Ці лёгка быць маладым спецыялістам?

иcтoчник: www.tribunapracy.by

Дар´ю Бабкову ў субяседнікі выбрала невыпадкова. Пачынаючага ветурача, спецыяліста Бабруйскай раённай ветэрынарнай станцыі, куды дзяўчына прыехала на работу пасля атрымання дыплома Віцебскай ветакадэміі, парэкамендавалі ў райсельгасхарчы як чалавека з адказным падыходам да абавязкаў, такі ж водгук пра маладога спецыяліста і ў працоўным калектыве.

Ці лёгка быць маладым спецыялістам?

Маё ж уражанне пра Дашу склалася выключна ад размовы. Аргумент не моцны, але журналісцкая прафесія навучыла бачыць і чуць глыбей і шырэй, чым на паверхні. Спадзяюся, і на гэты раз не падвяла. Дзяўчына мне падалася разумнай, сціплай, адкрытай і некалькі разгубленай, з нячастым - асабліва для моладзі - уменнем сфармуляваць думку.

Пра што гаварылі? Пра рознае: працу, умовы жыцця, захапленні, уражанні ад прафесіі, калектыў, чаканні, бачанне ўласнай будучыні... І вось што атрымалася.

- Даша, наколькі ведаю, вы не тутэйшая, але вучыліся па мэтавым накіраванні ад Бабруйскага раёна. Як так сталася?

- Родам я з Магілёва, але ў школу хадзіла ўжо ў Асіповічах, куды пераехала сям´я, вучылася ў гімназіі. Калі прыйшоў час набываць прафесію, была ў некаторай разгубленасці: куды паступаць, калі ты больш гуманітарый, чым матэматык? І неяк падумалася: чаму б не лячыць коцікаў і сабачак, асабліва, калі іх шкадуеш, дый накірункі, дзе можна сябе прымяніць, не сказаць што абмежаваныя? Можна было ўзяць накіраванне ад Асіповіцкага раёна, але хацелася ўсё ж бліжэй да буйнога горада. На Мінск так адразу не адважылася: Бабруйск падаваўся больш хатнім. Разважылі з маці, што жыццё тут будзе таннейшым - на пачатку прафесійнага стаўлення гэта немалаважна. Дый у Бабруйску ёсць родныя.

- Вучоба ўмацавала ў думцы, што вы на правільным шляху? Ферма не напужала?

- Першае моцнае ўражанне было хутчэй не ад фермы, а ад праўды, якую нам данеслі - гэта работа найперш з буйной сельскагаспадарчай жывёлай, і акадэмія наша адносіцца да Міністэрства сельскай гаспадаркі. Лячэнне коцікаў - гэта не зусім пра тое. Хоць засвоіць навуку лячэння дробнай жывёлы ў акадэміі можна - для тых, хто жадае развівацца ў гэтым накірунку, створаны ўмовы. Праўда, у мяне мэтавае накіраванне, так што на момант размеркавання я не мела магчымасці выбіраць. Навучанне вялося на падставе чатырох груп жывёл: буйной рагатай, коней, свіней і сабак. Вывучалі ўсё, пачынаючы ад анатоміі. Перш чым прыехаць на ферму, мы сустракаліся з буйной жывёлай у акадэміі - там уласныя клінікі, загоны, станкі, на розных кафедрах свае: тэрапіі, акушэрства, хірургіі і г. д. Работа з жывёлай у станках - далёка не тое, што на вытворчасці, але агульнае ўяўленне дае. Непасрэдна ў сельгасарганізацыю ўпершыню наведаліся не на першым годзе. Цяпер гэтую сістэму змянілі - першакурснікаў адразу на пачатку навучання возяць па гаспадарках, знаёмяць з будучай прафесіяй. Ферма мяне не скажу каб уразіла, а вось наведванне мясакамбіната стала сапраўдным шокам... Не ў кожнага вытрымлівалі нервы. Нават зараз ад думкі, што трэба туды ехаць - па працы гэта здараецца - адчуваю сябе не надта добра. Дый увогуле ветэрынарыя - дастаткова жорсткая навука. Жаданне дапамагчы жывёле - яно добрае, але трэба разумець, наколькі гэта цяжка маральна, бо даводзіцца рабіць розныя рэчы... І не ўсе могуць. Да прыкладу, я і сама на многае не гатова.

- Напэўна, гэта толькі таму, што вы ў пачатку прафесійнай дзейнасці - з вопытам многае мяняецца і ўспрыняцці таксама?

- Па-першае, так, а па-другое - калі чалавек разумее, што ён не здольны на некаторыя рэчы, то, магчыма, і не дойдзе да гэтага. Лічу правільным, што цяпер на пачатку вучобы возяць па калгасах, знаёмяць са спецыфікай работы. Іншая справа - ці ўдаюцца ў дэталі? Цяпер, калі сама працую, бачу, як у іншых ёсць... Я не магу адмаўляць наяўнасць такога і не магу адмаўляць свайго негатыўнага стаўлення да гэтага.

- Што маеце на ўвазе?

- Абыходжанне з жывёлай. Не ўсюды догляд адпавядае, як мінімум, нормам.

- Калі спецыялісты райветстанцыі сутыкаюцца з фактамі нядогляду жывёлы, нешта прадпрымаюць ці толькі дакументуюць іх?

