэтых і ўсіх магчымых захворванняў, каб папярэдзіць іх узнікненне.

- Як наладжваеце маніторынгі? Якім чынам узаемадзейнічаеце з раённымі гаспадаркамі?

- План маніторынгаў распрацоўваецца на рэспубліканскім узроўні. Далей на яго падставе распрацоўваецца абласны, затым - раённы. Мерапрыемствы апошняга даводзяцца да сельгасарганізацый, непасрэдна галоўных ветурачоў. І з улікам вызначаных тэрмінаў праводзяцца магіторынгі: адбіраюцца неабходныя пробы, на кожную хваробу і кожны від даследавання - свае. Сералагічныя - гэта мы працуем з крывёю, паразіталагічныя - з біяматэрыялам, для бактэрыялагічнага даследавання адбіраецца біяматэрыял загінуўшых жывёл і г. д. Спецыялісты або райветстанцыі, або сельгасарганізацый бяруць на месцах пробы і праз раённую ветэрынарную станцыю пастаўляюць у нашу лабараторыю. Так што цесна ўзаемадзейнічаем у гэтым плане. На падставе нашых дыягназаў спецыялісты райветстанцыі, ветурачы сельгасарганізацый выбудоўваюць сваю далейшую работу, у тым ліку па папярэджанні захворванняў.

- Ці часта і з якой нагоды звяртаюцца ў ветлабараторыю жыхары Бабруйшчыны?

- Звяртаюцца. Часцей з падазрэннем на атручванне жывёлы тым ці іншым прадуктам харчу: набытым кормам, зернем, камбікормам. Не заўжды, але па магчымасці прычыну ўстанаўліваем: ці сапраўды мела месца атручванне ці гэта нейкае інфекцыйнае захворванне жывёлы. З падазрэннем на атручванне прыносяць корм, загінулую жывёлу ці птушку. Праўда, для выяўлення прычыны трэба каб былі вытрыманы тэрміны. Яны звычайна кароткія. Пры атручванні лік ідзе літаральна на гадзіны - праз два-тры дні дакладна нічым не дапаможам. Часта прыносяць біяматэрыял хатняй жывёлы: коцікаў, сабачак, свіней, дробнай рагатай жывёлы на выяўленне, асабліва вясной, паразітарных захворванняў. Апошнім часам зімы не сцюдзёныя, так што наяўнасць кляшчоў актуальна на працягу года.

- Вольга Уладзіміраўна, як маніторыце нарыхтоўку травянога корму ў сельгасарганізацыях раёна?

- Пачынаем з сянажных траншэй: падрыхтаваныя-непадрыхтаваныя, прадэзінфікаваныя і наколькі якасна, у якім стане пад´язныя шляхі. Пасля маніторым непасрэдна працэс нарыхтоўкі корму, звяртаем увагу на ўсе тэхналагічныя моманты, у тым ліку тэмпературу масы ў траншэі, вільготнасць, даўжыню рэзкі, якасць трамбоўкі. З гэтай нагоды сёлета было арганізавана дзяжурства зацікаўленых службаў і ўначы - на аб´ёмы і якасць кансервантаў, герметычнасць закрыцця траншэі. Наступны раз якасць корму кантралюем пасля яго выспявання. Дзеля гэтага маем поўны спіс траншэй з датай закрыцця кожнай, у адпаведнасці з ім ажыццяўляем маніторынгавыя мерапрыемствы - выязджаем на кожную траншэю, кожны сенавал, кожную партыю рулонаў і кропачна адбіраем пробы. Для гэтага карыстаемся спецыяльным прыборам - пробаадборнікам, які дазваляе не парушаць герметычнасці траншэй. Яшчэ адзін маніторынг - у час адкрыцця траншэі непасрэдна перад кармленнем жывёлы. На гэты раз звяртаем увагу ў асноўным на ўтрыманне кіслот, сухога рэчыва. І на падставе нашых аналізаў, з улікам асаблівасцяў корму той ці іншай траншэі, заатэхнікі састаўляюць рацыёны кармлення статку.

