иcтoчник: bobruisk-rik.gov.by

Сям´я - гэта сем я.

15 мая - Дзень сям´і. Для Алы і Андрэя Хандзецкіх з пасёлка Рэдкі Рог гэта не крылаты выраз, а штодзённая рэальнасць. Імёны іх ды пяцёра сыноў: Косця, Улад, Валера, Глеб, Марк, уперамешку і па-асобку, у доме гучаць бясконца, і ніхто не крыўдуе, калі матулі раптам здарыцца пераблытаць. Вокны двухпакаёўкі ў доме па вуліцы Леніна, дзе болей за 15 год кватэруе сям´я (жыллё належыць Андрэевай сястры), выглядаюць дагледжана, што імпануе, дае зразумець - з парадкам тут усё ў парадку.

У Рэдкі Рог мы наведаліся а 17-й гадзіне: хацелася застаць сям´ю ў поўным складзе. Магчымасць такая, як нас папярэдзілі, - толькі ўвечары, калі збіраюцца хто з работы, хто са школы, а хто з дзіцячага садка.

Галава сямейства Андрэй сустрэў нас са старэйшым 13-гадовым Косцем і трохгадовым Глебам (Улад, якому 11-ць, у санаторыі), пакуль жонка з трохмесячным Маркам чакала на прыпынку школьны аўтобус з 6-гадовым Валерам (дашкольная ўстанова і школа знаходзяцца ў суседняй Брожы). Туды ж на працу ездзіць і Андрэй Валер´евіч - займае пасаду лесніка мясцовага лясніцтва ДЛГУ ´Бабруйскі лясгас´. Графік работы ў яго на гадзіну скарочаны, з-за чаго - працоўная субота. Вольнага часу на дзяцей у яго, як кажа, няшмат, асабліва цяпер, калі даводзіцца літаральна штодня бываць на будоўлі ў Туголіцы, дзе для шматдзетнай сям´і ўзводзяць дом. Але ж тыя хвіліны, што выпадаюць, Андрэй Валер´евіч - з дзецьмі. Разам яны не толькі на рыбалцы, на градах (апрацоўваюць два надзелы), у двары, дзе работа заўжды знойдзецца, за рамонтам аўтамабіля.

Сям´я - гэта сем я. Сям´я - гэта сем я.

- Сынамі сваімі задаволены, - з цеплынёй і адначасова гонарам кажа шматдзетны бацька, упэўнена пералічваючы ўзрост кожнага з пяці дзяцей. - Спадзяюся, што вырастуць сумленнымі, працавітымі людзьмі - ва ўсялякім разе мы з жонкай усё для гэтага робім. Матэрыяльна, што і казаць, нялёгка. Нават пры маёй някепскай, здавалася б, зарплаце і жончыных дэкрэтных даводзіцца уключаць рэжым эканоміі. Але ж дзеці ўсе чаканыя, абжываліся імі з усведамленнем сваіх магчымасцяў, іх патрэб, таму спраўляемся і не наракаем. Да таго ж, вялікая падтрымка ад дзяржавы. Як шматдзетнай сям´і, нам вылучылі субсідыю на будаўніцтва дома. На гэтыя ж мэты плануем задзейнічаць сямейны капітал.

- Дзеці і муж - гэта мой сусвет, у іх я гатова растварыцца! - далучаецца да размовы Ала, лагодна пагойдваючы ў вазку маленькага Марка. - Сыны розныя па характары, захапленнях, але ўсе яны - мае памочнікі. Асабліва, вядома ж, старэйшыя. Косця больш любіць хатнія справы: дапамагчы на кухні, пагуляць з малодшымі. Уладзік, наадварот, гарэза і такі маленькі гаспадар! Прынесці дроў, паскладваць паленне - гэта яго.

Як і кожная матуля, Ала Анатольеўна гатова бясконца расказваць пра дзяцей, іх звычкі, гульні, перавагу ў ежы... І самымі цёплымі словамі ўзнагарожвае мужа:

- Ад таты дзеці гатовы не адыходзіць, - з любоўю і павагай да другой палавінкі кажа жанчына, - але і ён дзеля іх на ўсё здольны. Сёлета, рыхтуючыся павіншаваць Глеба з трэцім днём нараджэння, забыліся на рознакаляровыя шары. Калі дзеці паклаліся спаць, разважылі, што падарунак, вядома ж, добра, але найярчэйшае ўражанне свята ў дзіцяці ўсё ж ад шароў. І муж, нягледзячы што позна, паехаў у Бабруйск, дзе крамы яшчэ працавалі.

Рана застаўшыся без матулінай пяшчоты і клопату (маці не стала, калі Але было тры гады), на ўласным вопыце зведаўшы, як балюча - хацець і не мець (акрамя яе, бацька гадаваў яшчэ двух дочак), Ала Анатольеўна імкнецца, каб яе дзеці не мелі ні ў чым патрэбы, і рашуча аберагае сямейнае шчасце. ´За мужа, сыноў не перастаю маліцца і дзякаваць Богу, - кажа субяседніца. - З імі адчуваю сябе па-сапраўднаму шчаслівай, патрэбнай, абароненай. Але ж гэта не значыць, што сыноў толькі пестую, дазваляю ўсё без разбору. Калі ёсць нагода, магу і голас павысіць, пажурыць. Пры гэтым абавязкова разам абмяркуем, чаму атрымалі заўвагу, чаму той ці іншы ўчынак паўтараць нельга.

Будуючы ўласную сям´ю, імкнучыся выхаваць у дзяцей найлепшыя якасці, каб не толькі цяпер, але і ў будучым ганарыцца сынамі, Хандзецкія з павагай і клопатам ставяцца да сваіх бацькоў. З перасяленнем у Туголіцу, якое плануюць на восень, Ала Анатольеўна бачыць станоўчае не толькі ў паляпшэнні ўмоў жылля, але і магчымасці падтрымаць бацьку, які жыве ў пасёлку. Пры гэтым і яна, і муж з вялікай удзячнасцю расказваюць пра неацэнную дапамогу іх сям´і з боку родных і асабліва матулі Андрэя Валер´евіча.

Гаворачы пра сакрэт сямейнага шчасця, мае субяседнікі ўпэўнены, што гэта якраз-такі і не сакрэт - усяго толькі любоў і павага адзін да аднаго, хваляванне адзін за другога, сумесныя інтарэсы і клопаты, пяшчотныя абдымкі дзяцей. Шчырасць іх адносін вызначаецца не словамі (сказаць можна што заўгодна), а справамі: увагай, дапамогай, матэрыяльнай і маральнай падтрымкай. Таму пры ўсіх складанасцях вялікай сям´і, у будучыню героі аповеду глядзяць упэўнена. А наваселле, якое не за гарамі, толькі садзейнічае гэтаму.