Прафесія перадалася ў спадчыну.

иcтoчник: bobruisk-rik.gov.by

Пра Аляксандра Дайнека, вадзіцеля СВК ´Гігант´, на старонках раённай газеты мы пісалі неаднойчы, а правільней будзе сказаць - шмат разоў, асабліва з улікам таго, што гадоў герою аповеда ўсяго 30 з гакам. У асноўным інфармавалі пра яшчэ адну ўзнагароду маладога вадзіцеля за перамогу ў працоўным спаборніцтве: раённым, абласным і нават рэспубліканскім. За 11 год, што трымаецца за баранку, іх у Аляксандра Уладзіміравіча набралася столькі, што і сам не падлічыць. Сярод найбольш ганаровых, вядома ж, дажынкаўскія.

- Тры разы ўдзельнічаў у якасці маладога вадзіцеля-пераможцы ў абласных дажынках і тройчы - у рэспубліканскіх, - кажа Аляксандр. - за ўзнагародамі ў складзе раённай дэлегацыі ездзіў у Маладзечна, Горкі і Жлобін. Уражанняў засталося - безліч! Годныя атрымаў і падарункі (усе тры разы займаў на рэспубліцы 2-е месца).

Між тым, наша размова з Аляксандрам Дайнекам, чый працоўны стаж у роднай гаспадарцы пачаўся ў 2009 годзе, не столькі пра перамогі і падарункі, як пра выбраную ім прафесію. Асазнана ці выпадкова працягнуў ён, нашчадак двух пакаленняў вадзіцеляў ´Гіганта´, бацькаву і дзедаву справу жыцця? Адказаць на гэта наўрад ці мог малады вясковец і тады, калі прыняў кардынальнае для сябе рашэнне не працягваць вучобу ў Бабруйскім хімтэхнікуме, куды паступіў пасля заканчэння каледжа імя Чарныша, - наўрад ці ведае і сёння. Проста, як кажа, ´зразумеў, што хачу быць вадзіцелем´. Затое на ўсе сто працэнтаў упэўнены, што вадзіцельства - яго справа і што бацькавых і дзедавых прынцыпаў - працаваць на сумленне, памнажаць дабрабыт гаспадаркі і населенага пункта, адкуль пайшлі карані і дзе растуць яго дзеці, - і ён прытрымліваецца.

Род вадзіцеляў-Дайнекаў тутэйшы, бортнікаўскі. Іосіфа Іосіфавіча, дзеда Аляксандра, колішнія работнікі калгаса ´Гігант´ успамінаюць добрым словам дагэтуль. ´Спраўны быў вадзіцель, на ГАЗ-53 працаваў, на сяўбе, ва ўборачную кампанію - заўжды выходзіў у перадавікі, грамат шмат атрымліваў´, - згадвае пра Іосіфа Дайнека жыхар Вялікіх Бортнікаў, у мінулым - намеснік старшыні па ідэалагічнай рабоце СВК ´Гігант´ Мікалай Аляксандравіч Сакун.

Сам жа Аляксандр запомніў дзеда Іосіфа не як перадавіка, а як лагоднага ды родных чалавека, шчырага і вясёлага. ´Дзед не меў звычкі павышаць голас, перамяжаў размову ўсмешкамі і гумарам´, - заўважае перадавік-унук. Ад яго ж дазналіся, што працоўную дзейнасць у калгасе І.І. Дайнека завяршыў толькі ў 65-гадовым узросце.

