Аляксей Скатарэнка: ´Я сапраўды люблю сваю работу´.

иcтoчник: www.tribunapracy.by

Не важна, якая прафесія ў чалавека, важна, які ён у прафесіі - зацікаўлены, захоплены, апантаны ці незацікаўлены, абыякавы, неадказны. Апошняе, як вядома, - катэгорыя пастаянная. З гэтым людзі, як мінімум, нараджаюцца, як максімум - выхоўваюцца. А вось зацікаўленасць і апантанасць, на долю якіх, як лічу, прыходзіцца болей за 50 працэнтаў ад паказчыку эфектыўнасці працы чалавека, - ад таго, наколькі сваёй справай (па ўнутраным адчуванні) ён займаецца.

Мой субяседнік - сваёй. І нічога што прыйшоў у прафесію, можна сказаць, выпадкова - на парозе дарослага жыцця хіба многія ўяўляюць яго абрысы?

... На сустрэчу з галоўным ветэрынарным урачом філіяла ´Харчавік-Агра´ ААТ ´Чырвоны харчавік АграСэрвіс´ Аляксеем Скатарэнка, неаднаразовым пераможцам працоўных спаборніцтваў, прыязджаем на малочна-таварную ферму аг. Цялуша. Адзін з трох жывёлагадоўчых аб´ектаў гаспадаркі - асновы асноў вытворчасці, дзе зараджаецца малако: рагуль спачатку рыхтуюць да ацёлу, а пасля раздойваюць. Там жа ажыццяўляецца догляд за нованароджанымі цялятамі - будучымі каровамі.

Доктар пад´ехаў да фермы з дакладнасцю да хвіліны, імкліва, з ветрыкам - на ровары. ´Вось гэта па-сучаснаму! - вітаем яго і ледзьве паспяваем за імклівай хадой, характэрнай для чалавека, графік якога загадзя распісаны і не ў звычцы яго парушаць.

- Не свой (пра веласіпед), але пра гэта падумваю, - кажа субяседнік, - зручна, карысна для здароўя і танней. Бензін на аўто абыходзіцца ў капейку, штодня з Бабруйска ў Цялушу і назад - выліваецца ў немалую суму, таму з некаторага часу перасеў на чыгунку.

Ад гэтага дзень ветурача пачынаецца ў 4.30. Адбой, як кажа, мала калі раней за апоўнач: ва ўласным доме заўжды знойдзецца работа, да таго ж, трэба паразмаўляць, дапамагчы з хатнім заданнем школьніку-сыну. На запытанне, як вытрымлівае такі рытм, Аляксей Скатарэнка ўсміхаецца, кажа ´нармальна, здаецца, усё паспяваю´. У службовым кабінеце выхоплівае са стосу адзін з уліковых журналаў, прабягае, паводзячы пальцам, па напісанаму, нешта прыкідвае. Эканомячы яго і свой час, прыступаю да інтэрв´ю.

- Аляксей Валер´евіч, чаму пайшлі на ветурача? Толькі не кажыце, што за кампанію з сябрам...

- Прыблізна так і было, - не адрываючыся ад лічбаў, шырока ўсміхаецца суразмоўца. - Старэйшы гадамі таварыш вучыўся ў Віцебскай ветэрынарнай акадэміі. Калі перада мной паўстала праблема выбару прафесіі, паклікаў і мяне.

- Бабруйшчына - ваша малая радзіма?

- Радзіма маёй жонкі. Яна з Бабруйска, там і жывем. Я ж родам з Барысава, туды да бацькоў часцяком наведваемся. У Бабруйскі раён трапіў па размеркаванні - адпрацоўку прайшоў у калгасе імя А. Неўскага. Пасля працаваў у прыватніка: ездзілі па гаспадарках краіны, лячылі капыты жывёле. Але раз´язны характар работы стаў супярэчыць жыццёвым планам: у сям´і з´явілася дзіця, пачалі будаваць уласны дом. Каб справа на будоўлі рухалася, трэба было самому, хоць па вечарах, бываць там. Так прыйшоў у філіял ´Харчавік-Агра´ і вось ужо шэсць гадоў садзейнічаю развіццю гаспадаркі.