- І прадпрымаюць, і сварацца, калі рэакцыя неаб´ектыўная. Я, вядома ж, не: я малады спецыяліст, толькі вучуся (усміхаецца). Акрамя таго, што сочым, прымаем меры па паляпшэнні сітуацыі: мы адказныя за кантроль - з нас таксама будзе попыт. Даем парады работнікам, ветурачу, пры неабходнасці сустракаемся з кіраўніком сельгаспрадпрыемства. Гэта значыць, што кожнае выяўленае парушэнне не застаецца незаўважным. Хоць, вядома ж, улічваем, што асобныя негатыўныя моманты - ад фінансавых цяжкасцяў гаспадаркі, і нават пры вялікім жаданні работнікаў, спецыялістаў не могуць быць хутка выпраўлены.

- Якія вашыя абавязкі?

- Абавязкаў шмат. У райветстанцыі шырокі спектр функцый, спецыялісты адказныя за многія фактары ў раёне. Збіраем інфармацыю, вядзем уліковыя паперы, часопісы, поўную статыстыку хвароб, сочым за імунізацыямі, вакцынацыямі жывёлы, праводзім розныя даследаванні. У асаблівых выпадках аказваем практычную дапамогу ветурачам сельгасарганізацый у лячэнні. У нашы абавязкі ўваходзіць у тым ліку кантроль за нарыхтоўкай корму жывёле: пастаянна наведваем ветлабараторыю, адвозім туды корм, аналізы жывёлы. Мы цалкам павінны ведаць і кантраляваць ветсітуацыю ў раёне. Працоўны дзень васьмігадзінны, але здараюцца выезды ў сельгасарганізацыі і а 5-й гадзіне, на мясакамбінат звычайна едзем увечары.

- Вы не мясцовая, таму лагічнае пытанне - дзе жывеце?

- Жыву ў родных, зняць кватэру ў мяне магчымасцяў пакуль няма. Прапаноўвалі інтэрнат - арганізацыя хадатайнічала перад жылкамгасам. Дзеля гэтага я станавілася ў чаргу. Месца ў інтэрнаце прапанавалі даволі хутка - прыкладна праз месяц. Але ў выніку прыйшлося адмовіцца, бо ўмовы там былі, мякка кажучы, далёкімі ад ідэальных. Каб жыць, заменай адных толькі шпалер не абыдзецца: трэба рабіць рамонт ад падлогі да столі. Разумеючы, што з заробку маладога спецыяліста я гэта не асілю, выбрала варыянт у родных. Усведамляю, што гэта не ёсць добра і ў далейшым лакацыю ўсё ж планую змяніць.

- З кім стасуецеся? Ці абзавяліся сябрамі? Ці ёсць знаёмыя па акадэміі? Жыццё ж - гэта не толькі праца. Яго агульнае ўспрыманне залежыць ад многіх фактараў. Іншым разам уплывае і на адносіны да працы.

- Я тут не расла, таму старога кола зносіх не маю. Ёсць знаёмы па акадэміі, які таксама сюды размеркаваўся і працуе. Тэлефануемся з сябрамі па вучобе, дзелімся ўражаннямі, будуем планы сустрэцца. Але ў мяне выдатны калектыў: людзі дзеляцца вопытам, дапамагаюць і словам, і справай, і я гэта вельмі цаню. Схадзіць тут куды-небудзь пакуль не было магчымасці ды і заробак асабліва не дазваляе.

- Калі не сакрэт, які ён у маладога спецыяліста?

- 420 рублёў ´на рукі´, з якіх 291 рубель аклад - гэта мінімум, які я стабільна маю, але перыядычна бываюць прэміі, якія залежаць ад ацэнкі работы спецыяліста начальнікам.

- Хапае на жыццё?

- Я зусім няшмат працую, прыйшла на работу ў жніўні, таму мне яшчэ цяжка ацаніць сітуацыю з грашыма. Улічваючы тое, што жыву з блізкімі родзічамі - за жыллё не плачу, харчаванне таксама толькі часткова з майго кашалька. Але я цалкам абслугоўваю аўтамабіль - не ўласны, далі ў карыстанне, тэлефон, набываю нешта з прадметаў гігіены, дробязі - і ўсё. Праўда, можна б было, напэўна, ужацца - за час, што ў Бабруйску, дазволіла сабе паездку да сяброў у Гродна, таксама ў мінулым месяцы былі дні нараджэння ў родных...

- Ці правільна разумею, што ў аграрнай галіне раёна вам трэба адпрацаваць пяць год?

- Так, гэта ўмовы мэтавага накіравання. І з улікам таго што гэта дастаткова вялікі тэрмін, прызнаюся, нялёгка пра гэта думаць. Хоць работа ў ветстанцыі мне сапраўды падабаецца.

Ад аўтара

... Згадваю свае першыя ўражанні ад прыезду па размеркаванні: унутраны дыскамфорт ад нязведанага, адарванасці ад звыклага кола зносін, шэрасці Бабруйска пасля Мінска, рабочага інтэрната - хацелася плакаць. Выручыў калектыў (дырэктар бабруйскай школы №30 Галіна Казіміраўна аднеслася, без перабольшання сказаць, па-мацярынскі, нагадвала матулю нават сукенкай). Выручыла кола новых сяброў-настаўнікаў, якімі неўзабаве абзавялася - яны і цяпер сябры. Выручылі прызнанне і павага на працы (вяла курсы па мове і для педагогаў) і ´другі па велічыні´ заробак, як любіла казаць намесніца дырэктара Яўгенія Саламонаўна (за выкладанне беларускай мовы даплачвалі 15%). Таму жадаю, каб і ў жыцці Дар´і, якая мне сапраўды імпануе, такіх ´выручалак´ стала болей.

Алена КАРПЕНКА. Фота з архіву Д. Бабковай і інтэрнэт-крыніц.