иcтoчник: bobruisk-rik.gov.by

Перамога ў намінацыі ´За лепшыя вынікі вытворча-эканамічнай дзейнасці´ - у ААТ ´Міхалёўская Ніва´.

Для сельгасарганізацыі, якую з сярэдзіны 2019 года ўзначаліла Алена Васільеўна Пацыенка і якая перажыла не лепшыя часы свайго функцыянавання (да 2019 года значылася ў статусе банкрута), - гэта асабліва важна. Доказ таго, што калектыў працаздольны, што няхай і спатыкаючыся, але ´Міхалёўская Ніва´ рухаецца ў правільным накірунку, да страчанай даўняй традыцыі - быць у перадавіках, а людзі ўсведамляюць ступень адказнасці за ўласны і калектыву дабрабыт.

Пералік мер, якія дазволілі сельгасарганізацыі выйсці на лідарства ў намінацыі, Алена Пацыенка пачынае з узмацнення працоўнай і вытворчай дысцыпліны ў калектыве - асновы асноў любой вытворчасці. Апошняе разам з вырашэннем кадравага пытання, трываласцю кармавой базы (гаспадарка актыўна супрацоўнічае з ЗАТ ´Экамол-Агра´ па набыцці камбікармоў, прэміксаў), збалансаванасцю рацыёнаў кармлення жывёлы, праведзенай работай па ўзнаўленні статка за кошт уласна нарошчанага пагалоўя, з укараненнем тэхналагічных патрабаванняў да вытворчасці, сярод якіх і рэгулярнае тэхабслугоўванне даільнага абсталявання - прывяло да станоўчага выніку ў малочнай галіне. У 2020 годзе ўдой малака на рагулю, у параўнанні з папярэднім годам, павялічылі на 1 937 кг да 4 466 кг, фінансава амаль не ўклаўшыся ў гэта (рэнтабельнасць малака без малога 19%), а толькі за кошт выканання тэхрэгламентаў.

- Да рэкамендацый вобласці, раёна пільна прыслухоўваемся і безагаворачна выконваем, а бачачы станоўчы вынік, цікаўнасць да новага толькі ж павялічваецца. Тым болей, што сама я вельмі люблю эксперыментаваць, - дзеліцца Алена Пацыенка.

Упэўнена, з тэмпам росту сярэднесутачных удояў 140%, нарошчваюць жывёлаводы ´Міхалёўскай Нівы´ аб´ёмы вытворчасці таксама і сёлета - патэнцыял гэтага, як лічаць, яшчэ вялікі.

Малако прынесла гаспадарцы палову ад агульнага аб´ёму гадавой выручкі, а гэта, па словах дырэктара, жывыя грошы на штодзённыя патрэбы, якіх асабліва цяпер, з вясной, патрабуецца вельмі шмат. Другую палову выручкі гаспадарка атрымала ад продажу мяса - у дадзеным накірунку таксама прынята нямала мер, і ад рэалізацыі прадукцыі раслінаводства, у тым ліку цукровых буракоў. Пры гэтым кожную капейку, як і дома, перш чым патраціць, дырэктар пралічвае, вылучаючы першаступеннае і найбольш важнае. І ні на хвіліну не пакідае вытворчасць без увагі, што, як лічыць, засяроджвае, арганізуе калектыў.

Павелічэнне эфектыўнасці работы ў жывёлагадоўлі і рацыянальны падыход да гаспадарання далі магчымасць павысіць заробак працаўнікам, набыць новую (у лізінг і за ўласныя сродкі) сельгастэхніку, яшчэ двумя кормараздатчыкамі дапамагла вобласць, за што гаспадарка ім удзячная.

- Да фінансавай самастойнасці нам яшчэ нямала рухацца наперад, - кажа дырэктар Пацыенка. - Але калектыў і сама я надзвычай зацікаўленыя ў гэтым: мы тут жывем, працуем і каму, як не нам, развіваць гаспадарку, якая дае нам магчымасць зарабляць грошы, паляпшаць свой дабрабыт. Вядома ж, пакуль цяжка і вельмі цяжка. Але ж і не адступілі назад, і не стаім на месцы - няхай не два крокі, але адзін зрабілі наперад, а гэта ўжо, лічу, нямала.

Шмат планаў у калектыву на бягучы год. З вялікай увагай падыйшлі да структуры пасяўных плошчаў і вызначэння месцаў сяўбы раслін. Гэтым часам завяршаюць падрыхтоўку сельгастэхнікі да пасяўной, адначасова шукаюць рашэнні шэрагу жывёлагадоўчых патрэб - абсталяваць прафілакторый для маладняку, зрабіць пад´язныя шляхі да хлявоў, сянажных траншэй на малочна-таварных аб´ектах, дзве траншэі пабудаваць, агарадзіць фермы... Планаў, па словах Алены Пацыенка, грамаддзё, і калектыў будзе старацца іх ажыццявіць.

Дарэчы

Тэмп росту валавой вытворчасці прадукцыі за 2020 год, у параўнанні з 2019-м, склаў 143%.

На аднаго працаўніка атрымана валавой прадукцыі 59 тысяч рублёў, выручкі - 47,8 тысяч рублёў. Чысты прыбытак ААТ ´Міхалёўская Ніва´ за 2020 год 149 тысяч рублёў.