- Калі шчыра - не прыходзіла шкадаванне, што менавіта так усё склалася?

- Ніколі. Я сапраўды люблю сваю работу, мне цікава дасягаць адпаведнага выніку, аналізаваць яго, паглыбляць і пашыраць прафесійныя веды - блага, інфармацыі, навуковых рэкамендацый, падказак цяпер дастаткова. Работы ў ветурача многа. Але калі сістэматызаваў яе, унікнуў у сітуацыю, выбудаваў алгарытм дзеянняў і яго прытрымліваешся - усё раскладваецца па паліцах, прыходзіць разуменне, што і калі рабіць, каб мінімізаваць аб´ём клопатаў у перспектыве, якую задачу вырашаць першачаргова.

- Непасрэдна зараз чым зоймецеся на ферме?

- Устанаўленнем дыягназаў, па якой прычыне тая ці іншая карова не перайшла ў разрад цельных - на ферме Цялушы гэта асноўнае. Таксама зраблю агляд маленькіх цялятак, пракантралюю вынік лячэння асобных з іх.

- Устанаўліваць дыягназы чым збіраецеся?

- Рукамі.

- І толькі?!

- Не так і мала. Гэта на пачатку працоўнай дзейнасці ўсё незразумелае. З часам і вопытам рукі становяцца адчувальнымі - і захворванні, і цельнасць вызначаюць. Апошняе хоць і на пазнейшым тэрміне, чым гэта б устанавіў УЗІ-сканер, але ўсё ж. А вось масціты ў кароў дапамагаюць выяўляць аператары машыннага даення. Прывязное ўтрыманне, як у нас, станоўчае тым, што даярка цесна ўзаемадзейнічае з жывёлай і бачыць любыя змены ў яе паводзінах. Атрымаўшы аператыўна інфармацыю пра гэта, мы, ветурачы (на МТФ Савічы - Дзмітрый Матусевіч) аператыўна на яе рэагуем, у выпадку з масцітамі - выяўляем ступень захворвання, лечым.

- Масціты - біч малочнай жывёлагадоўлі. Што да іх прыводзіць?

- Шэраг фактараў, у тым ліку ўмовы ўтрымання, догляд кароў. І калі з умовамі не паспрачаешся, то догляд залежыць выключна ад людзей, непасрэдна аператараў. Пра гэта бясконца тлумачым нашым жанчынам, расказваем, як абыходзіцца з жывёлай, каб мінімізаваць хваробы, не знізіць яе прадуктыўнасць.

- Слухаюць?

- І слухаюць, і стараюцца належна выканаць. З людзьмі трэба размаўляць, не крыкам рашаць праблему, не загадам, а нармальным словам. І быць патрабавальным да сябе: сказаў - зрабіў.

- Неабходнымі лекамі гаспадарка забяспечана?

- Прэпараты і для лячэння, і для прафілактыкі маюцца. Чаго няма, але патрабуецца - набываем.

- На апошнім раённым семінары-вучобе шмат гаварылася пра тэхналагічнасць рацыёнаў кармлення, выкарыстанне спецыяльнай праграмы для гэтага. Вы былі адным з нямногіх, хто каментаваў тэму. Склалася ўражанне - з праграмай добра знаёмы...

- Мы даўно такой праграмай карыстаемся. Калі сюды прыйшоў, праграма ўжо была. Падчас зімне-стойлавага перыяду будзем разлічваць прыгатаванне той жа кормасумясі. Пры адкрыцці кожнай новай траншэі садзімся з заатэхнікам, ён мне кажа, я заношу паказчыкі кармоў, якія прыйшлі з лабараторыі, у камп´ютар. Ведаем, колькі чаго ў корме той ці іншай траншэі па факце ўтрымліваецца і балансуем рацыёны. Няхай не па 50-ці паказчыках, але па асноўных - абавязкова.

