СВК ´Гігант´ - пераможца раённых спаборніцтваў па выніках жніва.

иcтoчник: www.tribunapracy.by

Вага сёлетняга хлебнага каравая сельскагаспадарчага вытворчага кааператыву - 7461 тона. Сярэдняя ўраджайнасць збожжавых і зернебабовых раслін склала 51,3 ц/га - найвышэйшы паказчык у раёне. Планы на бліжэйшую перспектыву яшчэ больш амбіцыйныя - не павялічваючы пасяўную плошчу, давесці аб´ём намалоту зерня збажыны да 8500-9000 тон.

Пошукам патэнцыялу гэтага кіраўнік з камандай спецыялістаў заняты літаральна штодня. Абапіраючыся на перадавыя тэхналогіі і вопыт, збіраюцца павялічваць эфектыўнасць кожнага гектара, у тым ліку за кошт кропкавага ўздзеяння на тыя з іх, што сёлета не дадалі ўраджаю.

- Мяняюцца кліматычныя ўмовы, тэхналогіі вырошчвання, таму трэба быць ´на перадавой´. Сваіх спецыялістаў нацэльваю працаваць па-новаму, на вывучэнне і пралічванне розных, звязаных з кліматам, сітуацый, прыняцце кардынальных рашэнняў, - кажа старшыня СВК Васіль Жук.

Між тым, якімі б прывабнымі не былі паказчыкі намалочанага, выручкі, прыбыткаў, калі за імі не стаіць рэальнае паляпшэнне дабрабыту людзей: працаўнікоў гаспадаркі і ў цэлым вяскоўцаў, то і асноўнай сваёй задачы, як ён лічыць, сельгасарганізацыя не вырашае. Таму і паспрабавалі нешта змяніць у гэтым плане.

- Мы сёлета адступіліся ад традыцыі ўбіраць ураджай зерня, бульбы з надзелаў сяльчан у апошнюю чаргу, пасля ўборкі калгаснага ўраджаю. Найперш убралі сяльчанам. І людзям не давялося хвалявацца праз чаканне - і гаспадарка з уборкай не затрымалася, страт не панесла. Дзеля падтрымкі развіцця хатніх гаспадарак распрацавалі і далі магчымасць вяскоўцам набываць камбікармы ўласнага завода для свіней і птушкі, работнікам сельгаскааператыва - па ільготнай цане (закладзены толькі затраты на вытворчасць). Прадаем штомесяца прыкладна па 3 тоны, пакупнікі якасцю задаволены. Распрацавалі новыя крытэрыі ацэнкі працы - прыкметна павялічылі заробкі работнікам.

´Гігант´ - элітгаспадарка, таму частку сабранага зерня тут прызначылі, як і ў папярэднія гады, на насенныя мэты. Цалкам падрыхтаваны высокаякасны пасяўны матэрыял для сортаўзнаўлення (адна з асноўных мер павелічэння ўраджайнасці хлебнай нівы) прапаноўваюць таксама іншым сельгасарганізацыям. Праўда, з боку раённых, як са здзіўленнем заўважаюць, асаблівага попыту на якаснае насенне не назіраецца. Між тым, разам з зернем спецыялісты гаспадаркі гатовы падзяліцца з калегамі тэхналогіямі і станоўчымі напрацоўкамі ў вырошчванні тых ці іншых раслін. ´Усе мы працуем на агульную задачу: кожны па крысе - і раённы каравай зусім іншага аб´ёму!´, - кажа кіраўнік.

Асноўную ж частку зерня ў гаспадарцы збіраюцца выкарыстаць на прыгатаванне камбікармоў - развіццё жывёлагадоўлі. Дзякуючы магчымасцям уласнага камбікормавага завода сёлета тут дасягнуты высокія прывагі свіней. Атрымліваючы якасную прадукцыю з найменшымі затратамі, узровень рэнтабельнасці галіны склаў 30%. Часткова камбікорм гаспадарка прадае. Сярод цяперашніх пакупнікоў і ААТ ´Саўгас Кісялевічы´, і ´Агракамбінат Бабруйскі´, і ´Міхалёўская Ніва´. Таксама паставілі задачу значна павялічыць пагалоўе буйной рагатай жывёлы, так што прымяненне зерню будзе.

Зрэшты, у гэтыя дні ў ´Гіганце´ завяршаюць закладку ўраджаю хлябоў будучага года. Азімы клінок збажыны не павялічылі, а вось рапсу - прыкметна: маючы ўласны цэх па перапрацоўцы культуры, зацікаўлены ў загрузцы яго магутнасцяў. Тым болей што азімы рапс - расліна для гаспадаркі стратэгічная: і грошы прыносіць (попытам карыстаюцца як алей, так і насенне), і забяспечвае жывёлагадоўлю неабходным бялком.

Акцэнтуючы ўвагу на сёлетнім жніве, старшыня СВК з задавальненнем пералічвае працаўнікоў, хто ўвайшоў у спіс пераможцаў раённага спаборніцтва: галоўныя спецыялісты Уладзімір Залужны і Ігар Міхалёнак, камбайнер Іван Жыгаў, звяно аператараў зернесушыльнай устаноўкі пад началам Максіма Гашко (1-я месцы), камбайнеры Алег Вяроўкін (2-е месца) і Мікалай Зуб (3-е месца), вадзіцелі Аляксандр Цэд (2-е месца) і Валерый Шэвялёў (3-е месца). Пры гэтым заўважае, што на плённую працу былі настроены ўсе работнікі гаспадаркі, таму атрыманы каравай - заслуга ўсяго калектыву ´Гіганта´.

