иcтoчник: www.tribunapracy.by

Павагу людзей заслужыў

Мікалай Мацвеевіч Іваноў (у лютым адзначыў 70-гадовы юбілей) - з тых, хто ўмацоўваў падмурак гаспадаркі СВК ´Гігант´. Менавіта ўмацоўваў. Бо слава пра калгас, высокія ўраджаі і такія ж удоі, на момант яго прыходу (за старшыню быў Аляксандр Аляксандравіч Сакун) грымела далёка за межамі раёна - ´гігантаўцаў´ ставілі ў прыклад, на іх раўняліся. Амбіцыйным, з мноствам станоўчых ініцыятыў і рашучасцю іх увасобіць прыйшоў да кіраўніцтва ўжо пры ім Міхаіл Пятровіч Левакоў.

- Малады кіраўнік узяў курс на актыўнае абнаўленне сельгастэхнікі, з гадамі стала з´яўляцца высокавытворчая замежная, - расказвае герой аповеду. - І гэта было дальнабачным: моладзь узяла курс на горад - сельгаскалектывы змяншаліся. Сучасная ж тэхніка дазваляла абыходзіцца меньшай колькасцю рук, не губляючы тэмпаў і якасці палявых работ, заахвочвала да земляробчай справы.

Мікалай Мацвеевіч трапіў у тады яшчэ калгас ´Гігант´ пасля заканчэння Жыліцкага сельгастэхнікума, дзе вывучыўся на агранома. Размеркавалі яго ў Бабруйскі раён, а ў дадзеную гаспадарку папрасіўся, каб бліжэй было да бацькоў (родам з вёскі Дварэц Рагачоўшчыны, што ў 12-ці кіламетрах ад Вялікіх Бортнікаў), якія мелі патрэбу ў яго дапамозе. На першае працоўнае месца малады спецыяліст прыехаў не адзін - з другой палавінкай (Алена Піменаўна таксама працавала ў гаспадарцы).

- Больш за год пахадзіў трэцім аграномам - трэба ж было абіцца: пазнаёміцца з людзьмі, гаспадаркай. На які б фронт работ ні пасылалі, ішоў безагаворачна, унікаў у справу, стараўся выканаць яе як найлепш. Прыйшоў у калгас у снежні 1972 года, а ў сярэдзіне красавіка 1975-га мяне ўжо прызначылі начальнікам вытворчага ўчастка №2 у Малых Бортніках. І ў гэтай пасадзе адпрацаваў, нікуды не збочваючы, больш за 30 год, - кажа субяседнік.

´Лёгка не было. Людзей на работу ў сезон прыходзіла і па 180 чалавек, адных трактароў у брыгадзе налічвалася каля

50-ці. Кожнага механізатара трэба было забяспечыць працай, улічваючы і марку трактара, і неадкладнасць справы, і нават характар чалавека. У канцы працоўнага дня ў кожнага прыняць, ацаніць работу і дадзеныя перадаць адказным за улік для налічэння заробку´, - згадвае круг штодзённых абавязкаў Мікалай Мацвеевіч.

Участак №2 - гэта таксама і жывёлагадоўчыя аб´екты. Але тут, па словах героя аповеду, за памочнікаў былі загадчыкі фермаў. І толькі праблемы, якія ім не паддаваліся, вырашаў ён - ці самастойна, ці выносіў на кіраўніцтва. Ды і фермам болей увагі надавалі зімой, калі зямля адпачывала. Асноўныя ж работы яго падначаленыя вялі на палях, з вясны і да позняй восені.

Як знаходзіў падыход да людзей? На гэтае пытанне субяседнік толькі ўсміхаецца:

- З людзьмі нялёгка працаваць: кожнаму не дагодзіш. Але ж калі ў аснове справядлівасць, то любое пытанне вырашальнае. На гэтым работу і будаваў. Атрымлівалася.

Пацвярджэнне таго, як годна спраўляўся субяседнік з даручаным фронтам работ, - ордэн Працоўнай Славы 3-й ступені, медалі ВДНГ, лісты ўдзячнасці і граматы, якіх у сямейным архіве безліч, прэміі і падарункі за паспяховую працу, пашана калектыву і кіраўніцтва. Дый на заробак, як кажа, ніколі не наракаў: кожны ў гаспадарцы атрымліваў па заслугах.

Усяго праз год працы гаспадарка вылучыла маладому спецыялісту жыллё ў Вялікіх Бортніках, там сям´я Івановых жыве дагэтуль. Праўда, цяпер ужо малым складам: сыны вывучыліся і разышліся. Раней, па словах субяседніка, ён сур´ёзна займаўся і хатняй гаспадаркай, на падворку нават дзве каровы меліся - хацелася добра жыць, даць нешта дзецям. Цяпер сыны абыходзяцца без бацькоўскай падтрымкі - самі стараюцца дапамагчы. Старэйшы вось ужо тры гады як з сям´ёй у Амерыцы, малодшы тут, у Бабруйску - прадпрымальнік.

- Цяпер ужо дзеці нам болей дапамагаюць, чым мы ім, - з гордасцю кажа бацька. - Часта прыязджаюць, і ўнукі таксама, а з гэтай эпідэміяй у вёсцы тым болей спакайней.

У брыгадзіра з багатым вопытам, выдатнага арганізатара і гаспадара мы запыталіся і пра тое, што, па яго меркаваннях, у аснове поспехаў сельгасарганізацыі? Адказ асабіста для мяне быў чаканым:

- Стан спраў у гаспадарцы на ўсе сто працэнтаў залежыць ад кіраўніка, яго дасведчанасці, ´гарэння´, арганізатарскіх здольнасцяў. Кіраўнікі ´Гіганта´, з якімі давялося працаваць, былі якраз такімі. Міхаіл Пятровіч Левакоў, пад чыім кіраўніцтвам я брыгадзірстваваў тры дзясяткі год, глядзеў на развіццё гаспадаркі маштабна, захады рабіў на перспектыву і нас, работнікаў, цаніў і паважаў. Я неаднойчы казаў яму: ´Вам трэба не калгасам кіраваць, а ў акадэміі выкладаць´.

... Нашую гутарку з колішнім перадавым начальнікам вытворчага ўчастка №2 у цэнтры аграгарадка перарваў аднавясковец, які, спяшаючыся па справе, не мог не пацікавіцца (пра што, выбачаючыся, сказаў) здароўем Мікалая Мацвеевіча. І ад душы парадаваўся, што ´дзякуй богу´. Шчырасць зацікаўленасці была відавочнай, і мне падумалася - што-што, а павагу людзей Мікалай Мацвеевіч Іваноў дакладна заслужыў. А гэта проста так не даецца.

Алена КАРПЕНКА. Фота аўтара.