- Зноў звярнуся да вераснёўскага семінара, дзе вялася размова пра вядзенне першаснай уліковай дакументацыі. Няўжо рэальна весці такую колькасць папер? Сярод спецыялістаў, як мне падалося, адчувалася некаторая разгубленасць на гэты конт?

- Дакументы спецыялісты вядуць кожны свае. Асабіста я запаўняю пяць журналаў (дэманструе кожны). І ўсе іх лічу неабходнымі. Запісы ў іх дазваляюць выбудаваць работу з найбольшым эфектам, а таксама знайсці адказ на тую ці іншую праблему - гэта значыць, дапамагаюць найперш таму, хто іх вядзе.

- У вырошчванні маладняку шмат залежыць, як часта даводзіцца чуць, ад своечасовага выпойвання нованароджанага цяляці малозівам. У чым значнасць гэтай працэдуры і ў чым складанасць яе ўкараніць - праблема, як разумею, у асобных гаспадарках маецца?

- Значнасць выпойвання цяляці малозівам у першыя дзве гадзіны сапраўды цяжка перабольшыць. Разам з каштоўным малаком стэрыльны страўнік маленькай жывёлы абдаецца карысным бялком ці імунаглабулінамі, здольнымі супрацьстаяць інфекцыям. Так што гэта, паўтаруся, вельмі важна. Наконт арганізацыі выпойвання - складанасці тут, лічу, ніякай, калі з людзьмі, зноў жа, размаўляць, тлумачыць, даводзіць, чаму гэта трэба рабіць. Ды яны і самі пачынаюць бачыць станоўчыя вынікі. Іншая справа, што не ўсе згаджаюцца на зонд - некаторым прасцей пастаяць над цяляці з вядзёркам з соскай. Але тое, што кожнае цяляці ў нас выпойваецца - няма сумнення. Прычым, дадаткова за гэтую працэдуру работнікам не даплачваецца, яна аднесена на абавязкі. І гэта, лічу, правільна: выпойванне малозівам - усяго толькі адзін з тэхналагічных прыёмаў вырошчвання. Зрабіць гэта ў нас можа кожны, хто на час ацёлу прысутнічае ля каровы. Не зрабіць - немагчыма: аналіз крыві на імунаглабуліны, які для кантролю робім, негатыўны факт выявіць.

- Аляксей Валер´евіч, так цікава пра ўсё расказваеце, а заробкам сваім задаволены?

- Цяжка знайсці чалавека, які б сказаў - задаволены (смяецца). Скажу па-іншаму - заробак у мяне добры.

- Тады скажыце яшчэ, чаму, на вашу думку, моладзь цяжка застаецца ў прафесіі?

- Так, многія адпрацоўваюць належныя гады і на гэтым усё. Думаю, тут многае, у тым ліку разгубленасць, прыгнечанасць ад таго, што атрымалі не тое, што ўяўлялі, пра што вучылі і чыталі. Запыты сучаснай моладзі, у тым ліку на ўмовы працы, у многім апераджаюць развіццё сельскай гаспадаркі і вёскі ў цэлым. Практыка ў студэнтаў той жа ветакадэміі цяпер не з трэцяга курса, як было ў нас, а з першага. Здавалася б, ёсць час вызначыцца - тваё гэта ці не. Але, напэўна, практыкаваліся ў гаспадарках фінансава больш трывалых, чым тая, у якой давялося працаваць. Зноў жа - перспектыва. Вёска на моладзь не прыбывае.

Добраўпарадкаванае жыллё, ільготы прапаноўвае далёка не кожная сельгасарганізацыя, а ездзіць з горада пагодзіцца не кожны. Ёсць і тыя, у каго ад пачатку была ўстаноўка - атрымаць дыплом і максімум адпрацаваць.

- Тады якое выйсце?

- Развівацца. Багацець. Набліжаць умовы працы і жыцця да гарадскіх. З улікам таго, што на вёсцы прастора, чыстае паветра, многія захочуць там пусціць свае карані, і гэтая тэндэнцыя, як мне здаецца, дзе-нідзе ўжо назіраецца.

Алена КАРПЕНКА. Фота аўтара.