иcтoчник: www.tribunapracy.by

Паклапаціцца пра чысціню насення трэба сёння.

Відавыя і гатункавыя праполкі праводзяць у раённых сельгасарганізацыях у гэтыя дні. Работа значная: засмечаныя пасевы не толькі зніжаюць гатункавыя якасці насення, але і пагаршаюць таварныя якасці прадукцыі. У некаторых гаспадарках на дапамогу паляводам прыйшлі школьнікі - удзельнікі сельскагаспадарчых атрадаў.

- Адпаведныя праполкі адносяцца да прамых мер барацьбы з засмечваннем пасеваў. Часта гэта адзіная мера павышэння гатункавай чысціні, бо падчас сартавання пазбавіцца ад відавой і гатункавай прымясі практычна немагчыма, - кажа начальнік раённай дзяржаўнай інспекцыі па насенневодстве, каранціну і ахове раслін Сяргей Казяба. І ўдакладняе, што для насенневодства найбольш шкоднае гатункавае засмечванне, падчас якога адбываецца прымешванне іншых разнавіднасцяў і гатункаў таго ж віду: у такім выпадку цяжэй заўважыць прымясь і пазбавіцца ад яе. Для барацьбы праводзяцца прафілактычныя мерапрыемствы (якія папярэджваюць засмечванне) і прамыя меры - праполкі.

Апошнія праводзяць у фазе, калі ў масе асноўнай культуры ці гатунку добра бачныя прымясі. Прычым, гатункавыя, як заўважаюць спецыялісты, лепей праводзіць двойчы: пасля калашэння ці вымётвання і ў пачатку васкавой спеласці зерня.

- Пачынаюць відавую праполку з пасеваў на насенне, - адзначае Сяргей Анатольевіч. - Патрабаванні да іх чысціні высокія. Да прыкладу, у пшаніцы першай рэпрадукцыі на адзін кілаграм зерня дапускаецца не болей за 20 зярнятак іншых відаў культурных раслін. Найперш праполка праводзіцца на азімых пасевах, якія першымі выспяваюць і выкалошваюцца - прымясь раней становіцца заўважнай. І толькі пасля на пасевах ярыны, якія і самі па сабе меней засмечаныя прымяссю.

Праполкі выконваюцца механічным спосабам - ходзячы па пасевах, работнікі зразаюць мяцёлкі або цалкам вырываюць каласкі-шкоднікі. Школьнікі, якія да гэтай работы прыцягваюцца, атрымоўваюць за працу адпаведную плату.

У далейшым кожная партыя насення правяраецца на пасяўныя якасці, адным з паказчыкаў гэтага якраз-такі і з´яўляецца яго чысціня - адсутнасць пустазелля, відавой и гатункавай прымясі. Калі партыя насення з парушэннем нормаў прымясі, то такі пасяўны матэрыял прызнаецца некандыцыйным і не выкарыстоўваецца ў пасяўных мэтах. Апошняе яшчэ раз пацвярджае значнасць работы па выдаленню каласкоў. А каб яна не была дарэмнай, у гаспадарках, па словах спецыяліста, павінны надзвычай уважліва падыйсці да ўсяго працэсу ўборкі зерня - прафілактычных мер. У прыватнасці, абкасіць насенныя пасевы перад уборкай. Сеялкі, жаткі, камбайны, сартоўкі ды іншыя насеннеачышчальныя комплексы да пачатку работы пільна ачысціць ад насення папярэдняй расліны - шчоткамі, венікамі, прадуваннем мяхамі, уключэннем машын на халасты ход цягам 5-10 хвілін. Намалочаныя першыя два бункеры зерня высыпаць на фураж. Тое ж самае падчас прасушвання. Першае зерне - на фураж ці да харчовага, патрабаванні да якіх не такія жорсткія.

Арганізаваць і пракантраляваць вышэйпералічаныя меры - задача, па словах Сяргея Казябы, аграномаў, спецыялістаў галіны. Ад таго, наколькі сумленна ў час уборкі падыдуць у гаспадарках да выканання папераджальных мер, будуць залежаць аб´ёмы відавых і гатункавых праполак у наступным сезоне. Цяпер жа ўсе раённыя гаспадаркі на прадмет неабходнасці ў праполках інспекцыяй абследаваны. Тыя, каму выдадзены рэкамендацыі, працуюць па іх. На сёння ў асноўным завершаны відавыя праполкі азімай пшаніцы. Выключэнне - СВК ´Гігант´, дзе аб´ёмы даволі значныя (элітнае насенне прызначаецца для рэалізацыі). Цалкам завяршылі праполкі ў ААТ ´Харчавік-Агра´. Працягваюць у ААТ ´Міхалёўская Ніва´ - тут таксама задзейнічаны школьнікі. Актыўна працуюць у БААТ ´Аграмашсэрвіс´. Гаспадаркі, дзе пасеялі эліту і выканалі папераджальныя меры, абыходзяцца без відавых праполак (ААТ ´Неўскі-Агра´). Гэтак жа, як і тыя, дзе рэпрадукцыя нізкая і на наступны год патрабуецца абнаўленне элітай (ААТ ´Саўгас Кісялевічы´).

Што да інспекцыі, то яе спецыялісты ўжо пачынаюць маніторыць насенныя пасевы яравых культур на прадмет засмечанасці прымяссю, каб, пры неабходнасці, своечовава ўказаць гаспадаркам на праблему, а тым - своечасова адрэагаваць на яе.

Алена КАРПЕНКА.