Будні міжраённай ветлабараторыі

Вядучы ветурач сектара біяхіміі, таксікалогіі і кантролю якасці жывёлагадоўчай прадукцыі Святлана Бакач і загадчыца сектара Вольга Федасеева

- Ужо, напэўна, праверылі сёлетнія сенажы - што можаце сказаць пра іх якасць і ўвогуле адносіны ў раённых гаспадарках да нарыхтоўкі корму, закладкі траншэй?

- Адносіны ў Бабруйскім раёне, лічу, добрыя - ва ўсіх сельгасарганізацыях імкнуцца прытрымлівацца тэхналогій, неадкладна рэагуюць на заўвагі, выконваюць даведзеныя планы. У кожнай з сельгасарганізацый Бабруйскага раёна ёсць галоўныя ветурачы і заатэхнікі, з кім мы непасрэдна ўзаемадзейнічаем, што станоўча адлюстроўваецца на выніках агульнай справы. Сёлета ўзялі пробы яшчэ не з усіх сянажных траншэй: некаторыя закладваліся дастаткова позна. А на падставе тых, што праманіторылі, магу сказаць - корм атрымалі нядрэнны: у асноўным 1-га (адпавядае ўсім параметрам) і 2-га (ёсць нязначныя адхіленні) класаў. Трэці клас сустракаецца даволі рэдка, някласнага корму (найніжэйшай якасці) у раёне няма.

- Чым яшчэ займаюцца спецыялісты вашага сектара?

- Працуем з крывёю жывёлы, даследуем яе на біяхімію: утрыманне кальцыю, фосфару і г. д., што дазваляе ацаніць стан здароўя жывёлы, ветурачам і заатэхнікам - выбудаваць, у адпаведнасці з гэтым, далейшую работу са статкам ці канкрэтнай жывёлінай. Да прыкладу, калі ў крыві заніжаны паказчык глюкозы, задача заатэхніка - увесці ў рацыён корм з павышаным утрыманнем цукру. Зніжэнне шчолачнага рэзерву ўказвае на ацыдоз, а значыць - патрабуецца рэагаванне ветурача. Гэта значыць, у адпаведнасці з вынікамі нашых аналізаў заатэхнікі адрэгулёўваюць рацыёны кармлення, ветурачы - лячэнне жывёлы. Таксама мы даследуем кроў кожнага нованароджанага цяляці на імунаглабуліны. Гэта робіцца на трэці дзень і паказвае, ці правільна тое ці іншае цяляці было выпаена малозівам (наколькі якасны догляд з боку жывёлаводаў), ці сфарміраваўся ў маленькай жывёлы імунітэт.

На запытанне, ці ёсць цяжкасці ў рабоце спецыялістаў міжраённай лабараторыі, мае субяседніцы адказваюць, што іх не бывае толькі ў тых, хто нічога не робіць. Бабруйская ветлабараторыя - міжраённая, таму характар работы ў многіх раз´язны. Але і ўмовы для гэтага створаны - на працягу двух апошніх год установа папоўнілася двумя аўтамабілямі, у недалёкіх планах, як нам паведамілі, рамонт памяшканняў па завулку Пажарным.

Па словах начальніка Васіля Пазняка, спецыялісты ветлабараторыі - зладжаная кампетэнтная каманда, гатовая да выканання пастаўленых задач, накіраваных на стабільнае функцыянаванне сельскай гаспадаркі, недапушчэнне негатыўных праяў, здольных выклікаць пагаршэнне эпідсітуацыі ў Бабруйскім і суседніх раёнах.

Алена КАРПЕНКА. Фота аўтара.

На фота да матэрыялу - вядучы ветэрынарны ўрач сектара вірусалогіі і сералогіі Марына Шэлдукова за работай з жывой культурай лептаспір - патагенным мікраарганізмам, які выклікае захворванне жывёлы і чалавека (часцяком пераносіцца пацукамі). Мікраарганізм вырошчваюць у лабараторыі, каб дыягназаваць захворванне ў жывёлы.