иcтoчник: www.tribunapracy.by

Тэхналогіі і яшчэ раз тэхналогіі

У намінацыі ´За павелічэнне вытворчасці рапсу´ пераможцам прызнаны сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў ´Гігант´, кіраўніком якога з нядаўняга часу з´яўляецца Васіль Пятровіч Жук.

У мінулым годзе пад расліну ў гаспадарцы было занята 530 гектараў плошчаў, да ўборкі ж належала толькі 277 га: каля паловы пасеваў знішчыла непагадзь. Але дзякуючы дасягнутаму высокаму ўраджаю (44,6 цэнтнера з гектара ў вазе пасля дапрацоўкі) масланасення атрымалі нават болей (1 236 т), чым у папярэднім годзе (1 106 т), калі пасяўная і ўборачная плошчы складалі паўтысячы гектараў.

Чаму абавязаны ў ´Гіганце´ высокаму ўраджаю рапсу? На гэтае пытанне ў гаспадарцы адказваюць лаканічна - надвор´ю і строгаму падыходу да тэхналогіі вырошчвання культуры. Сярод апошняга - належная апрацоўка глебы пад сяўбу, што стварыла спрыяльныя ўмовы для прарошчвання раслін, аптымальны тэрмін сяўбы, своечасовыя і ў поўным аб´ёме доглядныя мерапрыемствы, у тым ліку прымяненне неабходных мікраэлементаў, мінеральных угнаенняў.

Маючы лінію па перапрацоўцы рапсу, з сабранага ўраджаю ў СВК ´Гігант´ атрымалі алей і жмых для рэалізацыі. Апошні прызначаны таксама для выкарыстання ў якасці складаючай камбікармоў, якія гатуюць на ўласным камбікормавым заводзе для мэт жывёлагадоўлі і продажу.

Алена КАРПЕНКА.