иcтoчник: www.tribunapracy.by

Аздаравіцца зможа кожны жадаючы.

Да цудоўнай пары, мары кожнага школьніка - летніх канікулаў засталіся лічаныя дні. На сямейных нарадах ужо ў асноўным прыняты рашэнні аб адпачынку непаўналетніх. Многія выказалі жаданне звязаць яго з традыцыйным аздараўленнем у дзіцячых лагерах. На запытанне, ці ва ўсіх хлопчыкаў і дзяўчынак раёна будзе такая магчымасць, у аддзеле па адукацыі, спорту і турызму Бабруйскага райвыканкама далі станоўчы адказ.

Аздаравіцца ў лагеры, як нам паведамілі, зможа кожны жадаючы. Дзеля гэтага на працягу лета, у 4 змены, будзе працаваць аздараўленчы лагер з кругласутачным знаходжаннем ´Бабраня-2010´. Адпачынкам у гэтай установе плануецца ахапіць 320 хлопчыкаў і дзяўчынак, па 80 чалавек у кожную змену. Вызначаны і часовыя іх межы. Заезд у першую запланаваны на 3 чэрвеня (па 20 чэрвеня), другая змена будзе дзейнічаць з 28 чэрвеня па 15 ліпеня, трэцяя - з 19 гэтага ж месяца па 5 жніўня і чацвёртая - з 9 па 26 жніўня. Акрамя таго, літаральна ад пачатку канікулаў і на працягу ўсяго лета будуць функцыянаваць школьныя лагеры з дзённым знаходжаннем дзяцей. Ужо з 2 чэрвеня па 22 чэрвеня такія лагеры запрацуюць на базе Туркоўскай, Гарбацэвіцкай, Варатынскай сярэдніх школ, Цялушскага, Хімоўскага і Ленінскага вучэбна-педагагічных комплексаў. З 28 чэрвеня па 19 ліпеня дзённыя лагеры будуць працаваць у Осаўскім ВПК, Брожскай і Каменскай сярэдніх школах. З 26 ліпеня па 14 жніўня - на базе Бортнікаўскага, Глушанскага і Міхалёўскага вучэбна-педагагічных комплексаў. Дадзенай формай аздараўлення плануецца ахапіць 320 раённых дзяцей.

Як і штогод, запланавана работа турысцкіх перасоўных лагераў. Такі адпачынак для вучняў-аматараў падарожжаў традыцыйна арганізоўваюць Гарбацэвіцкая і Варатынская сярэднія школы. Сёлета ад традыцыі не адыйшліся - захапляльнае баўленне часу на ўлонні прыроды чакае 20 непаўналетніх. Лагеры будуць дзейнічаць з 1 ліпеня па 9 ліпеня (Гарбацэвіцкая СШ) і з 4 па 12 жніўня (Варатынская СШ). Яшчэ столькі ж школьнікаў змогуць пазнаёміцца з ладам вайсковага жыцця. На прапанову гэтага адгукнуліся ў бабруйскай вайсковай часці 20392, на базе якой з 2 жніўня і цягам 9 дзён плануецца дзеянне ваенна-патрыятычнага лагера.

Улічаны і пажаданні школьнікаў, якія б хацелі ўлетку не толькі адпачыць, але і зарабіць грошай. У гэтых мэтах з 7 па 26 ліпеня будуць працаваць дзённыя лагеры працы і адпачынку. Стварыць іх збіраюцца на базе Цялушскага, Хімоўскага, Ленінскага вучэбна-педагагічных комплексаў і Туркоўскай СШ, у кожным - па 10 чалавек. Ужо цяпер вядома, што цялушскія школьнікі будуць заняты на пасяўных плошчах філіяла ´Харчавік-Агра´ ААТ ´Чырвоны харчавік АграСэрвіс´.

Такім чынам, усяго ў летні перыяд плануецца ахапіць аздараўленнем 720 дзяцей або болей за 57% ад агульнай колькасці.

Інфармацыя пра летняе аздараўленне размешчана на сайтах Бабруйскага райвыканкама і аддзела па адукацыі, спорту і турызму.

Алена КАРПЕНКА.