´Каб пачынаць нанова - была б і за даярку, і за цялятніцу´.

иcтoчник: www.tribunapracy.by

´Гэта прыемная з твару, маладзенькая жанчына, якую вы бачыце на здымку, - даярка саўгаса ´Кісялевічы´ Ніна Бычкова. Яна абслугоўвае 40 кароў, ад кожнай атрымала ў мінулым годзе на 190 кілаграмаў малака больш, чым у папярэднім. І сёлета мяркуе развіць поспех´. На такі подпіс пад фотаздымкам Ніны Іванаўны мы натрапілі, праглядаючы выпускі раённай газеты за 1996 год.

´Каб пачынаць нанова - была б і за даярку, і за цялятніцу´.

З таго часу мінула 25 год - на фотакартцы гераіне аповеду няма і трыццаці. І хоць то тут, то там на яе твары пасяліліся маршчынкі, загрубелі ад цяжкай працы рукі, Ніна Іванаўна сустракае нас на малочна-таварнай ферме пас. Юілейны ААТ ´Саўгас Кісялевічы´, дзе па-ранейшаму дасягае высокіх вытворчых паказчыкаў, гэткай жа шчырай, адкрытай, шырокай усмешкай. Праўда, у якасці аператара не машыннага даення, як у 1996-м, а па дарошчванні маладняку буйной рагатай жывёлы.

32 гады (столькі працуе ў ´Саўгасе Кісялевічы´) прайшлі, са слоў субяседніцы, як адзін. Хоць, калі разважыць - столькі падзей адбылося на яе працоўным і асабістым жыцці...

Нарадзілася Ніна Іванаўна на Веткаўшчыне. У адну з вёсак раёна - чарнобыльскай зоны - вярнулася працаваць пасля заканчэння кааператыўнага вучылішча. Там сустрэла будучага мужа, пажаніліся і ў 1989-м пераехалі за роднымі на Бабруйшчыну, у пас. Юбілейны.

- Іншым разам падумаю: былі ж маладыя, чаго не спыніліся ў Бабруйску, а прыехалі ў раён? І сама ж ведаю адказ - па ўнутраным складзе, па ладзе жыцця вёска заўжды мне бліжэй, - кажа жанчына.

Каб разлічваць на ўласнае жыллё, маладым людзям прапанавалі стаць аператарамі машыннага даення ў саўгасе. Варыянтаў не было - пагадзіліся, дый сельскагаспадарчай працы жанчына, якая вырасла ў вялікай сям´і, не баялася. Муж пасля некалькіх год даярства, дзе таксама выдатна сябе зарэкамендаваў, перавёўся ў шафёры.

Гаспадарка развівалася, Юбілейны адбудоўваўся, і з часам сям´і, у якой падрастала двое дзетак, вылучылі добраўпарадкаваны дом на галоўнай вуліцы населенага пункта. Праўда, выкупіць адразу жыллё ў сям´і не атрымалася, а пасля давялося прыватызаваць за немалую суму. Але і на гэтую акалічнасць Ніна Іванаўна не наракае: прывыкла шукаць ва ўсім станоўчае. Тым болей што праз паўгода надыходзіць час поўнага разліку.

Сын і дачка, пра якіх маці гаворыць з вялікай пяшчотай, жывуць асобна, але ў бацькоўскі дом часта наведваюцца, дапамагаюць з агародам і вялікай гаспадаркай, бавяць час з дзецьмі (у Бычковых трое ўнукаў). Ніна Іванаўна адзіная, хто трымае ў пасёлку карову (да нядаўняга часу нават было дзве). Праблем з назапашваннем сена на зімоўку, як кажа, не ўзнікае: можна купіць, як зрабілі сёлета, або самім нарыхтаваць з падтрымкай гаспадаркі - кіраўніцтва ў гэтым ніколі не адмаўляе.

У даярскай справе маладая жанчына сябе добра зарэкамендавала - надоі год ад году раслі, а з імі і пашана. Дасягнутыя 5 000 кілаграмаў малака на карову прывялі яе ў кагорту перадавікоў вытворчасці і не толькі раённага маштабу. ´У той год абласную ўзнагароду далі і прэмію дужа вялікую´, - згадвае жанчына.

Між тым, прафесію даяркі пасля 12 год работы з-за праблем са здароўем Ніне Іванаўне давялося пакінуць. Сем год была на лягчэйшай працы, за вартаўніка. Калі праблема ўляглася, пагадзілася на цялятніцу, прычым, не ў самых лепшых умовах колішняга палігона: у прыстасаваных пад жывёлу збудаваннях, без электрычнасці, з прывазнымі кормам і вадой.

Характарызуючы працаўніцу, дырэктар Валерый Аляксандравіч Сяргейчык заўважыў: ´Адно тое, што ў такіх надзвычай складаных умовах Ніна Іванаўна мела прыбаўленні ў вазе, кажа, наколькі адказны і сумленны яна чалавек, неабыякавы і працавіты´.

´Каб пачынаць нанова - была б і за даярку, і за цялятніцу´.

Другі год як субяседніца працуе на МТФ пас. Юбілейны, куды пасля рэканструкцыі памяшканняў перавялі з ´палігона´ жывёлу. Умовы, па яе словах, створаны добрыя, корму ўдосталь: сена, сянаж, сілас, кукуруза, канцэнтраты. Хоць, як з усмешкай заўважае, яе цяляты ніколі не былі абдзелены. Па характары Ніна Іванаўна не мае звычкі замоўчваць праблему, калі што - тут жа звяртаецца да загадчыка фермы, а то і кіраўніка. Неабыякавая, хуткая, энергічная, з калгаснай жывёлай абыходзіцца, як са свайго падворка, таму і вынікі мае адпаведныя, таму і ўшанавана на Дошцы гонару ´Саўгаса Кісялевічы´.

На пытанне, ці не шкадуе субяседніца, што лёс прывёў яе на ферму, а не за прылавак (на гэта вучылася), пасля невялікай паўзы адказвае: ´Не. Кожнаму сваё. Каб пачынаць нанова, была б і за даярку, і за цялятніцу. Нялёгка. Цяжка... Але маё´.

У час размовы Ніна Іванаўна раз ад разу паварочваецца да сваіх ´выхаванцаў´, лагодна паводзіць далонню па прыгожых белабрысых пысах цялятак сіментальскай пароды, якія з усіх бакоў імкнуцца патузаць даглядчыцу за халат, быццам дзякуюць за поўныя кармушкі. У канцы сустрэчы яна яшчэ раз уважліва аглядае немалую гаспадарку, шпарка садзіцца на веласіпед, каб зусім хутка ізноўку прывітацца са сваімі гадаванцамі.

Алена КАРПЕНКА. Фота Юрыя ЮРКЕВІЧА.