иcтoчник: www.tribunapracy.by

У ´Саўгасе Кісялевічы´ збіраюць ураджай агуркоў

Сельгаспрадпрыемства ўжо другі год займаецца цяплічнай гаспадаркай. Для гэтага аднавілі адну з колішніх цяпліц, памерам 48 на 36 метраў. Ёсць і другая, невялічкая, прызначаная на расаду для пікіроўкі. І ў мінулым годзе, і ў гэтым рэалізоўвалі расаду памідораў, агуркоў, салодкага перцу. Першай сёлета прадалі каля 15 тысяч адзінак, перцу - у межах 3 тысяч і каля 2 тысяч - агурка. Уласнай расадай засадзілі таксама цяпліцу пад вырошчванне гародніны.

- Зараз збіраем ураджай агурка, выбіраем штодзень - у сярэднім па 40-50 кілаграмаў, якія рэалізуем насельніцтву, у тым ліку на рынку, а таксама пастаўляем - ёсць дамова - у сталовую. Цану ўстанаўліваем канкурэнтназдольную. Калі на рынку 1.80-2.00 рублі за кілаграм, то ў нас - 1,50 за кандыцыйную прадукцыю, некандыцыя - 90 капеек за кілаграм. На чарзе выспяванне памідораў, якіх некалькі гатункаў, перцу, - распавёў дырэктар Валерый Сяргейчык.

Асаблівых выдаткаў на вырошчванне, па словах кіраўніка, гаспадарка не нясе. Якасны грунт у цяпліцы застаўся ад ранейшага часу, плёнка для накрыцця абыходзіцца прыкладна ў паўтары тысячы рублёў. Гэтыя грошы ´адбіваюцца´ расадай. Людзей для абслугоўвання цяпліц дадаткова не наймаюць. Па некалькі гадзін на дзень - на паліве, зборы ўраджаю, працуюць члены паляводчай брыгады, якія, акрамя гэтай, займаюцца іншымі работамі ў гаспадарцы.

... і працуюць над павелічэннем вытворчасці малака

Сельгаспрадпрыемства, лічыць Валерый Сяргейчык, трэба каб было шматпрофільным, каб выручка паступала з розных крыніц. Але ж асновай развіцця павінна ўсё ж быць малочная жывёлагадоўля. У гэтым накірунку - нарошчванні аб´ёмаў прадукцыі - у гаспадарцы ўпарта працуюць у апошнія гады. Ёсць і станоўчыя вынікі - з пачатку года тэмп росту валавой вытворчасці малака, у параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года, склаў 150%, рэалізацыі - 154%. Добрыя зрухі па якасці - амаль усё малако (99%) прададзена гатункам экстра. Але ж гэтага недастаткова. Сярэдні ўдой малака на карову (дзённы - у межах 12 кг) застаецца прыкметна ніжэйшым за тыя, што ў гаспадарак-флагманаў: філіялаў ´Варатынь´ ААТ ´БЗТДіА´ і ´Харчавік-Агра´ ААТ ´Чырвоны харчавік Аграсэрвіс´. На пытанні, у чым бачыць кіраўнік патэнцыял для росту і што ў дадзеным накірунку прадпрынята, Валерый Сяргейчык адказаў наступнае:

- Малако - гэта пастаянныя грошы, і чым яго болей, тым болей грошай, болей магчымасцяў у гаспадаркі развівацца. Малочная жывёлагадоўля - гэта, лічу, сёння аснова развіцця любога сярэдняга, як мы, прадпрыемства. Нам трэба развіваць жывёлагадоўлю, цалкам падпарадкаваўшы ёй раслінаводства. Многае пакуль толькі ў планах, прыкідках, а вось нарыхтаваць якасны корм - тое, што можам і робім сёння. На гэтую пару з траў першага ўкосу на ўмоўную галаву жывёлы маем 18 ц к. адз. Пасеяна 550 гектараў кукурузы. Кукурузны сілас - аснова корму ў зімне-стойлавы перыяд, да яго можна хоць саломы, хоць сена здробненага дадаць. А зерне сплюшчанае выдатна абагачае кормасумясь. Каб было малако, жывёлу трэба накарміць, і мы яе, лічу, накармілі. Ужо ў мінулым годзе нарыхтавалі нядрэнных кармоў: толькі адна сянажная траншэя была аднесена да 3-га класу, іншыя - да другога і першага. Тое, што якасць корму значна палепшылася, было бачна і па тым, што, выйшаўшы з зімоўкі і перайшоўшы на маладую траву, па малаку мы асабліва не прыраслі нават з улікам таго, што ў нас сёлета добрая шматкампанентная паша - трохкампанентная на МТФ пас. Юбілейны, на Пад´ясенцы пасеяна ў сумясі люцэрна, канюшына. На нарыхтоўку якаснага корму стаўку будзем рабіць і далей, каб меней было выдаткаў на набыццё нятанных шротаў і жмыхоў. Але на адным толькі корме цяжка рухацца. Павялічыць аб´ёмы вытворчасці імкнемся за кошт павелічэння прадуктыўнасці жывёлы, а ў будучым - работы з селекцыяй. Працуючы ў гэтым накірунку, мы другі год асемяняем кароў пародай Сіменталь. Сёння ў нас ужо падрастаюць цялушкі чэшскай пароды. Праўда, генетычна гэтая жывёла не можа даваць па 9-11 тысяч тон малака, але шэсць з паловай ад іх можна мець, калі лічыць па году. Гэта прыкладна і будзе па 20 літраў нашага фуражнага малака ў дзень (такая задача пастаўлена старшынёй аблвыканкама). У сіментальскай пароды яно высокай тлустасці, таму і за кошт гэтага можна ´знайсці´ прыбаўку. І, вядома ж, павінны якасна працаваць усе спецыялісты: ветурачы, заатэхнікі, асемянатары. Яны ў ´Саўгасе Кісялевічы´ маюцца (за выключэннем галоўных). Прычым, на кожнай ферме - свае. Работу мы пабудавалі так, што кожная МТФ функцыянуе, як адасобленае прадпрыемства, дзе ўсе падпарадкоўваюцца загадчыку. Кожны спецыяліст засяроджаны на рабоце выключна на сваім участку (ферме), за яго ж - станоўчы ці адмоўны вынік, нясе адказнасць, атрымлівае заробак. Арганізавалі працу з прыцэлам на максімальны вынік. І хоць на шляху да гэтага нямала перашкод, паступова, крок за крокам іх пераадольваем - рухаемся наперад.

Алена КАРПЕНКА.