- Жаданне працаваць ёсць, прызнанне - ёсць, таму будзем развівацца далей. У падрыхтоўцы да новага сельскагаспадарчага года прадметна аналізуем сёлетні і робім выснову, якія дакладна мерапрыемствы правесці па кожным накірунку: інжынерныя, агранамічныя, маркетынгавыя, - каб удасканаліць вытворчы працэс, зрабіць яго больш эфектыўным, прыбытковым, - рэзюмуе Васіль Жук.

Уладзімір Залужны - лепшы аграном раёна

СВК ´Гігант´ - пераможца раённых спаборніцтваў па выніках жніва.

За плячыма спецыяліста-прафесіянала не пералічыць колькі працоўных перамог! Здавалася б, усё ўжо зведана ў прафесіі, узважана і раскладзена па палічках. Ан, не!

Агранамія развіваецца, удакладняецца, удасканальваецца, а на сучасным этапе кліматычных змен патрабуе ад людзей, якія ёй валодаюць, неардынарных і разам з тым узважаных рашэнняў. А гэта значыць, што спакой Уладзіміру Аляксандравічу толькі сніцца.

- Задачу паставілі - у наступным годзе давесці ўраджайнасць збожжавых да 65-70 ц/га, - кажа галоўны аграном. - Дасягнуць гэтага збіраемся за кошт укаранення найноўшых тэхналогій, якія прадугледжваюць строгія патрабаванні да апрацоўкі глебы, улічэнне раслін-папярэднікаў у севазвароце, сортаўзнаўленне, забяспечанасць мінеральнымі ўгнаеннямі, належную ахову раслін. З улікам таго што клімат мяняецца, год ад году адбываецца недахоп вільгаці ў глебе, будзем нават мяняць асобныя культуры на больш прыдатныя да нашых кліматычных умоў. Гэта, вядома ж, праца не аднаго года, але мы на гэта нацэлены. Акрамя таго, збіраемся павялічыць да 25 см міжрадковую адлегласць пасеваў збожжавых культур, каб вывучыць і прааналізаваць, наколькі гэта апраўдана і рэнтабельна (за кошт зніжэння нормы высейвання насення, павелічэння кусцістасці расліны).

Гэтую тэхналогію ў гаспадарцы прымянілі на азімым рапсе, і тыя 400 тон, на якія сёлета павялічылі аб´ём намалоту масланасення, прыпісваюць менавіта ёй.

Ігар Міхалёнак - першы сярод галоўных інжынераў

СВК ´Гігант´ - пераможца раённых спаборніцтваў па выніках жніва.

Не адно дзесяцігоддзе Ігар Аляксеевіч забяспечвае тэхнічны бок уборачнай кампаніі, выбудоўвае лагістыку машынна-трактарнага парку. Адной з умоў зладжанасці сёлетняга жніва называе своечасовую пастаўку неабходных запчастак, вылучэнне фінансаў на гэтыя мэты.

Ігар Міхалёнак з задавальненнем пералічвае набытую гаспадаркай у сёлетнім годзе тэхніку: МТУ-18 для ўнясення арганічных угнаенняў, МЖТф-11 (бочка), тэхніку для прэсоўкі саломы, касілку, 20-тонны МАЗ - яго даверылі маладому вадзіцелю-перадавіку Аляксандру Дайнеку...

- Плануем атрымаць другі транш беларускай сельгастэхнікі, 12 адзінак, і ў гэтым сур´ёзна ўзаемадзейнічаем з ААТ ´Бабруйскаграмаш´. У бліжэйшай перспектыве і абнаўленне машынна-трактарнага парку: эканоміка не ідзе, калі даводзіцца ўкладвацца ў запчасткі і машына стаіць на мехдвары, - з веданнем справы разважае галоўны інжынер.

На запытанне, ці хапіла хлебаробаў для забеспячэння эфектыўнай работы падчас жніва, адказвае, што пытанні калі і ўзнікалі, то вырашаліся за кошт арганізацыі больш эфектыўнай працы людзей. Зрэшты, у плане апошняга, як лічыць Ігар Аляксеевіч, - поле дзейнасці вялікае, але вынік, які мусіць наступіць, таго заслугоўвае.

Іван Жыгаў - пераможца сярод старшых камбайнераў і камбайнераў моладзевых экіпажаў

І гэта пры тым, што камбайнерскай справай малады чалавек авалодаў толькі ў гэтым годзе. Яго асноўная пасада ў СВК - інжынер па эксплуатацыі машынна-трактарнага парку.

СВК ´Гігант´ - пераможца раённых спаборніцтваў па выніках жніва.

Прыйшоў у гаспадарку Іван Міхайлавіч 5 год таму, пасля заканчэння Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі. Работа і калектыў, як кажа, яго цалкам задавальняюць. А магчымасць адчуць сябе непасрэдным удзельнікам жніва - працэсу, які сам жа арганізуеш, як мінімум - цікава, як максімум - прыбыткова.

Высушылі найбольшую колькасць зерня

У пераможцы раённага спаборніцтва па выніках жніва сярод звенняў аператараў зернесушыльных установак выйшла звяно СВК ´Гігант´.

У яго склад увайшлі Максім Анатольевіч Гашко, Аляксандр Іванавіч Грабко, Сяргей Іванавіч Цімковіч і Мікалай Аляксандравіч Качурын. На гэтым можна б і спыніцца. Як кажуць - каментарыі залішнія. І ўсё ж пракаментую: і старшы аператар Максім Гашко, і члены яго каманды - людзі сумленныя і адказныя, умеюць і хочуць працаваць.

СВК ´Гігант´ - пераможца раённых спаборніцтваў па выніках жніва.