иcтoчник: www.tribunapracy.by

Лейчыцы і яе жыхары.

Гісторыя вёскі Лейчыцы па пісьмовых звестках вядзе пачатак ад 1621 года. Гэта значыць, што населены пункт сёлета адзначае 400-гадовы юбілей. Дадзены факт, як і тое, колькі і ў якія гады жыло тут люду, з некаторага часу ведаюць не толькі самі жыхары вёскі - а іх тут зарэгістравана 37 пастаянных - але і тыя, хто з той ці іншай прычыны наведваецца на сяло. Прайсці паўз вялізнага камяня-напамінку гісторыі Лейчыц (назву звязваюць са словам ´лейцы´ - частка збруі) немагчыма. І таму, што месціцца на самым раздарожжы, пры ўездзе ў населены пункт, і таму, што нечаста сустрэнеш, ды пры тым у маланаселенай вёсцы, такую цікавую адметнасць. Да незвычайнага камяня ў сваім аповедзе вярнуся, а пакуль - яшчэ некаторыя падрабязнасці з гісторыі старажытнага сяла.

У 1621 годзе (населены пункт належаў Бабруйскаму староству Мінскага ваяводства Вялікага княства Літоўскага) у Лейчыцах пражывала шэсць чалавек (кніга ´Памяць. Бабруйскі раён´), а двумя стагоддзямі пазней, у 1838-м - 55 рэвізскіх душ, уласнасць памешчыкаў Прушыноўскіх. Найбольш люднай вёска была ў 1917 годзе - на 46 дварах пражывала 340 чалавек. У 1920 годзе ў сяле стала дзейнічаць пачатковая школа, дзе ў 1925-м навучалася 35 хлопчыкаў і дзяўчынак. У гэтым жа годзе да вёскі далучаны вялікі ўчастак былой памешчыцкай зямлі. Паводле перапісу 1926 года сяло налічвала 68 двароў, 274 жыхары. У 1930-м на вакольных землях быў створаны калгас імя А.І. Ягорава. Цягам апошніх 50-40-х год, у выніку ўрбанізацыі, колькасць жыхароў змяншалася. На пачатку 1997 года ў Лейчыцах налічвалася 100 жыхароў, на пачатку 2013-га - 66, на пачатку красавіка сёлетняга - 37 (дадзеныя Бортнікаўскага сельвыканкама).

Праўда сказаць, што ў вёскі незайздросная перспектыва (ва ўсялякім разе, бліжэйшая), наўрад ці можна: другое жыццё населенаму пункту далі дачнікі. Ураджайная зямля, блізкасць да горада і туга па малой радзіме прывабілі ў Лейчыцы гараджан з мясцовымі каранямі і не толькі. Таму вуліца імя капітана Качаргіна сустрэла нас утульнасцю невялічкіх і дагледжаных хат з адноўленымі вокнамі, сучаснай (ёсць і элементы крэатыву) агароджай, прыбранымі на вясну палісаднікамі. Дом Людмілы Васільеўны і Міхаіла Адамавіча Хархалёвых вылучаецца сярод суседніх яшчэ і велічынёй.

- Гэта мая бацькаўшчына, - кажа пра сядзібу 80-гадовая гаспадыня, якую засталі на падворку за агледзінамі яшчэ не прыведзенай ´у баявую гатоўнасць´ пасля зімы цяпліцы. - Спачатку жылі ў бацькоўскай хаце, пасля паставілі новую. І трэба ж было такую вялікую! Цяпер яе і прыбраць не асілю дый не раблю гэтага. Дочкі прыязджаюць, адна з Мінску, другая з Магілёва. А ў мяне рукі во паглядзіце якія. Колькі надаіла імі малака (гэта субяседніца пра работу даяркай у калгасе імя Дзяржынскага, цяперашнім ААТ ´Міхалёўская Ніва´). Спачатку ўручную каровак даілі, пасля апаратамі ў бідоны... І чатыры тысячы на адну надойвала, у перадавых заўжды хадзіла...

Людміла Васільеўна ўпэўнена пералічвае калег-аднавясковак, з якімі падтрымлівалі дабрабыт калгаса. Са шкадаваннем і скрухай заўважае, што амаль усе яны пайшлі з жыцця - цяжкая работа не пакінула выбару. І ўжо са змененай танальнасцю, як бывае ад прыемных успамінаў, згадвае экскурсію, на якую, не пашкадаваўшы грошай, адважылася ў працоўныя гады.

- Некаторыя нашы даяркі шкадавалі выхадаў (працадзён), маўляў, як гэта я паеду, і выхадаў будзе меней, - не то з асуджэннем, не то з сумам кажа субяседніца. - А я свет паглядзець хацела! Дык і цяпер успамінаеш. І фатаграфіі вунь з кожнага месца ёсць, дзе пабывала. А потым прыйшлося - зноў такая пуцёўка была, дык я на дзеда (мужа) кажу: ´Едзь´. Ён таксама з´ездзіў свет пабачыць.

З не меншым натхненнем расказвае Людміла Васільеўна пра інтарэс сезону - расаду, якую гадуе не толькі для сябе, але і дочак. Сялянка па ладу жыцця і складу душы, яна, як бы сябе ні адчувала, дбае, каб зямля-карміцелька не засталася без ураджаю.

Стаўку на зямлю робіць і тутэйшая жыхарка Таццяна Мікалаеўна Шырокая. Апрацоўвае немалы агарод, трымае вялікую гаспадарку: курэй, трусоў, свіней. І хоць узросту яна 70-гадовага, без працы ў Міхалёўскім ВПК, дзе апошнім часам была за тэхнічку, - усяго два гады.

