Каб зіма не прынесла праблем.

иcтoчник: www.tribunapracy.by

Каб зіма не прынесла праблем і жывёлагадоўля сустрэла яе падрыхтаванай, у раёне звычайна прадпрымаюцца неабходныя для гэтага меры: рыхтуюцца хлявы да ўтрымання жывёлы ў зімне-стойлавы перыяд, робіцца рэвізія неабходнага абсталявання і аснашчэння, ствараецца адпаведная кармавая база.

А што ў гэтым годзе?

Сёлета, як паведаміў намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Аляксандр Кісялёў, усе жывёлагадоўчыя аб´екты да зімне-стойлавага перыяду гатовы.

- У асноўным усё падрыхтавана. Застаюцца, можна сказаць, нязначныя моманты. Да прыкладу, у асобных жывёлагадоўчых памяшканнях не апушчаны шторы на вокнах. Але час і надвор´е дазваляюць пакуль не рабіць гэтага. Дый у хлявах павінен быць створаны абмен паветра як адна з умоў тэхналагічнага догляду. Пры неабходнасці, у вялікія маразы, вокны, вядома ж, зашторым - усе канструкцыі тэхнічна спраўныя. Жывёла пераведзена на зімовыя рацыёны з выкарыстаннем прыгатаваных у гэтым годзе сенажу, сіласу, канцэнтраванага корму. Гурты, якія выпасаліся, цяпер кругласутачна ў хлявах, выключэнне складаюць хіба што гаспадаркі, дзе практыкуюць актыўныя мацыёны цягам гадзіны-паўтары. За кожным аб´ектам жывёлагадоўлі замацаваны адказныя асобы з ліку спецыялістаў райсельгасхарчу. У іх задачы - маніторынг комплексаў і ферм, выяўленне парушэнняў падчас арганізацыі зімне-стойлавага перыяду, кантроль за своечасовасцю пазбаўлення ад іх, - адзначыў Аляксандр Кісялёў.

Ці дастаткова будзе корму?

Запас травянога, па словах начальніка вытворчага аддзела райсельгасхарчу Віктара Садоўскага, зроблены немалы:

- Для патрэб жывёлагадоўлі нарыхтавана 75 500 тон сенажу, 90 150 тон сіласу, 7 728 тон сена, што ў пераразліку на ўмоўную галаву жывёлы складае 27,7 ц к. адз. (на 2,2 ц к. адз. болей, чым у папярэднім годзе) пры гадавой патрэбе прыкладна 30 ц к. адз. Але гэта ў сярэднім па раёне. У тым жа ААТ ´Саўгас Кісялевічы´ нарыхтавана 37 ц к. адз. на ўмоўную галаву, у ААТ ´Міхалёўская Ніва´ - 31,5 ц к. адз., у філіяле ´Харчавік-Агра´ ААТ ´Чырвоны харчавік АграСэрвіс´ - 28,3 ц к. адз. Да таго ж, наперадзе яшчэ нарыхтоўка сенажу з траў.

Як будзе вырашацца патрэба ў канцэнтраваным корме?

Дасягнуць высокіх надоеў і прывагаў немагчыма без выкарыстання канцэнтраванага корму. З улікам таго, што сёлетні год не вызначыўся высокай ўраджайнасцю збажыны - у параўнанні да папярэдняга раён недабраў прыкладна 10 тысяч тон зерня - меней назапашана і фуражу. Патрэба ў канцэнтратах можа быць вырашана за кошт зерня кукурузы - уборка расліны на гэтыя мэты працягваецца, але не ва ўсіх гаспадарках.

- З гэтай сітуацыі шукаем выйсце. Тым, у каго ўласнага зерня недастае, будзе створана магчымасць набываць камбікармы для навацельных кароў і маладняку ў Беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыі пасродкам ААТ ´Бабуліна крынка´. Некаторыя гаспадаркі ўзаемадзейнічаюць у гэтым пытанні з нашым СВК ´Гігант´, дзе зерня назапашана і для сябе, і на продаж у выглядзе прыгатаваных на ўласным заводзе камбікармоў, - адзначыў Аляксандр Кісялёў.

Якая сітуацыя з вытворчасцю малака на гэты час?

Па стане на 1 лістапада валавая вытворчасць малака ў раёне склала 98,3 тоны або 102% да адпаведнага перыяду папярэдняга года, з пачатку года - 109%. Станоўчая тэндэнцыя апошнім часам падтрымліваецца, па словах намесніка начальніка райсельгасхарчу, найперш за кошт СВК ´Гігант´ - лідара па тэмпе росту вытворчасці (на 1 лістапада - 187% да ўзроўню 2020 г.), філіяла ´Варатынь´ ААТ ´БЗТДіА´ - фаварыта па вале і ўдоі малака на адну карову (сярэднедзённы - 19,3 кг). З плюсам у гэты дзень спрацавалі жывёлаводы ААТ ´Міхалёўская Ніва´, ААТ ´Саўгас Кісялевічы´, філіял ´Харчавік-Агра´ ААТ ´Чырвоны харчавік АграСэрвіс´. Недабралі леташняга малака ў ААТ ´Стасеўка´, ААТ ´Агракамбінат Бабруйскі´, ААТ ´Неўскі-Агра´, КСУП ´Хімы-Агра´.

Што да ´Гіганта´, то там, як было адзначана, праведзена немалая работа ў дачыненні жывёлагадоўлі: над якасцю статка (у тым ліку набылі нецеляў), балансоўцы рацыёнаў кармлення жывёлы (дадаткова прыдбалі два кормараздатчыкі), умовамі ўтрымання маладняку (з´явіліся сучасныя індывідуальныя хаткі для нованароджаных цялятак, пастэрызатары малака), што ў комплексе і прывяло да станоўчага выніку.

Алена КАРПЕНКА. Фота з архіву.