иcтoчник: www.tribunapracy.by

Любоў Лебедзева з СВК ´Гігант´ - лепшы жывёлавод раёна.

Пераможца раённага спаборніцтва па сацыяльна-эканамічнаму развіццю за 2020 г. у намінацыі ´Лепшы аператар па адкорме буйной рагатай жывёлы´ Любоў Мікалаеўна Лебедзева, як і большасць людзей сельгасвытворчасці, якія і нарадзіліся, і дарослае жыццё звязалі з вёскай, у размове ад сціпласці губляецца. Маўляў, што пра мяне напішаш - усё адно і тое ж, з дня ў дзень, на працягу дзясяткаў год...

Але ж майстэрства і куецца гадамі. Стаць прафесіяналам, усё роўна ў якой прафесіі ці занятку, - няпростая справа. Дасягаецца не толькі набытым за гады вопытам, але спалучэннем у чалавека якасцяў, здольных задаць вопыту належны, вытворча-эфектыўны накірунак - працавітасцю, адказнасцю, мэтанакіраванасцю, сумленнем. Гэтым прыроджаным і закладзеным бацькоўскім выхаваннем скарбам валодае далёка не кожны. Таму і не кожны выходзіць у перадавікі.

У ´Гігант´ на пачатку 90-х маладая сям´я Лебедзевых прыехала з суседняга Кіраўскага раёна: тут можна было атрымаць працу з нядрэнным заробкам і галоўнае - жыллё. Муж гераіні аповеду, Васіль Аўрамавіч, уладкаваўся жывёлаводам, пасля (працуе і цяпер) трактарыстам-машыністам, сама ж яна і за даярку была, і маленькіх цялятак даглядала, і вось ужо 20 год - за аператара па адкорме на ферме вёскі Бірча. Зрэшты, у гэтым населеным пункце маладой сям´і вылучылі і дом для пражывання. І вось ужо трыццаць год Любоў Мікалаеўна штораніцы і штовечара ідзе на ферму, каб напаіць-накарміць жывёлу, стварыць належныя ўмовы для яе росту, дасягнуць высокіх прывагаў - сваёй працай зрабіць пэўны ўнёсак у агульную справу паляпшэння фінансава-эканамічнага стану гаспадаркі, якой, як лічыць, многім абавязана. Гэтым часам, разам з трымя сяброўкамі па працы, жанчыны абслугоўваюць прыкладна 200 галоў буйной рагатай жывёлы. Сочаць не толькі за рацыёнамі кармлення - на сучасным этапе ручная раздача корму заменена на механізаваную, што, па словах субяседніцы, значна аблегчыла працу жывёлавода - але і за станам яе здароўя, каб своечасова адрэагаваць на праблему.

Дзеці перадавіка вытворчасці таксама звязалі лёс з сельскай гаспадаркай. Дачка вывучылася на агранома, з нядаўняга часу працуе ў суседнім ААТ ´Міхалёўская Ніва´. У СВК ´Гігант´ працуюць зяць і 20-гадовы сын Лебедзевых.

Калі ладзіцца на працы, калі ўсё добра ў дзяцей, калі радуюць усмешкамі ўнукі, гэта і ёсць для яе, як кажа мая субяседніца, найбольшы падарунак і найбольшае шчасце.

Алена КАРПЕНКА. Фота аўтара.