Школы да навучальнага года падрыхтаваны.

иcтoчник: www.tribunapracy.by

На парозе - новы навучальны год. Плануецца, што адукацыйным працэсам у Бабруйскім раёне будзе ахоплена 1677 дзяцей, з якіх 1316 школьнікаў і 361 дашкольнік. Структура раённай адукацыйнай сеткі, як і ў папярэднім навучальным годзе: 23 установы, у тым ліку 13 - агульнай сярэдняй адукацыі (6 сярэдніх школ і 7 вучэбна-педагагічных комплексаў), 7 устаноў дашкольнай адукацыі, дзяржаўная ўстанова дадатковай адукацыі ´Цэнтр творчасці Бабруйскага раёна´, а таксама ДУА ´Цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Бабруйскага раёна´ і ДУА ´Бабруйскі раённы сацыяльна-педагагічны цэнтр´. Наколькі ´адукацыйная гаспадарка´ падрыхтавана да навучальнага года, ці чакаюць дзяцей, разам з прыемнымі эмоцыямі ад сустрэч, і станоўчыя эмоцыі ад новенькага абсталявання ды рамонтаў, мы пацікавіліся ў начальніка аддзела па адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Алесі Стэльмак.

Школы да навучальнага года падрыхтаваны.

- Алеся Сяргееўна, давайце і пачнем з ´новенькага´: гэта заўжды цікава нашым чытачам.

- Пачну з таго, што на падрыхтоўку ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года выдаткавана 135 304,14 рублёў бюджэтных асігнаванняў. Сярод значных падрыхтоўчых мерапрыемстваў сёлетняга года - рамонты накрыцця Цялушскага і Хімоўскага вучэбна-педагагічных комплексаў, Брожскага і Вішнёўскага дзіцячых садкоў. Выкананы рамонты сховішчаў гародніны ў Бортнікаўскім ВПК і Гарбацэвіцкай СШ, рамонт трыбун на стадыёне Глушанскага ВПК. Немалая сума грошай накіравана на аднаўленне санітарных вузлоў і душавых - у Ленінскім і Хімоўскім вучэбна-педагагічных комплексах, Гарбацэвіцкай і Брожскай СШ, Глушанскім ВПК. У двух апошніх установах заменены на новыя прыборы для асвятлення ў калідорах і кабінетах. У Міхалёўскім ВПК часткова заменена вучэбная мэбля, там жа і ў Туголіцкай СШ - мэбля для сну. Таксама набыты 25 канторак у кабінеты старэйшых класаў, тумбы пад аўдыторныя дошкі, сталовы посуд, тэрмасы. Праведзена работа па метадычным і рэсурсным забеспячэнні ўстаноў адукацыі, прыдбаны новыя падручнікі, вучэбныя праграмы, метадычныя комплексы, дыдактычны і раздатачны матэрыял, сацыяльна значная літаратура. На ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы выкарыстаны таксама сродкі ўстаноў адукацыі ад дзейнасці, што прыносіць даход, і спонсарскія сродкі. За іх былі набыты будаўнічыя матэрыялы для рамонту групавых памяшканняў дашкольных устаноў, вучэбных кабінетаў, калідораў, актавых і спартыўных залаў, харчблокаў, фае, фасадаў. За кошт спонсарскіх сродкаў праведзены рамонт стулаў у актавай зале Хімоўскага ВПК. Дзякуючы філіялу ´Варатынь´ ААТ ´БЗТДіА´ ў дзіцячым прытулку заменены на новыя вокны ў актавай зале і пакрыццё падлогі ў пакоях установы. Адкрытым акцыянерным таварыствам ´АСБ Беларусбанк´ перададзены на бязвыплатнай аснове Туголіцкай школе 8 персанальных камп´ютараў.

- Ці можна сказаць, што школы да пачатку новага вучэбнага года падрыхтаваны?

- Так. Ужо да 1 чэрвеня камісіямі былі складзены акты аб стане спраў і неабходных мерапрыемствах па падрыхтоўцы ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі да новага навучальнага года з уключэннем рэкамендацый ад Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, органаў дзяржнагляду і іншых, што дазволіла ажыццявіць своечасовую якасную іх падрыхтоўку для атрымання сертыфікатаў гатоўнасці. На сёння падпісаны ўсе 13 сертыфікатаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі і сертыфікат дзіцячага сацыяльнага прытулку Бабруйскага раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра. Карыстаючыся магчымасцю, выказваю шчыры дзякуй кіраўнікам і калектывам, а таксама бацькам, спонсарам і ўсім, хто прыняў удзел у падрыхтоўцы нашых ўстаноў да новага навучальнага года.

- Алеся Сяргееўна, як абстаяць справы з педагогамі на сяле?

- Раённыя ўстановы адукацыі ўкамплектаваны кваліфікаванымі педагагічнымі кадрамі. Адукацыйны працэс ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі сёлета забяспечвалі 274 педагагічных работнікі, з якіх 256 маюць вышэйшую адукацыю. 189 педагогаў з вышэйшай і першай кваліфікацыйнымі катэгорыямі, два - з кваліфікацыйнай катэгорыяй ´настаўнік-метадыст´. Ва ўстановах дашкольнай адукацыі вышэйшую адукацыю маюць 30 з 47 педагогаў. 22 педагогі - з вышэйшай і першай кваліфікацыйнымі катэгорыямі. І, вядома ж, традыцыйна да новага навучальнага года чакаем прыбыццё ў раён маладых спецыялістаў, сёлета іх 18.