Вадзіцельстваваў у ´Гіганце´, пакінуўшы пра сябе цёплыя водгукі, і бацька Аляксандра - Уладзімір Іосіфавіч. Прыйшоўшы ў гаспадарку пасля школы, ён да арміі год працаваў на трактары, пасля арміі - на бензавозе, працяглы час на калгасным аўтобусе і больш за 10 год - на грузавіку. Вось ужо колькі год як Уладзімір Іосіфавіч, па стане здароўя, не працуе ў гаспадарцы, знаходзіцца на заслужаным адпачынку. Менавіта бацька, па словах Аляксандра, падтрымаў у свой час яго ідэю пайсці ў вадзіцелі. Пазней, разам з вопытам, перадаў і грузавік, на якім працаваў. На бацькоўскай машыне мой субяседнік яшчэ 10 год адмерваў ´гігантаўскія´ прасторы і не толькі: здараліся паездкі і ў іншыя вобласці. А сёлета перасеў на новенькі МАЗ - такое рашэнне ў гаспадарцы прынялі на падставе яго неацэннага ўнёску ў развіццё сельскагаспадарчага кааператыва, памнажэнне працоўнай славы раёна.

- Гэта чалавек, які не цураецца любой работы, на якога ва ўсім можна пакласціся і быць упэўненым - зробіць як найлепш, - кажуць пра Аляксандра ў калектыве.

Сам жа герой аповеду ніякага геройства за сабой не бачыць - маўляў, працую, як усе, як магу, умею і прывучаны. На новым самазвале ў гэтым годзе што толькі не вазіў: сянаж, пясок, збажыну, бульбу, арганіку, а ў гэтыя дні заняты на адвозцы кукурузнага зерня ад камбайнаў.

У чым складанасці вадзіцельскай прафесіі? На гэтае запытанне з усмешкай адказвае, што не бачыць ніякіх:

- Гэта толькі на пачатку працоўнай дзейнасці была разгубленасць. Памятаю, паслалі ў Крычаў - 200 кіламетраў туды і 200 назад. Выйшаў з машыны, узяўся за спіну і падумаў - як буду працаваць? Пасля ўцягнуўся. Ездзіць давялося і на ўдвая большыя адлегласці - і нічога.

Спецыфіка вадзіцельскай прафесіі на сельгасвытворчасці ў тым, што працоўны графік чалавека, які на яе ´падпісаўся´, залежыць ад напружання палявых работ. Падчас сяўбы і асабліва ў жніво, уборачную кампанію на хатнія справы, адпачынак з сям´ёй, выхадныя дні можна забыцца. Але гэта, па словах субяседніка, не перашкаджае агульнаму стаўленню да прафесіі. Выхадныя можна ўзяць у іншыя, меней загружаныя дні - кіраўніцтва заўжды ідзе насустрач патрэбам работнікаў.

З разуменнем да мужавай занятасці ставіцца і жонка - працуючы ў аграрнай галіне (галоўным бухгалтарам у суседняй з ´Гігантам´ гаспадарцы), яна добра ведае, што значаць для сельгасвытворцаў сяўба і пасяўная.

Сям´я Аляксандра, у якой выхоўваюцца дачушкі 13 і 10 год, вось ужо адзінаццаць год жыве ў калгасным доме ў Малых Бортніках. Арэндная плата за добраўпарадкаванае жыллё і сама па сабе, і тым болей у параўнанні з горадам, сімвалічная, што дазваляе не браць у разлік гэтыя расходы.

Жыць на сяле для героя аповеду - гэтак жа натуральна, як і працаваць у сельскагаспадарчай галіне.

- Тут сябры: і школьныя, і новыя. Збіраемся, знаходзім, як насыціць вольны час. Абавязкова адзначаем сямейныя святы - вось і нядаўна дачушцы зладзілі 13-ты дзень нараджэння... Гэта блізкі мне лад жыцця, і тут усё мяне задавальняе, - разважае Аляксандр Дайнека.

Пры гэтым, як кажа, ён не бярэцца навязваць іншым уласныя меркаванні на жыццё. Бо яны для кожнага складваюцца з іх асабістых шматлікіх зярнят-фактараў - выбар за самім чалавекам. Гэта датычыцца ў тым ліку вадзіцельскай прафесіі. ´Адны становяцца дальнабойшчыкамі - гэта іх выбар. Я аддаю перавагу рабоце ў сельскай гаспадарцы - і гэта мой выбар´, - падвёў вынікі размовы перадавы вадзіцель.

Алена КАРПЕНКА. Фота з архіву рэдакцыі.