Гародніна парадавала.

иcтoчник: www.tribunapracy.by

3,4 тоны гародніны закрытага грунта: гуркоў, таматаў, салодкага перцу атрымалі і рэалізавалі ў ААТ ´Саўгас Кісялевічы´ ў бягучым сельскагаспадарчым сезоне. Плюс да гэтага - мелі выручку ад продажу расады.

Гаворачы пра прыбытак ад дадзенага віду дзейнасці, дырэктар Валерый Сяргейчык звяртае ўвагу на той факт, што ў гаспадарцы не прыцягвалі дадатковыя людскія рэсурсы для догляду за пасевамі і зборам ураджаю: усім гэтым, у межах штодзённых абавязкаў, займалася паляводчая брыгада. Таму атрыманы чысты прыбытак не адлюстроўвае дакладнай эканомікі вытворчасці гародніны. Між тым, адно тое, што найбольшыя затраты: набыццё часткі насення (у асноўным выкарыстоўвалі ўласнае) і поліэтыленавай плёнкі на цяпліцу ´адбілі´ яшчэ на час рэалізацыі расады, пацвярджае, што дзейнасць у тых аб´ёмах, што вядуць у гаспадарцы, дастаткова прыбытковая.

- Саўгасная будаўнічая брыгада займалася і накрыццём цяпліцы. Затраты на гэта суадносныя, для параўнання, з рэсурсамі на закладку адной сянажнай траншэі, якіх мы сёлета заклалі 15, - працягвае абгрунтаванне цікаўнасці да гароднінай дзейнасці дырэктар. - З рэалізацыяй ураджаю праблем не было. Прадавалі ў асноўным на гандлёвых пляцоўках горада, але былі і жадаючыя прыдбаць прадукцыю непасрэдна з цяпліцы - і такому жаданню не адмаўлялі.

З вясной у ´Саўгасе Кісялевічы´ ізноў плануюць заняцца расадай. Тэхналогію ж вырошчвання гуркоў, таматаў і перцаў збіраюцца некалькі падкарэкціраваць - наблізіць да ўмоў надвор´я.

Алена КАРПЕНКА. Фота носіць ілюстрацыйны характар.