- Ці няма праблем з забяспечанасцю маленькіх вяскоўцаў дашкольнай адукацыяй?

- Праблем няма. Нарматыў забяспечанасці дзяцей ранняга і дашкольнага ўзросту месцамі складае 99,8%, што на 17,4% вышэй за вызначаны рэспубліканскі паказчык. Усе запыты бацькоў на вылучэнне месцаў для дзяцей у дашкольных групах выконваюцца.

- Якаснае навучанне - гэта адно, але не меней значным для дзіцяці, фарміравання яго светапогляду, маральнага здароўя з´яўляецца правільна арганізаваны і, галоўнае, цікавы вольны час. Якія магчымасці для гэтага ў раённай сістэмы адукацыі?

- Магчымасці шырокія. У новым навучальным годзе на базе ўстановы дадатковай адукацыі ´Цэнтр творчасці Бабруйскага раёна´ плануецца функцыянаванне 102 аб´яднанняў па інтарэсах, якія будуць наведваць 800 навучэнцаў. Такім чынам, ахоп непаўналетніх гурткамі і секцыямі складзе болей за 60%. Будзе магчымасць рэалізаваць сябе і ў прыхільнікаў спорту і фізічнай культуры. Ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі налічваецца 77 фізкультурна-спартыўных аб´ектаў, усе яны да навучальнага года прыведзены ў належны стан.

- Сярод прыярытэтных пытанняў ад бацькоў - ці будзе забяспечана якаснае харчаванне дзяцей у школах і садках?

- Гэтае пытанне знаходзіцца на пастаянным кантролі кіраўнікоў устаноў адукацыі, нашага аддзела і Бабруйскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. Адзін з накірункаў дзейнасці - удасканаленне арганізацыі харчавання, павышэнне яго якасці. На падставе зацверджанага графіку работы камісіі па кантролі за харчаваннем навучэнцаў ажыццяўляецца маніторынг арганізацыі харчавання ва ўстановах адукацыі ў мэтах аказання метадычнай дапамогі і ліквідацыі выяўленых недахопаў для прымянення мер папераджальнага і прафілактычнага накірункаў. Пытанне аб арганізацыі харчавання ва ўстановах адукацыі абмяркоўвалася на нарадах з маім удзелам, а таксама на пасяджэнні райвыканкама ў маі. Адзначу таксама, што, згодна з планам мерапрыемстваў па мадэрнізацыі і ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы аб´ектаў харчавання на 2021-2022 гады, набыта халадзільнае і тэхналагічнае абсталяванне: халадзільнікі, электрашынкоўкі, электрамясарубкі, вытворчыя сталы, стэлажы, мыйныя ванны і іншае неабходнае.

- Навучальны год бярэ адлік ад першага восеньскага месяца, а гэта значыць, што адначасова трэба рыхтавацца да ацяпляльнага перыяду...

- Запланаваныя мерапрыемствы па падрыхтоўцы ўстаноў адукацыі да асенне-зімовага перыяду выкананы. Установамі набыты торфабрыкет, праведзена рэвізія запорнай арматуры, кранаў, спраўнасці сістэм ацяплення ў кацельных, цеплавых вузлах устаноў, работы па электрафізічных вымярэннях, паверцы манометраў, гідраўлічныя выпрабаванні, гідрапнеўматычная прамыўка сістэм ацяплення.

- І галоўнае - што зроблена дзеля бяспечнага знаходжання дзяцей ва ўстановах адукацыі?

- Дзеля выканання патрабаванняў заканадаўства аб пажарнай бяспецы ўсе нашы ўстановы абсталяваны сучаснымі сістэмамі пажаратушэння, сістэмай апавяшчэння і сістэмай аўтаматычнай пажарнай сігналізацыі. Неабходны інвентар знаходзіцца ў спраўным стане. У адпаведнасці з сучаснымі патрабаваннямі перапрацаваны планы эвакуацыі людзей. Ва ўсіх установах наладжана работа па выкананні прапускнога рэжыму. Маюцца кнопкі трывожнай сігналізацыі. 5 устаноў аснашчаны сістэмамі відэаназірання. Тэрыторыя ўстаноў агароджана, уезд туды дазволены толькі спецыялізаванаму аўтатранспарту. Работнікі і навучэнцы азнаёмлены з алгарытмам дзеянняў на выпадак надзвычайнай сітуацыі ці з´яўлення незнаёмца на тэрыторыі. Адміністрацыяй устаноў сумесна з педкалектывамі праводзіцца пастаянны кантроль за дзецьмі на прадмет наяўнасці ў іх рэчываў, што забаронены для захавання і выкарыстання. Праводзяцца мерапрыемствы па прафілактыцы каранавіруснай інфекцыі, у тым ліку і вакцынацыя работнікаў - педагогі ўсведамляюць неабходнасць гэтага. Да таго ж, у надыходзячым навучальным годзе запланавана правядзенне капітальнага рамонту Каменскай СШ, у 2022-м - ясляў-сада аг. Кавалі.

Такім чынам, у раёне зроблена і робіцца ўсё для таго, каб дзеці атрымоўвалі якасную адукацыю ў камфортных, бяспечных умовах.

Размову вяла Алена КАРПЕНКА.