Лейчыцы і яе жыхары.Людміла Васільеўна Хархалёва
Лейчыцы і яе жыхары.

Таццяна Мікалаеўна Шырокая

- Пенсію зарабіла 330 рублёў, за яе б у горадзе не пражыла, - кажа субяседніца. - А тут яшчэ і зэканоміш, толькі не ляніся, працуй. І мяса, і яйкі, і агародніна - усё сваё. А як будзеш ляжаць на канапе і думаць - дай, дзяржава, мне ўсяго, то дзе яно што будзе. Дзеці мае ў Бабруйску. У сына ў в. Бабіна свая гаспадарка, ён не памочнік. Дачка працуе ў магазіне, прыязджае, але цяпер столькі хворых, што прыходзіцца замяняць, выхадных амаль няма.

Саму жанчыну каронавірус не палохае. ´У нас яго няма, у нас вецер, сонца, а я - на агародзе´, - з усмешкай кажа яна і на ўсялякі выпадак дадае ´цьфу-цьфу´. - У вёсцы толькі адна хварэла - прывезла з гораду. Мы ж нікуды не ходзім, вечарам - тэлевізар, днём - агарод. Хіба што да аўталаўкі´. Хату, па словах субяседніцы, яна ацяпляе выключна дровамі. За зіму спажывае дзве машыны, якія сёлета абыйшліся ў 500 рублёў.

Свайго магазіна ў Лейчыцах ніколі не было. Па хлеб ды іншае неабходнае хадзілі, як тут кажуць, да шашы (аўтадарогі Бабруйск-Рагачоў, ля якой крама в. Барак). Немалую адлегласць за перашкоду не лічылі: у дзяцінстве ў школу ´пешшу хадзілі аж у Міхалёў´ і не скардзіліся. Цяпер жа, па словах немаладых субяседніц, магазін ім замяніла аўталаўка, таму і да ´шашы´ не ходзяць - хіба хто маладзейшы ці жыве бліжэй да крамы.

Лейчыцы і яе жыхары.

Аляксандр Рыгоравіч Самончык

Калі папярэднія субяседніцы ад фотаздымка не адмовіліся, то 84-гадовая Вера Васільеўна Самончык - наўпроч. ´Гэтую старую, страшную (пра сябе) толькі і здымаць, любачка, фатаграфуй вунь маладога (указвае на сярэдніх год чалавека, які выйшаў з двара на нашу гаворку, як аказалася - Аляксандра Рыгоравіча Самончыка, жывёлавода мясцовай фермы).

Бабуля Вера, з яе слоў, жыве адна, але штовыхадных наведваецца сын, які ў Мінску. І хоць гады не даюць хутка ісці яе нагам, ´садзіць патрошку´ гарод жанчына збіраецца. ´Дзярэўня, мамка, ужо пустая, адны дачнікі´, - цяжка ўздыхае баба Вера і, па-вясковаму шчыра пажадаўшы нам ´дай Бог шчасця´, нетаропка, з дапамогай кійка накіравалася да сваёй хаты.

Аляксандр Самончык тэму старэння вёскі падхоплівае, але яўна з пазітывам. ´Болей дачнікаў, чым мясцовых, бо вёска наша - самая лепшая ў Бортнікаўскім сельсавеце´, - упэўнена канстатуе ён.

Размову вядзем ля вышэйзгаданага камяня-помніка. Па словах Валянціны Уладзіміраўны Манько, чый дом вылучаецца навізной і найбліжэй да культурнай адмеціны Лейчыц, задумку такім чынам увекавечыць малую радзіму ажыццявілі людзі, якія адсюль родам, жывуць хто ў вёсцы, хто ў раёне, а хто і далей. Сярод іх Манько Уладзімір, Рагуцкі Аляксандр, Каліноўскі Вячаслаў, Вяроўкін Генадзь, Вяроўкін Юрый. Называючы імёны, Валянціна надта хвалюецца і просіць выбачыць тых, каго раптам не згадала, бо ініцыятыва заслугоўвае пашаны, работа людзьмі праведзена немалая і з вялікай любоўю да роднай зямлі.

- Мы ж тут з дзецьмі (на фота) стараемся добраўпарадкаваць гэтае месца, з агарода зямлі пад кветкі добрай прынеслі, - дзеліцца жанчына.

Зрэшты, мая субяседніца - пляменніца колішняй даяркі-ардэнаносца (Працоўнага Чырвонага Сцяга і працоўнай Славы 3-й ступені) Ніны Мікалаеўны Манько, якой няма сярод жывых, але чые заслугі перад раёнам і Айчынай увекавечаны ў кнізе ´Памяць. Бабруйскі раён´. Сама ж Валянціна - гаспадыня прыёмнай сям´і. Даўшы пуцёўку ў жыццё ўласным сынам, з мужам Аляксандрам выхоўваюць дзяцей, на чый лёс выпала нялёгкае выпрабаванне застацца без бацькоўскай любові і клопату. Вучаць Яраслава і Насцю быць добрымі, сумленнымі, прывіваюць любоў да працы і зямлі.

Лейчыцы і яе жыхары. Лейчыцы і яе жыхары. Лейчыцы і яе жыхары.

Пакідаючы Лейчыцы, яшчэ раз бярэм у аб´ектыў рукатворны помнік неабыякавых жыхароў (там жа і Паклонны крыж). Усё ж як шмат залежыць ад саміх людзей, іх ініцыятывы, любові, клопату пра малую радзіму, зямлю, дзе бегалі басанож, якая, колькі і жыве чалавек, цягне да сябе нябачнай, але такой трывалай нітачкай.

Алена КАРПЕНКА. Фота аўтара.